Свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета − 2012”
Ужо больш, чым сто гадоў таму, а менавіта ўлетку 1911 года, у фальварку дробнага шляхціча Вацлава Лычкоўскага адпачываў Максім Багдановіч, чыё жыццё і творчасць даўно сталі ўзорам служэння Бацькаўшчыне і прыкладам для пераймання.
Патрапіць на адпачынак у гэтыя мясціны паэт здолеў дзякуючы запрашэнню завочных сяброў − братоў Антона і Івана Луцкевічаў, якім гаспадар фальварка даводзіўся родным дзядзькам. Таму менавіта тут, на ракуцёўскай зямлі, ужо не першы год музей Максіма Багдановіча збірае на Свята паэзіі і песні прыхільнікаў творчасці паэта, якія праз гады-дзесяцігоддзі сталі шчырымі і адданымі сябрамі музея.
На Беларусі, нібы з жывой крыніцы, чэрпаў Максім Багдановіч паэтычнае натхненне: творчы здабытак гэтых месяцаў − нізкі вершаў “Старая Беларусь” і “Места”, паэмы “У вёсцы” і “Вераніка”, шэраг іншых вершаў, накіды і замалёўкі для будучых шэдеўраў беларускай літаратуры. Але важнейшым для Максіма была радасць ад судакранання з традыцыяй, мовай, людзьмі, прыродай.
Падчас Свята прадастаўляецца магчымасць знаёмства з экспазіцыяй філіяла “Фальварак Ракуцёўшчына”, старажытным лялечным тэатрам батлейка, мастацка-дакументальнай выстаўкай “Геній зямлі беларускай”.Мерапрыемства ладзіцца пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.