Валянцінкі для роднай краіны

Источник материала:  
СІМВАЛІЧНА, што «Беларусь у маім сэрцы» адкрылася канцэртамі ў Дзень святога Валянціна як прызнанне ў любові ўсёй роднай краіне, яе малым і вялікім населеным пунктам. Дарэчы, маштабная акцыя пачалася не толькі ў Мінску — у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, але і за межамі сталіцы — на Гомельшчыне, у Добрушскім РДК.

— Для нас вялікі гонар першымі праводзіць такую акцыю. Дарэчы, Добруш не пакрыўджаны, тут часта выступаюць разнастайныя творчыя калектывы. І сёння даюць канцэрт вельмі добрыя артысты — Гомельскай абласной філармоніі. Яны нават спаборнічаюць за любоў нашых гледачоў з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга! Па ўзроўні майстэрства гомельскія артысты не саступаюць сталічным. Некалькі разоў яны да нас прыязджалі, іх прымалі на ўра, — падзяліўся ўчора напярэдадні канцэрта Рыгор Козыраў, начальнік аддзела культуры Добрушскага райвыканкама. — А білеты на канцэрт заказвалі і раскуплялі прадпрыемствы, арганізацыі. І проста мясцовыя жыхары. У прыватнасці, прывязуць перадавікоў найблізкія да Добруша гаспадаркі: КСУП «Калінінскі» і «Жгунскае»… А каб зрабіць старт акцыі «Беларусь у маім сэрцы» больш яркім, у нас узнікла некалькі задумак. Так, у фае РДК паставілі вялізны стэнд з намаляванымі валянцінкамі, каб кожны наведвальнік да канцэрта і пасля яго мог пакінуць пажаданні родным, блізкім, Радзіме. Там жа адкрылі выставу майстроў-разьбяроў па дрэве…

Сёння эстафету акцыі прыме горад Баранавічы, там чакаюць заслужаную артыстку Беларусі Іну Афанасьеву. А яшчэ і Расоны, куды прыедуць з канцэртам прадстаўнікі Віцебскай абласной філармоніі. На Міншчыне акцыя адкрыецца ў Беразіно ў пятніцу выступленнем Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору, у той жа дзень у Брэсце выступіць Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята». На Гродзеншчыне акцыя стартуе ў Слоніме 18 лютага, куды прыедзе Арт-група «Беларусы», на Магілёўшчыне дэсант ансамбля песні і танца «Медуніца» Магілёўскай абласной філармоніі пацешыць жыхароў аграгарадка Катка Глускага раёна 20 лютага. Наперадзе шмат яркіх і цікавых сустрэч гледачоў і артыстаў. Не толькі ў райцэнтрах, але і ў аграгарадках Сноў Нясвіжскага, Зялёны Бор Смалявіцкага, Фашчаўка Шклоўскага, Вішава Бялыніцкага, Палыкавічы Магілёўскага раёнаў. У сталіцы будуць задзейнічаны канцэртная зала «Мінск», Палац Рэспублікі, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. 3 ліпеня «Беларусь у маім сэрцы» працягнецца гала-канцэртам майстроў мастацтваў Беларусі ля абеліска «Мінск — горад-герой». Заключны этап акцыі — гала-канцэрты ў жніўні і верасні ў Гродна, Брэсце, Магілёве, Віцебску, Гомелі. Ну а для грандыёзнага фіналу патрэбна вялізная сцэна! Ёй стане 21 верасня «Мінск-Арэна».

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

←«Национальная Атлантида» открыта!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика