Гэта мы. Наш Васіль Быкаў
19.06.2012 00:35
—
Новости Культуры
Гэта мы. Наш Васіль Быкаў
![Гэта мы. Наш Васіль Быкаў](http://www.21.by/pub/news/2012/06/1340060401809724.jpg)
Фота: Bymedia.net
"Трэцяя ракета", "Мёртвым не баліць", "Сотнікаў", "Знак бяды", "Кар'ер", "Аблава", "Пакахай мяне, салдацік", "Ваўчыная яма", "Жоўценькі пясочак", "Балота"... Васіль Быкаў увесь час хацеў паказаць праўду - праўду вайны, праўду паводзінаў чалавека на вайне. Яго героі перад тварам смерці думаюць пра сваё жыццё, бачачы ўвесь абсурд яго сканчэння, і шукаюць адказ на пытанне "чаму?".
Пятрок і Сцепаніда са "Знака бяды", якія абараняюць сваю годнасць; і Сушчэня з аповесці "У тумане", якога абвінавачваюць у супрацоўніцтве з акупантамі; і героі нашага часу ў з аповесці "Ваўчыная яма" - салдат-дызерцір і бомж, якія паміраюць у чарнобыльскім лесе... У кожным творы Васіля Быкава - асобная жыццёвая гісторыя, чалавек у крытычных умовах перад складаным маральным выбарам, сам насам з сабой, перад тварам смерці.
Магчыма, таму яго творы так балюча чытаць і таму немагчыма спыніцца, не даведаўшыся гэтай праўды.
Васіль Быкаў - наш нацыянальны скарб, выбітная асоба ў духоўным жыцці краіны. Яго творы трэба перакладаць на ўсе мовы свету, расказваць пра яго турыстам, вывучаць у школах, каб не забывацца на ўрокі мінулага.
Як пісаў літаратуразнаўца Міхась Тычына, "у нас ёсць Быкаў, і значыцца ёсць падставы для таго, каб ганарыцца сваёй Беларуссю. Быкаў ратуе нас ад прыніжэння і ганьбы, у якой мы сядзім, як у ваўчынай яме, саромеючыся, і небеспадстаўна, называцца ў цывілізаваным свеце, што мы беларусы".
Сёлета фільм-экранізацыя аповесці Быкава "У тумане" рэжысёра Сяргея Лазніцы ўдзельнічаў у асноўным конкурсе Канскага кінафестываля. Фільм атрымаў прыз міжнароднай федэрацыі кінакрытыкі FIPRESCI, а таксама гран-пры шостага міжнароднага кінафестываля імя Таркоўскага "Люстэрка".
Ці гэта не жыццё творчасці геніяльнага пісьменніка?..