Творчы тандэм Пінігіна і Паповай. У Купалаўскім тэатры распачаліся рэпетыцыі спектакля "Лістапад. Андэрсен"

Источник материала:  
15.05.2012 12:32 — Новости Культуры

Творчы тандэм Пінігіна і Паповай. У Купалаўскім тэатры распачаліся рэпетыцыі спектакля “Лістапад. Андэрсен”


Творчы тандэм Пінігіна і Паповай. У Купалаўскім тэатры распачаліся рэпетыцыі спектакля "Лістапад. Андэрсен"
У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы распачаліся рэпетыцыі спектакля “Лістапад. Андэрсен” паводле п’есы беларускага драматурга Алены Паповай.

Аўтар ідэі і рэжысёр-пастаноўшчык – Мікалай Пінігін. Над спектаклем працуюць: сцэнограф – народны мастак Беларусі Барыс Герлаван, мастак па касцюмах – Алена Ігруша, балетмайстар – Наталля Карчэўская, кампазітар – Андрэй Зубрыч. Прэм’ера запланавана на 25-26 чэрвеня.

Па задуме рэжысёра дзеянне спектакля адбываецца ў адным з мінскіх паркаў, дзе кожны дзень у адзін і той жа час збіраюцца пагутарыць сямёра пенсіянераў. Аднойчы там з’яўляюцца дзеці з дзіцячага садка, і, каб чымсьці іх зацікавіць, старыя пачынаюць расказваць ім казкі. Кожны герой праз сваю казку распавядае гісторыю ўласнага жыцця.

– У тэатры ёсць артысты сталага пакалення, якія зараз не так шмат працуюць, – расказвае Мікалай Пінігін. – Гэты спектакль для іх. У ім – пасланне дзецям, якія толькі пачынаюць жыць, ад людзей немаладых, якія хочуць расказаць штосьці важнае пра жыццё праз гэтыя казкі.

У аснову п’есы, якая была напісана па замове самога рэжысёра, пакладзены некалькі казак вядомага дацкага пісьменніка Ханса Крысціяна Андэрсена: “Пастушка і Камінар”, “Новае ўбранне караля”, “Стойкі алавяны салдацік”, “Салавей”, “Вялікі Клаўс і Маленькі Клаўс” і “Ялінка”. Падчас спектакля на экран на сцэне будуць выводзіцца кніжныя ілюстрацыі, над якімі зараз працуюць мастакі-аніматары (камп’ютарная графіка Алы Мацюшэўскай, камп’ютарная анімацыя – Ірыны Тарасавай).

У спектаклі занятыя знаныя артысты Купалаўскага тэатра: народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук, Арнольд Памазан, Мікалай Кірычэнка, Галіна Арлова, Марыя Захарэвіч, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Сяргей Краўчанка, Георгій Маляўскі, Уладзімір Рагаўцоў, Аляксандр Падабед, Зінаіда Зубкова, Наталля Качаткова, Тамара Нікалаева, а таксама Ніна Піскарова.

Разам з імі на сцэну выйдзе і маладое пакаленне купалаўцаў: Ганна Хітрык, Вольга Скварцова-Кавальская, Аляксандр Казела, Валянціна Гарцуева, Андрэй Дробыш, Міхаіл Зуй і многія іншыя.

Спектаклі паводле тэкстаў Андэрсена ёсць у рэпертуары ўсяго некалькіх беларускіх тэатраў: “Прынцэса і Свінапас” ідзе ў віцебскім тэатры “Лялька”, “Дзюймовачка” – у сталічным Тэатры юнага гледача, “Снежная каралева” – у Гродзенскім абласным драматычным тэатры і мінскім тэатры сучаснай драматургіі “Тэатральны каўчэг”.

“Лістапад. Андэрсен” – гэта першая ў Беларусі спроба паставіць спектакль па творах дацкага казачніка не для дзіцячай аўдыторыі.
←Большой театр дает премьеру - балет "Анюта" по пьесе Чехова

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика