"Тэатральны куфар-2012". Душэўны фестываль
01.07.2012 13:37
—
Новости Культуры
“Тэатральны куфар-2012”. Душэўны фестываль
Пачатак ліпеня для Мінска стане фестывальна-тэатральным. У дзявяты раз адбудзецца Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны Куфар”.
2 ліпеня ў 19 гадзінаў ў Палацы прафсаюзаў адбудзецца адкрыццё фестываля. Яго распачне спектакль “Сям’я” кітайскага тэатра. Беларусы даведаюцца пра жыццё забяспечанай кітайскай сям’і. Падзеі адбываюцца 70 гадоў таму. Пастаноўка адбудзецца на кітайскай мове з англійскімі субтытрамі. Гэта сталая традыцыя: спектаклі ідуць на нацыянальных мовах. Такім чынам арганізатары падкрэсліваюць унікальнасць кожнай нацыі і мовы. Сёлета некаторыя спектаклі будуць паказаныя на ангельскай мове, альбо будуць суправаджацца субтытрамі.
За пяць тэатральных дзён гледачы азнаёмяцца з творчасцю студэнцкіх тэатраў ЗША, Уругвая, Філіпінаў, Францыі, Літвы, Грузіі, Расіі, Украіны і, канечне, Беларусі. Агулам на суд гледачоў і прафесіяналаў будзе прадстаўлена 13 пастановак з 11 краін. Два спектаклі пройдуць пазаконкурсна. Гэта беларускі спектакль “Без назвы” і грузінскі “Планета попелу”. Яны пройдуць у межах праекта "По ком звонит колокол…", што прымеркаваны да Дня Незалежнасці Беларусі. Акторы будуць граць на двух пляцоўках: на сцэне Палаца прафсаюзаў ды ў Ліцэі БДУ.
Дырэктар фестываля Кацярына Саладуха адзначыла, што ўдзельнікі “Тэатральнага куфара” былі адабраныя з ліку 70 заявак ад студэнцкіх тэатраў. Таксама яна паведаміла, што сёлетні фестываль будзе вельмі душэўным: “На гэтым мерапрыемстве акцёры-студэнты размаўляюць па душах з гледачамі-студэнтамі. Яны могуць не заўжды вербальна разумець адно аднога, але ж паразумецца нацыянальна”.
Беларусь на фестывалі прадставяць тры спектаклі.
2 ліпеня ў 21.00 на сцэне Ліцэя БДУ пройдзе пастаноўка “Весь гэты джаз” тэатра-студыі “На філфаку” БДУ.
3 ліпеня ў 12.00 там жа будзе паказаны спектакль “Без назвы”, які падрыхтавалі акцёры эксперыментальнай лабаратопыі “Тэатральны квадрат” БДУ.
4 ліпеня ў 19.00 у Доме культуры прафсаюзаў гледачы ўбачаць “Колы” тэатра “На балконе” БДУ. Апошнія два спектаклі ідуць на беларускай мове.
Расклад спектакляў-гасцей фестываля
2 ліпеня
19.30. Спектакль “Сям’я”, Цэнтральная акадэмія драмы, Кітай. ДК Прафсаюзаў.
3 ліпеня
14.30. Спектакль “Планета попел”, Тэатр Універсітэта Ільі пры падтрымцы Батумскага тэатра юнага гледача, Грузія. Ліцэй БДУ.
19.00. Спектакль “Паразмаўляй са мной”, творчая даследчая лабараторыя “IACE”, Універсітэт штата Нью-Ёрк, г.Буффало, ЗША. ДК Прафсаюзаў.
21.00. Спектакль “Злачынства і пакаранне”, тэатр г.Пайсанду, Уругвай. Ліцэй БДУ.
4 ліпеня
21.00. Спектакль “Містэрыя кахання”, студэнцкі тэатр “ГаРмЫдЭр”, Украіна. Ліцэй БДУ.
22.30. Вечар “Куфар збірае сяброў”. Прадстаўленне нацыянальных традыцый. Ліцэй БДУ, унутраны двор.
5 ліпеня
19.00. Спектакль “Гамлет, альбо Тры хлопчыкi і Адна дзяўчынка”, тэатр-лабараторыя “Alma Alter” Сафійскага ўніверсітэта, Балгарыя. Ліцэй БДУ.
20.00. Спектакль “Музей”, тэатр-студыя “INSA Lyon” Нацыянальнага інстытута прыкладнога мастацтва г.Ліон, Францыя. ДК Прафсаюзаў.
22:30. Спектакль “Вечар з Чэхавым”, тэатр “PS09”, Універсітэт прыкладных навук, Літва. Ліцэй БДУ.
6 ліпеня
19.00. Спектакль “Чыстае каханне”, тэатр Універсітэта Атэнео, Філіпіны. ДК Прафсаюзаў.