Як Дранько-Майсюк з Акудовічам жыў

Источник материала:  
12.06.2012 23:33 — Новости Культуры

Як Дранько-Майсюк з Акудовічам жыў

  • Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота аўтара, TUT.BY

           


Прэзентацыя пятнаццатай па ліку кнігі аднаго з самых вядомых і любімых беларускіх пісьменнікаў Леаніда Дранько-Майсюка прайшла ў жартаўлівай, цёплай атмасферы. Гучалі вершы, згадваліся шматлікія байкі, вясёлыя выпадкі з пісьменніцкага жыцця, гучалі віншаванні, паціскаліся далоні, раздаваліся пацалункі. Было месца і літаратурным містыфікацыям, на якія Леанід Дранько-Майсюк – вялікі мастак. “Кніга для спадарыні Эл” – менавіта так называецца новы зборнік, у якім паэзія, проза ды п’еса.

 Як Дранько-Майсюк з Акудовічам жыў
 
Пачынаючы вечар, Леанід Васільевіч зазначыў, што калі выйшла кніга, ён наагул не хацеў рабіць ніякай прэзентацыі. Але паэт Эдуард Акулін задаў яму простае пытанне: “А са сваімі сустрэцца?” Вечар, як і чакаў аўтар новай кнігі, сталася сустрэчай сваіх, тых, хто любіць беларускае слова і беларускую паэзію. А іх – шмат. Вялікая зала Музею гісторыі беларускай літаратуры ледзьве змагла змясціць усіх ахвотных. Людзей усё большала і большала. Выступоўцы гаварылі і гаварылі праўдзівыя словы пра “юбіляра” Дранько-Майсюка.
 
Пісьменнік выявіў сябе добрым дыпламатам: людзі ад літаратуры, якія выходзілі на сцэну, былі размеркаваныя вядучым і віноўнікам вечара строга “па рангах”. Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, які “піша лепей за чужых і за сваіх - таксама”, зазначыў, што Леанід Дранько-Майсюк чытае свае кнігі як чужыя, а чужыя як свае. Аб тым, што Леанід Васільевіч – выдатны, надзвычай таленавіты чытач і слухач, гаварылася не аднойчы. “Мы разам аб’ехалі ўсю Беларусь з выступамі, і я бачу, як яго прымаюць. Людзі ўсіх узростаў ведаюць яго творы. Нават дзеці падхопліваюць вершы, цытуюць іх на памяць!” – падзяліўся з прысутнымі Барыс Пятровіч.

 Як Дранько-Майсюк з Акудовічам жыў
 
Першы намеснік старшыні СБП Алесь Пашкевіч вырашыў крыху сапсаваць бочку мёду, з якой частаваў Леанід Дранько-Майсюк усіх прысутных. “Кніга выйшла не за месяц, як раней сказаў нам аўтар. Яна рыхтавалася цягам шасці гадоў! Гэта плён працы пісьменніка за гэты час. Я хачу вам прызнацца, што Леанід Васільевіч – найвытанчаны эстэт, гэта чалавек-літаратурная акадэмія. Ён разбіраецца не толькі ў спадарынях і дзяўчатах, але і ў ландшафтах, у матэматыцы, у лірыцы…” Паводле Алеся Пашкевіча, Леанід Дранько-Майсюк – творца рытму: “Рытм яго твораў як рытм сэрца аўтара”.

 Як Дранько-Майсюк з Акудовічам жыў
 
Намеснік старшыні СБП Эдуард Акулін падзяліўся з прысутнымі, што карыснага ён узяў для сябе з новай кнігі Леаніда Дранько-Майсюка: “Так, напрыклад, я падзяляю думку аўтара аб тым, што шлях сапраўднага мужчына палягае ад Дон Жуана да Дон Кіхота, а не наадварот”. У разгар падзей Еўра-2012 Эдуард Акулін скарыстаўся спартыўнай метафарай для абазначэння паэта і сябра Леаніда Дранько-Майсюка: “Ты гэтай кнігай ператварыў у аўтсайдэраў цэлую сборную літаратараў!” Таксама Эдуард Акулін паабяцаў, што “Кнігу для спадарыні Эл” расцягнуць на цытаты.

 Як Дранько-Майсюк з Акудовічам жыў
 
Генадзя Вінярскага, выдаўца кнігі, аўтар папрасіў пацалаваць у шчочку вярстальшчыцу зборніка Ларысу, на што выдавец адказаў: “Сам прыйдзеш!” А Дашы Бунеевай, дызайнеру кнігі, аўтар пажадаў… добра выйсці замуж. 
 
“Наша гісторыя не спала і даехала ад Стэфана Барторыя да Эрыксана Стэфана”, - так запрасіў “цвік вечара” на імправізаваную сцэну перакладчыка кнігі “Анелак і я”, добра вядомага беларусам прадстаўніка Швецыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана. Дыпламат як заўжды сціпла адзначыў, што перакладзеная ім кніга вельмі цікавая і блізкая для шведскага чытача.

 Як Дранько-Майсюк з Акудовічам жыў
 
Уладзіміру Някляеву Леанід Дранько-Майсюк можа пазваніць заўжды. Напрыклад, тады, калі яго настолькі ўзрушыць нейкі твор, што ён не можа маўчаць. “Някляеву можна званіць і чытаць што заўгодна!” – смяецца Дранько-Майсюк. Калі Уладзіміра Пракопавіча выклікалі да мікрафона, ён аджартаваўся: “Можа, ты мне лепей патэлефануеш?” Працягваючы тэму тэлефанатаванняў-“далькажанняў”, Уладзімір Някляеў распавёў, што яму аднойчы сказалі: “Калі ты не можаш патэлефанаваць камусьці ў пяць раніцы, лічы, што ў цябе няма сяброў”. Ён узяў і пазваніў Дранько-Майсюку...

 Як Дранько-Майсюк з Акудовічам жыў
 
Філасофскія разважанні Някляева-Дранько-Майсюка пра каштоўнасць сяброўства працягнуў філосаф Валянцін Акудовіч. Ён паскардзіўся, што герой вечара сапсаваў яму ўвесь сюжэт выступа. Але хутка знайшоўся і расказаў, як яны з Леанідам Дранько-Майсюком разам… жылі! Калі апошні ўладкаваўся ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”, яму не было, дзе жыць. Ён прыйшоў да сябра Акудовіча і папрасіўся да яго. “Мы класна жылі разам! Праўда, Лёнь?” – звярнуўся да былога “сужыцеля” філосаф. Пасля гэтага паследавала яшчэ адно прызнанне: “Я кнігу не чытаў яшчэ, не буду хлусіць, як Някляеў! Бо ён, здаецца, таксама не чытаў…”

 Як Дранько-Майсюк з Акудовічам жыў
 
Паэт Анатоль Вярцінскі заявіў, што хоча пагаварыць са спадаром Леанідам па-мужчынску. “У цябе была кніга да спадарыні А. Гэта – да спадарыні Эл. Я не зразумеў, гэта да адной і той жа асобы ці не? Ну ты мне пасля па-мужчынску раскажаш…”

Як Дранько-Майсюк з Акудовічам жыў
 
Леаніда Дранько-Майсюка як толькі не назвалі ў гэты вечар. І мэтрам, і самым фантастычным рэалістам ды рэальным фантастам, і лучнікам, які заўжды трапляе ў дзесятачку, і рыцарам, і выдатным артыстам, і геніальным чытачом, і эстэтам, і знаўцам паненак ды матэматыкі…

Але самае яскравае абазначэнне для пісьменніка прыдумаў паэт Алесь Гібок-Гібкоўскі, які назваў Леаніда Васільевіча гармонам радасці. Радасці на прэзентацыі новай кнігі Леаніда Дранько-Майсюка “свае людзі” атрымалі сапраўды вельмі шмат. Усмешкі не сыходзілі з твараў цягам двух гадзін, якія “юбіляр” быў на сцэне. Яшчэ доўга пасля заканчэння афіцыйнай часткі Леанід Васільевіч падпісваў кнігі ды атрымліваў віншаванні. Падзараджаўся радасцю ды энэргія для наступнай кнігі.

←Наши аккордеоны услышат в Санкт-Петербурге.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика