Канны ўбачаць «У тумане»
Канны ўбачаць «У тумане», а дасягненні айчыннага кінематографа на прэстыжным кінафестывалі прадставіць Нацыянальны павільён Беларусі
З 16-га па 27 мая ў Францыі пройдзе 65-ы Міжнародны Канскі кінафестываль. У ходзе яго сёлета зноў будзе прадстаўлены Нацыянальны павільён Беларусі, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і кінастудыя «Беларусьфільм». Як удакладнілі ў Міністэрстве культуры, мэта прадстаўлення Нацыянальнага павільёна — дэманстрацыя дасягненняў і напрацовак айчыннага кінематографа, пашырэнне супрацоўніцтва беларускіх кінематаграфістаў з еўрапейскімі кінапрадзюсарамі, наладжванне кантактаў у галіне кінематаграфіі, дасягненне дамоўленасцей па рэалізацыі сумесных кінапраектаў.
Адзін з паспяховых прыкладаў такой дамоўленасці будзе прадэманстраваны ўжо сёлета ў конкурснай праграме фестывалю. У яе ўпершыню ўключаны фільм сумеснай вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» з кінакампаніямі некалькіх еўрапейскіх краін — Расіі, Германіі, Латвіі, Нідэрландаў. Як паведамляла раней «Р», гэта карціна «У тумане», знятая паводле аднайменнага твору класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава. Нагадаем, дзеянне фільма адбываецца ў акупіраванай немцамі Беларусі ў 1942 годзе.
Рэжысёр стужкі — вядомы дакументаліст, ураджэнец Баранавічаў Сяргей Лазніца, які цяпер жыве ў Германіі. Галоўную ролю ў фільме выканаў таленавіты беларускі акцёр, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Свірскі. Гукарэжысёр карціны — вядомы беларускі спецыяліст Уладзімір Галаўніцкі.
Паказ фільма «У тумане» ў рамках асноўнай конкурснай праграмы фестывалю адбудзецца 25 мая.
На здымку: кадр з фiльма.