«Паважаны народны пісьменнік! Дасылаю урыўкі з «Няволі і жыцця»...
— Анатоль Віктаравіч, сваю працоўную біяграфію Якуб Колас пачынаў у невялічкай вёсачцы Люсіна на Ганцаўшчыне. Гэта далёка ад вашай малой радзімы?
— Напрасткі — не болей за 15 кіламетраў. Я родам з Вялікіх Круговічаў. Хаця заўважу, што хоць адлегласць і блізкая, ва ўкладзе жыцця сялян маёй вескі і люсінцаў шмат адрозненняў. А знаёміцца з творчасцю пісьменніка праз мясціны, якія звязаны з яго жыццём, надзвычай цікава. Вёска, у якой настаўнічаў малады Канстанцін Міцкевіч — сусветна вядомы псеўданім ён возьме пазней, — непазнавальна змянілася, але многае тут засталося такім, як было тады. І возера, ля якога настаўнік Лабановіч сустракаў прыгажуню Ядвісю, і магутныя дубы на яго беразе, і чароўная прырода наўкола.
— Колас па-мастацку занатаваў яе прыгажосць, прыкмеціў асаблівасці мясцовых жыхароў. Цікава, калі ён развітаўся з Ганцаўшчынай, неяк працягваў падтрымліваць сувязь з тутэйшымі людзьмі?
— Так. І гэтаму ёсць дакументальныя пацвярджэнні, што захоўваюцца ў нашым музеі. Да люсінцаў у Канстанціна Міхайлавіча былі асаблівыя пачуцці на працягу ўсяго жыцця. Увогуле, будучы народным, уганараваным, ён не цураўся кантактаў з простымі людзьмі. У тым, напэўна, і веліч сапраўднага пясняра. Перапіска колішняга люсінскага настаўніка са сваімі пасталелымі вучнямі сёння шырока вядомая. Лісты захоўваюцца і ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі ў Мінску, і ў музеі, які дзейнічае ў Люсінскай школе. Аднак трэба заўважыць, што гэтыя ліставанні далёка не адзіныя. Напрыклад, 19 сакавіка 1949 года студэнт трэцяга курса Ганцавіцкага педагагічнага вучылішча Сцяпан Макараў адправіў любімаму пісьменніку пісьмо, у якім даслаў свае пробы пяра. На жаль, самі паэтычныя радкі не захаваліся, але ёсць аўтарскі каментарый да іх. Дазволю сабе прачытаць невялічкі ўрывак з яго:
«Добры дзень, паважаны народны пісьменнік!
Я — студэнт трэцяга класа Ганцавіцкага педагагічнага вучылішча, інвалід Айчыннай вайны, пасылаю да вас на разбор свой маленькі верш. Хачу падзяліцца сваімі думкамі з вамі, народны пісьменнік. Якім жа чынам стаць на літаратурную дзейнасць, каб як найбольшую карысць прынесці Радзіме? У душы маёй неабсяжныя сілы, якія штурхаюць да літаратурнай дзейнасці…»
— І колькі ж гадоў было аўтару гэтага ліста?
— Дакладна невядома. Напэўна, ён быў маладым, аднак мяркуючы па тым, што за плячыма ў Сцяпана Макарава засталася вайна, якая зрабіла яго інвалідам, яму было не меней 22 гадоў. Ён вучыўся на настаўніка, таксама як некалі Колас, і з любімым пісьменнікам вырашыў параіцца аб тым, што яго асабліва хвалявала.
— Цікава, Якуб Колас адгукнуўся на ліст?
— На канверце пазначана «Адказана». Таму можна не сумнявацца, што водгук народнага пясняра дайшоў да адрасата. Іншая справа, што Колас мог асабіста ліст і не напісаць. На сотні пісьмаў ён проста фізічна не паспяваў бы адказваць. Часам гэта рабіў сакратар. У той час ім быў вядомы паэт Максім Лужанін. У фондах музея копіі ліста няма, аднак можна меркаваць, што Сцяпану Макараву адказ спадабаўся. Справа ў тым, што паведамленнем пра верш і просьбай «разабраць» яго перапіска ганцавіцкага студэнта з Якубам Коласам не абмяжоўваецца. Ёсць яшчэ адзін аркуш, дзе напісана:
«Паважаны народны пісьменнік!
К Вам я дасылаю ўрыўкі са сваёй паэмы «Няволя і жыццё». Тэматыка гэтай паэмы наступная: паказ прыгнёту сялян Заходняй Беларусі польскімі панамі. Барацьба сялян за жыццё. Вольнае жыццё пры савецкай уладзе».
— Словам, можна меркаваць, што аўтар, акрылены водгукам Якуба Коласа пра свой верш, замахнуўся на паэму?
— Магчыма, і так. Праўда, у лісце да народнага пясняра Сцяпан Макараў абмовіўся, што твор яшчэ не скончаны. «Калі закончу паэму, прышлю цалкам, каб падзяліцца думкамі», — пісаў ён.
— Ну а тыя часткі, што былі дасланы, сёння можна прачытаць?
— На жаль, ніякіх урыўкаў паэмы не ўдаецца выявіць. У пісьме да Коласа яе аўтар згадваў назвы частак твора, якіх усяго налічвалася 28, расказваў, аб чым сам твор. Паэма, па яго словах, ахоплівала перыяд ад знаходжання Заходняй Беларусі пад Польшчай да пасляваеннага часу. Падрабязна апісваўся прыход Чырвонай Арміі ў 1939 годзе, давалася аўтарская ацэнка гэтым падзеям. Свой погляд у Сцяпана Макарава быў і на станаўленне новага ладу, а затым цяжкія гады нямецкай акупацыі. Безумоўна, цяпер твор выклікаў бы вялікую цікавасць, бо яго аўтар быў непасрэдным удзельнікам тых падзей, пра якія ён распавядаў. Аднак усе спробы знайсці хаця б урыўкі з паэмы пакуль не мелі поспеху.
— Анатоль Віктаравіч, а на Ганцаўшчыне і ў іншых мясцінах ніхто не памятае пра Сцяпана Макарава?
— Праз «Белорусскую ниву» мы і хацелі б звярнуцца да чытачоў з просьбай падзяліцца любымі звесткамі, калі яны ёсць. Магчыма, ліст ад народнага пясняра стаў сямейнай рэліквіяй у родзе Макаравых. Па праўдзе, надзея на гэта вельмі кволая, але ж прыемныя выпадковасці падчас здараюцца. Хацелася б спадзявацца, што недзе захоўваюцца і ўрыўкі з паэмы Сцяпана Макарава. А можа, твору пашчасціла захавацца і цалкам. Людзей, якія хоць штосьці ведаюць пра гэта, мы папрасілі б звязацца з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа ў Мінску па тэлефоне 8-017-284-17-03. Інфармацыю можна даслаць на электронны адрас tolik1976@tut.by. Будзем вельмі ўдзячныя, калі з дапамогай чытачоў галоўнай сялянскай газеты зможам адкрыць невядомыя старонкі перапіскі Якуба Коласа з прыхільнікамі яго творчасці.
Гутарыў Аляксандр КУРЭЦ, «БН»