Кампанія «Будзьма беларусамі!» пачынае новы відэапраект «Захапленні»

Источник материала:  
13.03.2012 15:05 — Новости Культуры


Кампанія «Будзьма беларусамі!» пачынае новы відэапраект «Захапленні»Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» пачынае новы відэапраект «Захапленні», які стартуе 19 сакавіка і працягнецца да канца чэрвеня. Кожны панядзелак і чацвер вас чакаюць спецыяльныя рэпартажы пра захапленні беларускіх зорак музыкі — такімі вы іх яшчэ не бачылі!

Праект «Захапленні» — гэта серыя незвычайных рэпартажаў з удзелам самых вядомых беларускіх музыкаў. Тры дзясяткі «фільмаў», унікальных паводле фармату і зместу.

Гэта «рэпартажы з месца дзеяння», відэазамалёўкі пра захапленні цікавых і значных для нашай культуры людзей. Сапраўдны экшн!

Напрыклад, усе ведаюць, што Лявон Вольскі выдатна варыць крамбамбулю. Але што цікавага ў тым, каб зварыць яе на кухні ды проста надрукаваць рэцэпт? А вось калі напой зварыць на ўзлеску «банда» партызанаў, тады ў крамбамбулі будзе зусім іншы смак.

Для чаго Беньцы касцюм астранаўта? А Уладзіміру Пугачу — стрэльба?

Ні слова пра музыку, пра прафесію — такі фармат праекту. Толькі захапленні. Чалавек, музыка, якога яшчэ ніхто не бачыў проста захопленай асобай.

Вы бачылі іх на сцэне, але абсалютна не ўяўляеце іх у побыце. Вам цікава, чым яны жывуць?

«Нам падалася ўдалай знаходка забаўляльнага фармату праекту, — кажа Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» — Рэпартажы праекту глядзяцца лёгка і захапляльна, яны даступныя і цікавыя самаму шырокаму гледачу. Да таго ж, прадмет абмеркавання — захапленні — цалкам зразумелы большасці

Магчыма, нехта, зацікавіўшыся захапленнем зоркі, адкрые для сябе і яе творчасць. А нехта, пераймаючы ўлюблёнага артыста, пабачыць новае займальнае хобі, зразумее, што ў нас ёсць шмат магчымасцяў жыць разнастайна і цікава. Прэзентуючы гэты праект, мы верым, што калі кожны будзе заняты любімай справай, будзе рабіць гэта добра і з душой, мы разам здолеем змяніць жыццё да лепшага. Малюем краіну разам!»

Кожны панядзелак і чацвер з 19 сакавіка і да канца чэрвеня — новая серыя праекту на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі!».



←«Это будет молотилово прямо в мозг»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика