Якасна і густоўна
У сценах Нясвіжскага палаца ўпершыню прагучала музыка Радзівілаў
У сямнаццаты раз фестываль «Музы Нясвіжа» прайшоў у старажытным горадзе. На працягу трох дзён тут, у сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі, была прадстаўлена тэатральнае, выяўленчае і музычнае мастацтва.
Пралогам да свята стаў паказ у Нясвіжскім цэнтры культуры і адпачынку спектакля Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. На наступны дзень тут жа адкрыліся адразу дзве выстаўкі — прафесійнага мастака, ураджэнца Нясвіжчыны Міхаіла Сеўрука і юных выхаванцаў студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.
Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка сабрала вядучых мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў краіны на навуковую канферэнцыю, у ходзе якой адбылася прэзентацыя новай кнігі «Нясвіж — мастацкая сталіца Беларусі». Варта адзначыць, што за час існавання фестывалю гэта ўжо семнаццатае па ліку выданне. Штогод свята мастацтваў «Музы Нясвіжа» рыхтуецца і грунтуецца на трывалым навуковым падмурку і пазіцыянуе сябе як мерапрыемства не забаўляльнае, а асветніцкае, закліканае адраджаць і папулярызаваць невядомыя і забытыя імёны і творы нацыянальнай музычнай спадчыны.
Традыцыйна музычная старонка — самая насычаная частка свята, падрыхтаванага заслужаным калектывам Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры, Мінскага аблвыканкама і Нясвіжскага райвыканкама.
Знакавая падзея сёлетніх «муз» — канцэрт, прысвечаны музычнай спадчыне Радзівілаў і прымеркаваны да 500-годдзя магутнай дынастыі.
У тэатральнай зале Нясвіжскага палаца, адноўленай па ўзору 18 стагоддзя, упершыню гучала музыка, створаная прадстаўнікамі знакамітага магнацкага роду. У выкананні творчых калектываў Нацянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра — ансамбляў кларнетыстаў, трубачоў, салістаў на драўляных духавых інструментах, вакалістаў, струннага квартэта і струннага аркестра — прагучалі творы Соф’і, Мацея, Антонія Радзівілаў, а таксама тых выдатных замежных музыкантаў і кампазітараў, якія знаходзіліся пад мецэнацкай апекай колішніх гаспадароў палаца і ў розны час жылі ў ім і працавалі — паляка Вацлава з Шамотул, чэха Яна Ладзіслава Дусіка, немца Яна Давіда Голанда.
— Я ганаруся, што ў сценах гэтага цудоўнага замка мы правялі такі канцэрт. Уласна для мяне гэта знамянальна. За час, які існуе фестываль «Музы Нясвіжа», мы раскрылі практычна ўсю гісторыю музычнай культуры гэтага края. Лічу, канцэрт, прысвечаны 500-годдзю дынастыі Радзівілаў, — падзея гістарычная. Над музычным матэрыялам для яго вельмі многа працавалі і аркестр, і доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава, якая адшуквала гэты матэрыял у бібліятэках Еўропы, бо пра яго раней не ведалі. У кансерваторыі гісторыю беларускай музыкі вывучалі пачынаючы толькі з 1917 года. Сёння мы ведаем яе ад 17-га стагоддзя. Мне прыемна, што эстафету вяртання нашай невядомай музычнай спадчыны ад Нясвіжа перанялі многія іншыя гістарычныя гарады Беларусі, дзе мы таксама праводзім асветніцкія фестывалі мастацтваў і дзе таксама галоўным падыходам да іх падрыхтоўкі застаюцца якасць і густ, — адзначыў у размове з журналістамі мастацкі кіраўнік свята, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг.
Сёлета прыхільнікам «муз» падарылі яшчэ дзве цікавыя імпрэзы — канцэрт, прысвечаны музычным сувязям Беларусі і Расіі, якія з далёкіх часоў і дасюль трывала знітаваныя, і праграму з твораў Міхала Клеафаса Агінскага, у якой разам з ужо вядомымі кампазіцыямі былі прадстаўлены і зусім новыя, якія яшчэ нідзе не выконваліся.
Заключным акордам свята стала прэм’ерная праграма папулярнай музыкі «Шансон у Нясвіжы». Як падкрэслівае маэстра Фінберг, у ёй сабраны шансон, якім яго вызначаюць і ведаюць ва ўсім свеце, — гэта песні для душы і сэрца, з высокапрафесійнай музыкай і пранікнёнымі тэкстамі. Менавіта такія творы і гучалі ў святочны вечар для несвіжан і гасцей горада ў выкананні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.
На здымку: удзельнiкi свята мастацтваў — ансамбль салiстаў на драўляных духавых iнструментах пад кiраўнiцтвам Iвана БРЫЧЫКАВА.
Фота: БЕЛТА