«У радаводзе Коласа больш за 380 чалавек!»
— Якуб Колас не раз прыязджаў да нас на Стаўбцоўшчыну, і мы з бацькамі былі ў яго ў Мінску. Я яго называў дзед Костусь, — успамінае Юрый Міхайлавіч. — Ён быў трэцім дзіцем у сям’і, а пасля яго яшчэ дзесяць маці нарадзіла! Праўда, чацвёра з іх памерлі маленькімі, не дажылі да года. А дзевяць жылі доўгі век. І адзін з іх — малодшы Коласаў брат, яго звалі Юзік. І ў паэме «Новая зямля» ён апісаны:
«А гэты Юзік-шаляніца,
Малы яшчэ, зусім дурніца,
Так пад нагамі і таўчэцца
Або, як хвост той, валачэцца
I ад работы адрывае.
I толькі сэрца ад’ядае».
Дык вось гэты Юзік — мой родны дзед. А яго сын — мой бацька Міхась — жыў у Мікалаеўшчыне, мы ўсе адтуль. Я нарадзіўся ў Смольні, дзе Купала з Коласам сустракаўся!
— Куды раскідаў лёс родных Коласа?
— Частка родзічаў выехала са Стаўбцоўшчыны. Напрыклад, старэйшы брат Коласа Алесь жыў у Горлаўцы ва Украіне, працаваў на чыгунцы. І Алена Міхайлаўна — сястра Якуба Коласа — выйшла замуж і таксама жыла ва Украіне, у Горлаўцы.
А астатнія родзічы жылі тут, у тым ліку мой дзед Юзік, працавалі на зямлі. А ўжо мой бацька Міхаіл настаўнічаў у школе. Калі тут толькі ствараўся калгас «Радзіма Якуба Коласа», дзеда Юзіка, як добрага гаспадара ды яшчэ і брата Якуба Коласа, выбралі першым старшынёй. І яму гэта ледзьве не вылезла бокам! У той час маглі пасадзіць яго ў турму.
— У чым справа? Што такое здарылася?
— Сабралі ў калгасе добры ўраджай, а тады за працадні нічога не плацілі. І неабходнае калгаснікі здалі дзяржаве, а астатняе падзялілі. І вось дзеда пачалі цягаць па следствах. І каб не Колас, пасадзілі б. Ён дапамог. Выратаваў. Колас жа дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, БССР, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук, народны паэт Беларусі. Вядома, яго слова было важкае.
У пасляваенныя гады калгас «Радзіма Якуба Коласа» толькі станавіўся на ногі, і Колас дабіўся, каб далі грузавік на гаспадарку, тады ж не было нідзе машын. Дапамагаў і насенне дастаць — не хапала.
Калі ў Акінчыцах 130 гадоў назад нарадзіўся Колас, тут было ўсяго 9 хатак. Вось і ўся вёсачка! І далей да чыгуначнага пераезда нічога не было. Балота, лес. А цяпер населены пункт разросся. Тут пабудавалі вялікі пасёлак перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. І Акінчыцы ўвайшлі ў рысу горада, сталі мікрараёнам Стоўбцаў.
— Юрый Міхайлавіч, як склаўся ваш лёс?
— Я пяць гадоў быў настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры. Скончыў філфак БДУ у Мінску. Па размеркаванні працаваў настаўнікам на Пружаншчыне. Потым у армію забралі, паслужыў. Зноў вярнуўся на Пружаншчыну. А пасля тут у нас на Стаўбцоўшчыне арганізавалася турыстычная база «Высокі бераг», куды мяне запрасілі. Я там працаваў 10 гадоў старшым інструктарам, распрацоўваў маршруты па Коласаўскіх мясцінах, водныя паходы па Нёмане, паездкі і экскурсіі ў Мір, Навагрудак, Мінск. Многа прыйшлося папрацаваць экскурсаводам. Кіраваў групай інструктараў, адным словам, быў намеснікам дырэктара па ідэалагічнай і навуковай рабоце.
Я нават быў старшынёй сельскага Савета ў Мікалаеўшчыне. Ну а паколькі арганізаваўся мясцовы музей Якуба Коласа, перайшоў сюды. І з таго часу тут працую.
У мяне двое дзяцей. Дачка Анжэла — выкладчык ва ўніверсітэце культуры ў Мінску. Абараніла кандыдацкую. А сын Андрэй працуе фізруком у гімназіі ў Стоўбцах. Скончыў акадэмію фізкультуры.
— Ці ёсць кантакты ў вас са сваякамі?
— Вядома.
— А вялікі род у Коласа?
— Вялізны! У нас складзены радавод Якуба Коласа, дык там больш за 380 чалавек! Гэта і браты, і сёстры класіка, іх дзеці — пляменнікі Коласа, затым унукі і гэтак далей. Ад Данілы Канстанцінавіча, першага сына Коласа, яго ўжо няма, засталіся трое дзяцей. Яны жывуць у Беларусі. Займаюцца хто чым, нават бізнесам. Адзін час Вера Данілаўна працавала ў нас у музеі.
А ў Міхася Канстанцінавіча — малодшага сына Коласа — дзеці Сяргей, Маша, Косцік. Яны маюць ужо сваіх дзяцей. Маша — старэйшая — матаецца па свеце. Усё наладжвае культурныя сувязі з замежжам, працуе ў выдавецтве. Астатнія — хто дзе.
Калі праводзяцца юбілеі Коласа, дык, вядома, яны з’язджаюцца сюды. На 130-годдзе будуць усе.
— Ці часта Колас бываў на малой радзіме?
— Колас сюды прыязджаў да майго дзеда, да сваіх дзвюх сясцёр, якія жылі ў Мікалаеўшчыне. У Акінчыцах жыў старэйшы брат Коласа — Уладзя.
Колас наведваўся па розных справах. Ён жа яшчэ займаўся будаўніцтвам школы ў Мікалаеўшчыне, якая носіць яго імя. Не хапала матэрыялаў. Грошы свае аддаваў, ганарары. Прывозіў сюды інжынераў, планіроўшчыкаў. Будавалі школу палонныя немцы. Я гэта добра памятаю…
І цяпер працуе пры школе літаратурнае аб’яднанне «Маладыя каласкі». Яны пішуць вершы. Выйшлі з гэтай школы такія нашы вядомыя пісьменнікі, як Алесь Рыбак, Мікола Маляўка, Алесь Камароўскі, Яўген Хвалей. Цэлая плеяда!
— Помніце, як першы раз убачылі пісьменніка?
— Гэта было ў 1947 годзе. Калі ён прыязджаў да нас на хутар Смольня. Там жылі мой дзед Юзік, мая маці. Вялікая была сям’я! Мне было чатыры гады. І я ведаў на памяць яго вершаванае апавяданне «Савось-распуснік». Мяне паставілі на табурэцік, і я прачытаў гэты вялікі верш. Помню, што Колас мяне абняў, дастаў і даў мне две доўгія соценныя паперы. Гэта былі вялікія грошы!
А потым ён прыязджаў у 1949 годзе. Тады сабралася ўся радня, абедалі за сталом. А я ўпершыню пакатаўся на машыне, бо Колас быў з шаферам на легкавым аўтамабілі кававага колеру. Невялічкая машынка. Але гэта было для мяне цудам. Ды яшчэ шафёр пасадзіў мяне на пярэднім сядзенні. І мы ездзілі па навакольных дарогах. Ды не толькі мяне пакаталі, але і дваюраднага брата, унука Міхаліны — сястры Коласа.
Пасля былі прыезды пісьменніка ў 1950, 1952 гадах. А апошні раз Колас прыехаў у Мікалаеўшчыну ў 1956 годзе па справах агароджы могілак, дзе пахаваныя яго продкі. Ён прыязджаў праведаць магілу бацькі, маці. Дабіўся выдзялення сродкаў на агароджу, сам дапамагаў, бо скаціна «таўклася» па магілах: авечкі, каровы...
Гэта было вясной. А ў жніўні яго не стала.
Запомнілася таксама, што ў апошнія гады у яго моцна балелі рукі, ён шмат хварэў, многа лячыўся. Сэрца было слабае. Вялікія ж удары нанесла вайна. І сын сярэдні, Юрка, загінуў на вайне. Памерла жонка Марыя Дзмітрыеўна, якую ён кахаў…
Ніякія лекі Коласу не дапамагалі. Ручку нават трымаць было цяжка. Недзе дачуўся, знахары сказалі, што трэба з роднай зямлі, адкуль увесь род, набраць з балота гразі. Грэць яе ў вядры, парыць рукі, каб не балелі суставы.
Тады была ў яго вялікая машына — «ЗІЛ». Паехалі на тое балота, і машына загрузла. Што ні рабілі, народ сабраўся — паўвёскі мікалаеўцаў, цягалі, пхалі тую машыну. Яшчэ горш закапалі. Рашылі пайсці ўзяць каня ў лесніка, упрэглі яго. Колас сам узяў лейцы ў рукі. Паляпаў жывёлу па спіне: «Но, Малы!» І конь адзін лёгка выцягнуў «ЗІЛ»!
Такія мае асабістыя сустрэчы з Якубам Коласам.
Калі ён памёр, на пахаванне мяне не ўзялі. Была выдзелена машына з райвыканкама, вядома, паехаў мой дзед Юзік.
— Юрый Міхайлавіч, якім чалавекам быў Колас, якім ён вам падаўся?
— Звычайны дзед, звычайны чалавек. Вядома, мясцовыя ведалі, хто такі Колас, чыталі яго творы і вывучалі ў школе.
Дарэчы, мой дзед Юзік працаваў увесь век на зямлі і ніколі не вучыўся. А потым раптам, калі пайшоў на пенсію, вывучыў на памяць усю «Новую зямлю»! Цудоўна яе чытаў, ад яго і я навучыўся. На 90 працэнтаў ведаю паэму! Ён расказваў яе пры любых выпадках і экскурсіі вадзіў, калі я яшчэ ў школе вучыўся. Тады не было ніякага музея, а людзі прыходзілі на сядзібу. Там жа ў 1912 годзе ён сустрэўся ўпершыню з Янкам Купалам. Дзед быў няштатны экскурсавод. А потым адчыніўся музей, і ён стаў штатным супрацоўнікам, пакуль мог, пакуль былі сілы.
— Ці доўга гасцяваў тут Якуб Колас?
— Калі прыязджаў, то доўга не затрымліваўся, звычайна дзень, ад сілы два. Пераначуе ў каго-небудзь з родзічаў. У нас была вялікая сям’я ў Смольні, многа жыло людзей, тры сям’і ў невялікай хаце. Дык ён спыняўся ў пляменніка — Уладзіміра Іванавіча. Жонка яго — Жэня, старэнькая яна ўжо. У дырэктара Мікалаеўшчынскай школы — свайго дзядзькі Ігнація Юр’евіча Міцкевіча — начаваў. Яны сябравалі, былі амаль аднагодкі.
Ігнацій Юр’евіч цяжка захварэў, дык Якуб Колас нават прысылаў санітарны самалёт, невялічкі такі кукурузнік. Не было ж ніякага аэрадрома, дык той на беразе Нёмана, на лузе, сеў. Ігнація Юр’евіча адправілі ў Мінск, але не вылечылі…
А калі Колас быў малады, працаваў настаўнікам, то прыязджаў сюды часта.
У Смольні пабудаваліся ў 1910 годзе, пасля таго як сяло Мікалаеўшчына выгарэла ў вялікім пажары. Усіх 300 двароў не стала. І пасля смерці бацькі — Міхала Казіміравіча — маці Коласа, дзядзька Антось, браты і сёстры пабудаваліся на хутарку, непадалеку ад вёскі Мікалаеўшчына, на беразе Нёмана. Так Колас не бачыў ні пажару, ні будаўніцтва. Як раз ён сядзеў у Мінскім астрозе. За арганізацыю нелегальнага з’езда настаўнікаў. Яго на тры гады пасадзілі ў вядомы Пішчалаўскі замак.
І калі выйшаў з турмы, на новай сядзібе было пуста, дрэвы не раслі, толькі вакол балота, лес, Нёман. А Колас не любіў пустэчы. Яму лес быў асновай усяго, бо ў ім дзяцінства і юнацтва прайшлі. Ён іх апяваў у вершах, песнях, паэмах. Дык Колас пачаў саджаць дрэвы. Пайшоў у лес, выкапаў шэсць ліп, праўда, адна потым засохла. Пасадзіў дрэўцы. Яны і цяпер растуць.
Але Коласу доўга не давялося пабыць з роднымі. Пасля турмы не бралі ў школу на працу. А ў яго быў сябар па семінарыі Філіповіч, які яму знайшоў платных вучняў. І Колас паехаў у Лунінец.
А пасля Колас напісаў Купалу ліст, яны не бачыліся ніколі, і запрасіў у госці. І Купала прыехаў. Колас падрабязна яму апісваў: «Прыедзеш у Стоўбцы, не пашкадуй два рублі, заплаці рамізніку, і ён цябе прывязе». Тут былі глухія Радзівілаўскія лясы, не было шасэйных, а толькі лясныя сцежкі-дарогі. А Купала пашкадаваў два рублі, на гэтыя грошы можна было купіць дзве пляшкі гарэлкі. Ён іх і купіў. З пустымі рукамі ў госці не ішоў.
Купала вырашыў пайсці пехатой. Заблудзіўся. Ішоў-ішоў, ужо сцямнела, ногі намуляў, зняў новыя чаравікі, якія ён толькі што купіў, на кіёчак павесіў і, памешваючы нагамі гразь, успомніў: Колас пісаў у лісце, што хата стаіць у Смольні на беразе Нёмана. Справа пацягнула туманам, халадком, значыць, дзесьці тут рака. Звярнуў — і як раз выйшаў на хутар.
А Коласа дома не аказалася, быў у гасцях у Мікалаеўшчыне. На канікулы туды з’язджалася каля 30 настаўнікаў — выхадцаў з вёскі. Збіраўся цэлы гурт.
Паколькі прыехаў госць, сястра Коласа пабегла ў Мікалаеўшчыну, адшукала брата. Той паспяшаўся дадому. Так і адбылася першая сустрэча будучых класікаў беларускай літаратуры. Начавалі на сене ў вялізным гумне. Гутарылі доўга.
Купала пераначаваў, паснедалі, пакупаліся ў Нёмане. Колас завёў Купалу да сяброў. Пасля пайшлі ў мястэчка Новы Свержань, там таксама ў Коласа былі сябры — настаўнікі. Зайшлі да знаёмага ксяндза, частаваліся там добра. Пайшлі да маладых настаўніц. Яшчэ і Колас, і Купала былі нежанатыя. Там іх таксама добра пачаставалі. І потым Колас правёў Купалу на станцыю Стоўбцы, пасадзіў на цягнік, і Купала паехаў да матулі. А Колас вярнуўся дамоў. Такая была першая сустрэча…
Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»
Фота аўтара
(Працяг будзе.)