У ажуры
Цукеркі, кветкі, духі... Думаеце, гэтымі банальнымі рэчамі насамрэч можна каго ўразіць? Вунь колькі іх у крамах: купляй — не хачу! Разам з народным майстрам Вольгай Бабурынай напярэдадні свята прапануем зрабіць для сваіх каханых падарунак сваімі рукамі, а менавіта паштоўкі з элементамі беларускай выцінанкі. Хутка, проста і, галоўнае, арыгінальна!
Што такое выцінанка і адкуль яна ўзнікла, чытачы “НГ” ужо ведаюць — мы расказвалі пра гэта разам з Вольгай Бабурынай колькі месяцаў таму. Пісалі мы тады і пра шырокія магчымасці выкарыстання выцінанкі. Ёю, аказваецца, можна ўпрыгожыць паліцы, шыбы, вазоны, на яе аснове можна зрабіць вельмі цікавыя карціны, паштоўкі і абярэгі. Якое было маё здзіўленне, калі, завітаўшы да Вольгі Бабурынай праз паўгода, убачыла, што гэта далёка не ўсе спосабы выкарыстання выцінанкі. За гэты час майстар знайшла яшчэ некалькі цікавых формаў.— Мне падабаецца эксперыментаваць і ў нейкім сэнсе “выпрабоўваць” выцінанку, — гаворыць Вольга. — Здавалася б, простая папера, што там надта выдумаеш — паштоўкі ды карціны. Аднак нядаўна адкрыла для сябе, што выцінанку можна клеіць на драўляную аснову і такім чынам рабіць завушніцы ці ёлачныя цацкі — за іх, дарэчы, я атрымала дыплом першай ступені на выставе “Калядныя ўзоры”. Прыгожыя завушніцы з вожыкамі заўважыла і на пяцігадовай дачцэ Вольгі — Мілаве, якая, уладкаваўшыся побач з матуляй, дапамагала ёй выразаць з паперы. Як прызналася Вольга, яна ніколі не хавала ад дачкі нажніцы, і тая ўжо ў некалькі гадкоў пачала выразаць. Таму ў свае пяць Мілава ўжо досыць умела спраўляецца з інструментам — за хвіліны выходзяць з-пад яе рук папяровыя сняжынкі, усялякія звяркі і тварыкі. Канешне, не такія вычурныя і ажурныя, як у мамы, але ўсё ж...— Калі вырасту, абавязкова стану выцінаншчыцай, — не адрываючыся ад выразання, расказвае мне Мілава. — Вось бачыце, як прыгожа атрымліваецца.Калі нават маленькая Мілава выразае з паперы, было б проста сорамна не навучыцца некалькім прыёмам і нам з вамі.
Майстар-клас ад Вольгі БАБУРЫНАЙ:
1. Нам спатрэбяцца аснова паштоўкі (можна ўзяць кардон ці кавалак ватману, складзеныя папалам), аловак, нажніцы, клей і каляровая папера. Традыцыйна выцінанкі выразалі з чорнай паперы. Так рабіла і я напачатку. Аднак пасля перайшла на каляровую — яна дапамагае не толькі лепш раскрыць вобраз, але і эмацыянальна ўздзейнічаць на людзей.
2. Складваем каляровую паперу папалам, малюем паўсэрца, стараючыся прыдаць нашаму малюнку ажурнасць.
3. Цяпер выразаем наша сэрца. Разгортваем — адно сэрца ёсць. Робім яшчэ некалькі сэрцайкаў — меншага і большага памеру. Каб праца ішла хутчэй, можна ўзяць адразу два кавалкі паперы, скласці іх папалам разам і паўтарыць п. 2.
4. А цяпер спрабуем з сэрцаў стварыць пэўную кампазіцыю на тытульнай старонцы нашай будучай паштоўкі. Прыклейваем сэрцы.
5. Выцінанкі можна змясціць не толькі на тытульнай старонцы паштоўкі, але і на астатніх.
6. Каляровай ручкай (лепш за ўсё гелевай) малюем на паштоўцы невялікія кветачкі, сэрцы, кропкі ці іншыя фігуры.
7. На паштоўках, нават да Дня святога Валянціна, можна змяшчаць не толькі сэрцы, але і іншыя фігуры, выразаныя з паперы. З сэрцайкаў, якія мы сёння выразалі, можна таксама рабіць падвескі — пад люстру, на акно альбо дзверы. Як мне падаецца, такія падвескі дапамогуць стварыць вельмі рамантычную атмасферу ў кватэры. Вашым каханым павінна спадабацца.