ЕЎРАПЕЙСКІЯ ВАНДРОЎКІ
Тыя, хто на выходныя аддае перавагу не толькі асабістаму лецішчу, але і вандроўкам па Беларусі, былі ўзрадаваны іх (праз кароткі тэрмін «зацішша») аднаўленнем. І адразу заўважылі, што крыху змяніўся фармат і назва. Пра тое, чаму гэта адбылося, нашай газеце расказвае старшыня Мінскай гарадской арганізацыі руху «За свабоду» Юрась Меляшкевіч.
— Чаму змяніўся фармат? Колькі будзе такіх вандровак?
— Усяго «Вандровак у Еўропу» будзе пяць.
Ідэя паўстала з таго, што год таму мы арганізавалі «Еўрапейскі клуб». Яна была вельмі простай. Праз клуб мы хацелі як мага большаму колу людзей данесці інфармацыю пра тое, што Беларусь — гэта краіна, якая мае ўсе шансы зноў стаць Еўропай. Падобныя памкненні цалкам лагічныя, бо жывем у краіне, якая мае еўрапейскую спадчыну.
У мінулым годзе мы рабілі акцэнт на тым, каб распавядаць пра адукацыю, падарожжы па Еўразвязу, пра магчымасці на Захадзе рэалізоўвацца ў творчым плане...
— Наколькі я ведаю, «Еўрапейскія клубы» — агульнабеларуская сетка?
— Так. Яны ёсць у кожным абласным цэнтры. Зараз праводзім іх і ў райцэнтрах. Напрыклад, ёсць планы стварыць «Еўрапейскі клуб» у Лунінцы. Нядаўна я там быў. У прынцыпе, мы едзем туды, дзе з’яўляецца падобная зацікаўленасць. Едзем і дапамагаем зарганізавацца.
«Еўрапейскія клубы» ладзяць розныя імпрэзы, вечарыны, творчыя сустрэчы.
Ідэя падарожжаў узнікла перш за ўсё таму, што ў нас ёсць цудоўны «экскурсавод» (хай даруе такі тэрмін старшыня Рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры) Антон Астаповіч, з якім мы шмат размаўлялі пра гістарычныя перспектывы Беларусі і нашу еўрапейскую рэтраспектыву. Ён вельмі пераканаўча тлумачыць, што Беларусь — таксама Еўропа. У яго мінулае настолькі арганічна спалучаецца з нашай постсавецкай рэчаіснасцю, што калі гэта культываваць у людзях, то любы чалавек прыйдзе да высновы: Беларусь — гэта арганічная частка Еўропы.
Нашы вандроўкі адбываюцца ў вельмі добры сезон — летні. Зроблена гэта для таго, каб людзям было больш камфортна. У інфармацыйным плане — цішыня. Час адпачынкаў. Мы хочам адпавядаць гэтаму часу, і даваць людзям магчымасць карысна праводзіць гэты час, як кажуць, у «летнім рэжыме».
Яшчэ раз падкрэсліваю, гэтыя вандроўкі ладзяцца для таго, каб людзі больш ведалі пра краіну, пра яе еўрапейскае мінулае і тое, што засталося зараз.
— І якія вандроўкі пройдуць у межах гэтага праекту?
— Дзве ўжо адбыліся. Першая называлася «Падарожжа ў Еўропу». Аматары падарожжаў наведалі сядзібна-паркавы комплекс Пуслоўскіх у Альбярціне, старадаўні горад Слонім, які атрымаў развіццё пры Сапегах і дасягнуў росквіту пры Агінскіх, храм-крэпасць у Сынкавічах, рэзідэнцыю Сапегаў і гістарычную забудову ў Ружанах, палац Пуслоўскіх і сядзібны дом Касцюшкаў у Мерачоўшчыне, што побач з Косава.
Другая праходзіла па гістарычнай Дзісеншчыне (з заездам у Глыбокае). Гэта паўночная частка Беларусі.
У сярэдзіне ліпеня адбудзецца вандроўка ў Гародню. Некалі гэта была адна са сталіцаў Вялікага княства літоўскага. Горад еўрапейскага мінулага Беларусі. Горад, вельмі багаты на гістарычныя помнікі. Адным з «экскурсаводаў» там будзе спадар Мілінкевіч. У той час Аляксандр Уладзіміравіч плануе адпачываць у Берштах (там месціцца яго бацькоўская хата) і спецыяльна прыедзе ў Гародню, каб правесці тымі шляхамі, дзе ён асабліва любіць хадзіць сам. Адной з кропак гэтай вандроўкі будзе гадзіннікавая вежа ў касцёле. Там знаходзіцца гадзіннік канца XVI стагоддзя. Некалі менавіта Мілінкевіч займаўся яго рэстаўрацыяй і лічыць гэты гадзіннік самым старэйшым у Еўропе.
Дзве астатнія вандроўкі таксама вельмі цікавыя.
Адна з іх пройдзе па Астравеччыне. Але «хітом» там будзе не будоўля атамнай станцыі, а прыгажосці, накшталт касцёла ў Гервятах.
Спадзяюся, што другая адбудзецца на ўсход Беларусі, і мы зможам заехаць у Бабруйск. А па дарозе да Магілёва будзе магчымасць паглядзець палацы, якія зараз рэканструююцца. Гэта вандроўка павінна сімвалізаваць, што ўсходняя Беларусь не менш еўрапейская, чым Заходняя.
— Няцяжка палічыць, што ў жніўні вашы вандроўкі скончацца. Што далей?
— Па іх выніках мы плануем правесці «круглы стол», які будзе прысвечаны архітэктурным і гістарычным акалічнасцям беларускай еўрапейскасці. У бліжэйшы час абвесцім конкурс эсэ сярод моладзі, якая цікавіцца гэтай тэмай. У якасці прыза будзе магчымасць далучыцца да нашых экскурсій, скажам так, «па абанементу». Само сабой, будуць і «падаруначныя» прызы, з якімі нам дапаможа прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі — наборы (майкі, торбы і г.д.) з сімволікай Еўразвяза.
Калі скончыцца «летні сезон» і надвор’е пагоршыцца, будзем працягваць падобныя мерапрыемствы ў «клубным фармаце» — прэзентацыі, вечарыны, «круглыя сталы» адпаведнай тэматыкі. Прыярытэт будзе аддадзены адукацыйным мерапрыемствам.
Спадзяюся, у новым сезоне вандроўкі адродзяцца, і мы зноў паедзем у еўрапейскія падарожжы па Беларусі.
Аляксандр ТАМКОВІЧ