Купалаўскія паралелі «Пеўчага поля» і Вязынкі

Источник материала:  
А 7 ліпеня ў «Вязынцы» ў Маладзечанскім раёне грымела Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…»

Фестываль у Мядзелі пачынаўся ў 1952-м. Раз у два гады ён збірае на Мядзельшчыне аматараў беларускай песні. У гэтым годзе фестывалю прысвоены статус рэспубліканскага. Традыцыйна госцем фестывалю быў Нацыянальны акадэмічны дзяржаўны народны хор Беларусі імя Цітовіча. Мастацкі кіраўнік хору, народны артыст Рэспублікі Беларусь прафесар Міхаіл Дрынеўскі ўзначальвае журы конкурсу.

…Песні на словы беларускіх класікаў прагучалі на канцэртных пляцоўках Мядзельскага раёна ў выкананні лепшых акадэмічных і народных харавых калектываў, музычных школ і школ мастацтваў. Акрамя таго, сваю творчасць удзельнікам свята падаравалі аматарскія калектывы вакальна-харавога жанру з розных абласцей рэспублікі, а таксама блізкага замежжа — Расіі і Украіны.

Акрамя насычанай канцэртнай праграмы, наведвальнікаў фестывалю чакала яркае тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў мерапрыемства і выстава-кірмаш вырабаў народных майстроў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей, феерверк, дыскатэка.

— У конкурсе прымалі ўдзел калектывы, якія носяць званні заслужаны альбо народны, — распавяла «БН» Раіса Вайцяхоўская, дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. — Гран-пры атрымаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны хор «Крыніца» Столінскага ГДК. Яго кіраўнік — Алена Аўсянік. Першае месца сярод народных хораў — у народнага хора Морацкага СДК Клецкага раёна. Кіраўнік — Яўгенія Піліпеня. Яна — заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, уладальнік медаля Францыска Скарыны. Трэба адзначыць, што ў названага калектыву — вялікія традыцыі, ён працуе ўжо 55 гадоў. Другое месца сярод народных хораў — у народнага хора Старасвержанскага Цэнтра культуры Стаўбцоўскага раёна «Нёман». Кіраўнік у калектыва малады, але таленавіты — Вольга Шыбко.  Трэцяе месца — у народнага хора народнай песні «Вясна» КУЖРЭП Першамайскага раёна Віцебска. Кіраўнік — Аляксандр Бардулёў. Першае месца сярод вакальных ансамбляў — у народнага ансамбля народнай песні «Мілавіца» Прылуцкага цэнтра народнай творчасці Мінскага раёна. Кіраўнік Леанід Ваўчок, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь. Другое месца — у народнага гурта народнай песні «Любанія» Любанскага адукацыйна-культурнага цэнтра Вілейскага раёна, які ўзначальвае Андрэй Дударчык. Трэцяе — у народнага ансамбля песні «Бурштын» Кобрынскага Палаца культуры. Кіраўнік — Таццяна Таталіна. У іншых намінацыях адзначаны прадстаўнікі Расіі, Украіны, Гомельскай і Гродзенскай абласцей. Вядома, калектывы выконвалі песні на творы класікаў, юбілеі якіх адзначаюць у гэтым годзе.

— Ну а наперадзе — чарговы фестываль. Будзем пашыраць яго межы і запрашаць да ўдзелу іншыя краіны: Польшчу, Літву і г.д. І праводзіць конкурсы не толькі сярод народных хароў і народных вакальных ансамбляў, але і народных акадэмічных хароў. Будзем запрашаць узорныя дзіцячыя харавыя калектывы, — дапоўніла Раіса Вайцяхоўская. — А яшчэ падчас фестывалю ў Мядзелі адбыўся цікавы «круглы стол» на тэму сучаснага стану і далейшага развіцця харавога мастацтва. Дарэчы, нам вельмі прыемна, што народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч выступала на адкрыцці фестывалю «Пеўчае поле».  Быў у нас і намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі.

МІЖ іншым, і ЗАХАРЭВІЧ, і СТРУЖЭЦКІ трапілі на свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі...» у Вязынку. Марыя Георгіеўна чытала ўрывак з твора Купалы на галоўнай сцэне. Сярод гасцей былі Павел ЛАТУШКА, міністр культуры Рэспублікі Беларусь, і Анатоль ТОЗІК, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі. І ніякая спёка не парушыла планы многіх людзей, якія 7 ліпеня прыехалі ў Вязынку, каб ушанаваць народнага паэта Беларусі Янку Купалу, паслухаць цудоўныя канцэрты ў выкананні знакамітых артыстаў і калектываў, адпачыць душой і парадавацца за нашу Беларусь.

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

←...И поплыли по мерцающей глади Днепра венки из васильков и ромашек

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика