Спектакль супраць абортаў будзе паказаны ў Мінску

Источник материала:  
18.05.2012 21:11 — Новости Культуры

Спектакль супраць абортаў будзе паказаны ў Мінску


Праект “У абарону жыцця!” чарговы раз прымушае грамадства задумацца пра каштоўнасць жыцця кожнага чалавека, асабліва тых, якія яшчэ не пабачылі святло сонца. Аборт увайшоў у наша грамадства як норма і пакуль яшчэ трывала трымае свае пазіцыі, дазваляючы вырашаць “нечаканыя цяжкасці”.

Павал Харланчук-Южакоў, вядомы беларускі актор і рэжысёр ужо не першы год падтрымлівае акцыю “У абарону жыцця!”. А ў гэтым годзе спектакль “Маё сэрца б’ецца”, яго рэжысёрская праца, будзе прадстаўлены 1 і 2 чэрвеня ў Маладзёжным тэатры эстрады.

Журналіст Надзея Гарэцкая пагутарыла з Паўлам і яго жонкай Ганнай, таксама акторкай, пра каштоўнасць жыцця і сям’і, пакліканне актора, а таксама пра спектакль.

Спектакль супраць абортаў будзе паказаны ў Мінску

Што прымушае вядомага і паспяховага актора ўдзельнічаць у сацыяльных праектак, кшталту акцыі “У абарону жыцця!”

Павал Харланчук: Гэта абавязак душы і прафесіі, я гэта павінен рабіць ў першую чаргу. Каб была магчымасць, я б заўсёды ўдзельнічаў у сацыяльных праектах. Мы часта бегаем, зарабляем, працуем, а сур’ёзныя пытанні адкладаем на потым, ад чаго і пакутуем. Пытанні душы, духоўныя пытанні павінны стаяць на першым месцы.
Што датычыцца праекта “У абарону жыцця!”, мы з Ганнай прынялі рашэнне ўдзельнічаць у ім, таму што зараз каштоўнасць жыцця зневажаецца, яна нівелюецца па ўсім свеце. Перад грамадствам стаіць пытанне вырашыць: тое, што носіць ў сабе жанчына – гэта чалавек, або проста нейкі плод, згустак крыві і матэрыі? Тыя людзі, для каго жыццё не вартае нічога, могуць выдаліць гэты плод; а тыя, якія ведаюць, што гэта жывое стварэнне Божае, з душою, з сэрцам, робяць ўсё магчымае, каб данесці людзям думку, што гэта – чалавек.

Таму мы і кажам са сцэны: ніхто не мае права ўздымаць на жыццё дзіцяці руку і нават зневажаць яго.

Ганна Харланчук: Па-першае, мяне хвалюе праблема абортаў. Хвалюе тое, што жыццё дзіцячае, якое мы не бачым, не лічаць за жыццё зусім, што з ім так лёгка развітваюцца. Бо кожнае дзіцятка мае права прыйсці ў гэты свет, убачыць яго і стаць тым, кім яго хоча бачыць Госпад. Таму што яго сэрца б’ецца. І каб пра гэта казаць мне не патрэбны грошы, я буду пра гэта казаць, крычаць, і нічога не браць узамен.

Ёсць столькі розных спосабаў змагацца супраць абортаў. Чаму спектакль, чаму мастацтва?


Павал Харланчук: Трэба працаваць на ўсіх франтах: рабіць фільмы, выступаць на радыё, раздаваць улёткі, праводзіць кансультацыі – ўсімі магчымымі сродкамі трэба даносіць пасланне.

Ганна Харланчук: Мы ўзяліся за гэты праект, бо бачым, што ў творчай сферы гэта праблема амаль не паднятая, за яе баяцца брацца. Бо слова “аборт” – грубае, медыцынскае. Ды наогул, проста прынята пра гэта маўчаць. А сам спектакль і яго сцэнар – вельмі добрыя. Мы – акторы, і нам цікава раскрыць ідэю крэатыўна, творча, так, як людзі яшчэ не бачылі, каб яны здзівіліся і былі ўражаны. Бо слова, і мастацкае слова асабліва, мае вельмі моцную сілу кранацца сэрцаў.

Спектакль супраць абортаў будзе паказаны ў Мінску

Прэм’ера спекакля адбылася ў 2009 годзе, у гэтым годзе гледачу абяцаюць нешта новае. Што гэта?

Павал Харланчук: Будзе адноўленая пастаноўка, зробленая наноў, з большым паглыбленнем у тэму дзіцячага прызначэння. Зараз мы будзем выкарыстоўваць новыя мастацкія прыёмы і тэхналогіі, каб паказаць дзве паралелі: зямное жыццё і нябеснае жыццё. Хочам паказаць, што неба не так далёка, і Бог вельмі блізка, што ўсё завязана між сабой. Неба залежыць ад зямлі, а зямля ад неба.

Вы сямейная пара ў жыцці, і ў спектаклі вы граеце сям’ю. Раскажыце пра вашых герояў.

Павал Харланчук: Мой герой – Кастусь – гэта малады чалавек, які на першае месца паставіў кар’еру, а ўжо потым сям’ю. Гэта такая распаўсюджаная думка ў нашым грамадстве, што напачатку трэба стаць на ногі, зарабіць. І мой герой моцна стаіць на гэтай думцы. Але, дзякуй Богу, што напрыканцы разам са сваёй жонкай яны прымаюць правільнае рашэнне. Яны вырашаюць, што не маюць права пазбавіць жыцця тое дзіцятка, якое прыходзіць у сьвет у іх сям’і.

Ганна Харланчук: Нашы героі – звычайная пара, якіх вельмі шмат у свеце, у нашай краіне, у нашым горадзе, якія стаяць перад пытаннем аборту, яны хочуць пазбавіцца ад дзіцяці. Мая гераіня быццам бы і гатова на гэты крок, але ўсё ж яна адчувае, што ў яе жываце жыццё, а не проста зародыш. Як і для кожнай жанчыны, напэўна, аборт – не вельмі просты крок, і трэба шмат што ў сабе перабароць, каб гэта зрабіць. Таму пад час спектакля ідуць разважанні, дзесьці спрэчкі жонкі з мужам. І ёсць пераломны момант – сустрэча з дзяўчынкай, якая яшчэ не нарадзілася. Яна прыходзіць да мяне ці то ў сне, ці сапраўды. Гэты момант кожны глядач зможа асэнсаваць па-свойму. Гэта дзяўчынка плача над парванай лялькай, якая была для яе жывая. І праз яе расповед да мяне прамаўляе Бог. Лялька для мяне – вобраз жыцця, што ўнутры мяне, якое не лічаць сапраўдным. У гэты ж час з мужам таксама адбываецца цікавая падзея, пасля якой мы прымаем рашэнне нараджаць, чакаць сустрэчы з нашым дзіцёнкам.

У рэальным жыцці вы – шматдзетныя бацькі. У вас чацвёра дзетак, ці цяжка гэта?

Павал Харланчук: Не, не цяжка.

Спектакль супраць абортаў будзе паказаны ў Мінску

Ганна Харланчук: Мне здаецца, што тое, што ў нас шмат дзяцей больш складана зразумець і перажыць нашаму асяроддзю, чым нам. Менавіта чужыя людзі, не разумеючы нас, шкадуюць наш сон, нашы грошы, нашы сілы… Я кажу ім, што дзетак жа ўсяго чацвера! Канешне ў некаторыя моманты бывае цяжка, але ж гэта мая праца, людзі вечарам стамляюцца ад сваёй працы, так і я. Быць мамай – маё прызначэнне, мне гэта падабаецца, і дзеці мае мне падабаюцца. І мы не збіраемся спыняцца, мы хочам яшчэ дзетак.
Некаторыя глядзяць на нас з пагардай, не ўспрымаюць шматдзетнасць. А я даю парады стомленым мамам – прыдумляйце крэатыўныя заняткі для сваіх дзяцей, каб самой адпачыць.

Спектакль супраць абортаў будзе паказаны ў Мінску

Праект існуе ўжо на працягу васьмі год, ці ёсць нейкія канкрэтня сведчанні, поспех?

Ганна Харланчук: Я чула некалькі сведчанняў, што жанчыны, якія збіраліся рабіць аборты, пабыўшы на спектаклі, адмовіліся ад гэтага рашэння. Але, у прынцыпе, задача праекта – змяніць адносіны грамадства да ненароджаных дзяцей, да абортаў. І зацікаўленасць ёсць вялікая, і яна нарастае з кожным годам. Нас запрашаюць на радыё і тэлебачанне, цікавяцца праектам і праблематыкай, таму вынікі і поспех відавочны. Але трэба працаваць не адзін год, каб данесці грамадству пасланне.

Скажыце нейкае пажаданне для тых, хто можа зараз стаіць перад выбарам.


Павал Харланчук: Трэба слухаць сваё сэрца, трэба адчуць, што ў вас пад сэрцам – жывы чалавек. І гэты чалавек мае шмат планаў, ідэяў, чаканняў. Ён ужо ёсць, хоць можа мы яго не бачым. Таму паслухайце сваё сэрца.

На фота: Павал і Ганна Харланчук-Южаковы і іх дзеці: Філіп, Івона, Адэля, Алівія.
←Культурные откровения знаменитостей и неизвестные легенды искусства. Смотрите завтра в проекте "Пра мастацтва".

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика