Уладзімір Арлоў адказаў на самыя запаветныя пытанні
05.06.2012 23:54
—
Новости Культуры
Уладзімір Арлоў адказаў на самыя запаветныя пытанні
Гэтыя дні Мінск літаратурны жыве падзеямі, прымеркаванымі да 10-годдзя кніжнай серыі “Бібліятэка Свабоды”. Распачала юбілейныя дні прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова “Пакуль ляціць страла”. Гэта першая інтэрактыўная кніга. Не толькі ў бібліятэцы “Радыё Свабода”, што налічвае 35 кніг, але ва ўсёй беларускай літаратуры.
Новая кніга Уладзіміра Арлова ўвабрала ў сябе сто пытанняў ад слухачоў і чытачоў пісьменніка, і, натуральна, яго разгорнутыя, глыбокія адказы на іх. Пытанні вельмі розныя: вечныя і наіўныя, прыватныя і філасофскія. Чытачы цікавяцца, за што Арлоў укусіў настаўніка малявання, альбо які помнік ён хацеў бы паставіць Савецкаму Саюзу…
Некаторыя хочуць даведацца пра візіты пісьменніка да прэзідэнта і пра футбол, пра першыя эратычныя перажыванні і пра сэнс жыцця. У кнізе знойдуць свае імёны людзі, якія задавалі пытанні пісьменніку ў папяровых лістах, дасылалі іх па электроннай пошце, пыталіся Арлова аб нечым у блогах, на форумах і онлайн-канферэнцыях, у цыдулках, якія пісьменнік атрымліваў на выступах і сустрэчах з чытачамі.
Да ўсяго, гэта першая ў беларускай літаратуры кніга, прадмова да якой напісаная гекзаметрам (памер, якім карыстаўся Гамэр). Аўтар арыгінальнага ўступнага слова – Аляксандр Лукашук, заснавальнік “Бібліятэкі Свабоды”.
Прэзентацыя адбывалася ў жартаўліва-гумарной атмасферы. У зале былі і людзі сталага веку, і моладзь. Сярод звычайных наведнікаў можна было пабачыць пісьменнікаў Уладзіміра Някляева, Адама Глобуса і Андрэя Хадановіча, філосафа Валянціна Акудовіча, музыкаў Змітра Бартосіка і Змітра Вайцюшкевіча.
Як адзначыў Аляксандр Лукашук, “пры напісанні гэтай кнігі Уладзімір Арлоў фехтаваў з мінулым, займаўся боксам з сучаснасцю і выйграў дуэль у будучыні”.
Аляксандр Лукашук |
“Лучнік” Арлоў, у арсенале якога ёсць кніга “Дзень, калі ўпала страла”, прызнаўся, што для яго гэта кніга – у многім асаблівая: “У мяне ніколі не было столькі суаўтараў. Дарэчы, цікава, колькі ж тут насамрэч адказаў на пытанні. Адны налічылі 98, іншыя аж 133… У кнізе ёсць старонкі, на якіх пакінутае вольнае месца, каб чытач змог працягнуць мой адказ. Адна старонка цалкам чыстая. Вы можаце напісаць на ёй самае запаветнае пытанне і ў якасці аўтографа ад аўтара атрымаць мой адказ”.
Уладзімір Някляеў, які прыйшоў на прэзентацыю разам з жонкай Вольгай, распавёў, што ў дзяцінстве ён вырабляў лукі, але так і не знайшоў, у каго страляць з іх. “У Арлова – іншая гісторыя. Ён разумее, куды ляціць яго страла, куды ён сам рухаецца”, - параўнаў сябе-лучніка з лучнікам Арловым Уладзімір Пракопавіч.
Уладзімір Някляеў |
Канечне, не абыйшлося без прыемных нечаканак. Уладзімір Арлоў вырашыў на прэзентацыі кнігі-адказаў задаваць пытанні прысутным. У якасці “сланоў” былі, канечне, свежыя кнігі. На пытанне, колькі год споўнілася роднаму гораду пісьменніка Полацку, не змог адказаць ніхто. Названую многімі лічбу ў 1150 гадоў Арлоў аспрэчыў: “Полацку амаль 1600 гадоў. Давайце шукаць больш раннія крыніцы ўзгадвання нашых гарадоў. Бярыце прыклад з Кіева…”
Зміцер Бартосік выканаў некалькі песень на вершы аўтара прэзентуемай кнігі і пажадаў ўсім кайфа ад яе чытання. Паэт Андрэй Хадановіч быў адным з першых, хто прачытаў кнігу “Пакуль ляціць страла”. Прычым чытаў яе ў Парыжы па просьбе журналістаў “Радыё Свабода”: “Гэта адзіная кніга, якую я чытаў так хутка, і адзіная, якую я вельмі павольна, з асалодай пасля перачытваў”, - прызнаўся Хадановіч.
Уладзімір Арлоў і Зміцер Бартосік |
Уладзімір Арлоў і Андрэй Хадановіч |
Адам Глобус у новай кнізе Уладзіміра Арлова бачыць сур’ёзны папрок: “Такім, як я, напрыклад. Я ўвесь час абяцаю маім чытачам, што адкажу пісьмова на ўсе іх пытанні, з якімі яны звяртаюцца да мяне ў лістах і цыдулках, але яны ўсе губляюцца…”
Між іншым Арлоў расказаў, як яму спрабавалі прышыць крымінальную справу пра падпольныя аборты, абвінавацілі ў замаху на Ніла Гілевіча, падазравалі ў гомасэксуалізме…
Пасля жартаўлівых расказаў аўтара Валянцін Акудовіч усіх крыху агаломшыў: “Я наагул не збіраўся чытаць гэту кнігу! Ну колькі можна? Усё жыццё чытаю Арлова!” Але пасля паўзы супакоіў прысутных: “Але ну не магчыма ж стрымацца! Прачытаю старонку, і хочацца далей і далей чытаць… Пакуль не дачытаў кнігу да раніцы, не змог заснуць!” Ён шчыра пазайздросціў усім, хто яшчэ не прачытаў новую кнігу Арлова. На гэтым прэзентацыю скончылі, і прысутныя стварылі даўгі ланцуг па аўтографы да аўтара. Мабыць, яны напісалі-такі свай запаветнае пытанне на чыстай старонцы і ўжо атрымалі адказ на яго ад Уладзіміра Арлова.