Сёння ўшаноўваюць мастачку Ядвігу Раздзялоўскую (+унікальныя фота)
Сёння адбудзецца вечар памяці ў гонар мастачкі Ядвігі Раздзялоўскай. Пачатак а 17 гадзіне ў малой зале Палаца культуры, паведаміў арганізатар імпрэзы Юрый Церабун. Гледачы ўбачаць фільм пра мастачку, які рыхтавалі пяць гадоў, і слайд-шоу яе карцін.
Пра Ядвігу Раздзялоўскую у кнізе ўспамінаў узгадвае яе сябар мастак Кастусь Харашэвіч.
“Неўзабаве пазнаёміўся з мастачкай Ядвігай Іосіфаўнай Раздзялоўскай, якая раней прыехала ў Маладзечна з Баранавіч на месца працы свайго мужа.
Няпроста склалася жыццё гэтай таленавітай асобы. Ураджэнка Польшчы. Да 1939 года скончыла мастацкую вучэльню ў Варшаве. Выйшла замуж за беларуса. Калі немцы напалі на Польшчу, Раздзялоўскія заснаваліся ў Баранавічах, дзе і перажылі акупацыю.
Ядвіга Іосіфаўна была адукаваным, інтэлігентным чалавекам. Любіла сваю Радзіму. З пашанай адносілася і да Беларусі, яе культуры і мастацтва. Была выдатным жывапісцам, майстрам партрэта і нацюрморта. Але заўчасна памёр яе муж. Дзяцей не было, і яна засталася жыць у нашым горадзе. Хапіла ў яе мужнасці пражыць пасля смерці мужа яшчэ больш за 30 год. Асабовая выстава ў Мінску да 80-годдзя паказала, як многа зрабіла яна для беларускага выяўленчага мастацтва. Было б цалкам справядліва прысвоіць ёй званне заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі. Але рэтраграды ў Саюзе мастакоў на чале з тагачасным старшынёй праўлення Уладзімірам Гардзіенкам адмовілі ў гэтым на той падставе, што мастачка польскага паходжання.
А вось на сваёй Радзіме да Ядвігі Іосіфаўны аднесліся па-іншаму. Калі яна зрабіла пазней асабовую выставу ў Варшаве і пакінула там частку сваіх твораў, то атрымала званне заслужанага дзеяча Польскай Народнай Рэспублікі.
Памерла Ядвіга Раздзялоўская ў 1992 годзе, пражыўшы 90 год. Пахаваная на маладзечанскіх гарадскіх могілках разам з магілай свайго мужа. Але гэта было пазней.
У той час, калі я з ёй пазнаёміўся, яна была энергічным, цалкам адданай мастацтву творцам. Я прапанаваў ёй арганізаваць пры студыі дэкаратыўна-прыкладное аддзяленне. Гэта дазволіла пашырыць дыяпазон навучання і павялічыць колькасць навучэнцаў. Пра нашу студыю загаварылі ўжо і ў сталіцы. Сталі наведвацца метадысты пераймаць вопыт. Па сённяшні дзень успамінаюць былыя студыйцы тыя часы.
У 1961 годзе ў сааўтарстве з Ядвігай Іосіфаўнай, якая ў той час была членам Саюза мастакоў Беларусі, па дагаворы з Міністэрствам культуры для краязнаўчага музея была створаная карціна на тэму ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй. Называлася яна “Маладзечна. 17 верасня 1939 года”.
З кнігі Кастуся ХАРАШЭВІЧА “Зведанае і перажытае”.
Ядвіга Раздзялоўская − мастачка, ураджэнка Польшчы. Нарадзілася 1 сакавіка 1902. Дзявочае прозвішча Лясьеўская. Жыла і працавала ў Маладзечне. Памерла ў 1992 годзе, пражыўшы 90 год. Стала сябрам Саюза мастакоў Беларусі. Заслужаны дзеяч Польскай Народнай Рэспублікі.
Творы Ядвігі Раздзялоўскай.
Фота Ядвігі Раздзялоўскай.
Падрабязней пра Ядвігу Раздзялоўскую чытайце пазней.
Фота забяспечана Юрыем ЦЕРАБУНОМ.