Тут атрымаў атэстат Янка Купала
Унутры самога будынка прасторна і ўтульна. У школе ўсяго з дзясятак добраўпарадкаваных і светлых вучэбных класаў, невялічкая спартыўная зала (яе паміж сабою настаўнікі называюць актава-спартыўнай), сталоўка. Школка, насамрэч, вельмі мініяцюрная, я б нават назвала яе сямейнай. Прыблізна такой жа яна была і ў 1864 годзе, калі ў вёсцы была заснавана сельская царкоўна-прыходская школа, а ў 1870-м на яе базе адкрыта Бяларуцкае народнае вучылішча. Такія ўстановы, якія давалі першапачатковую адукацыю, існавалі ў розных мястэчках Беларусі. Тады Бяларучы, хоць і знаходзіліся ў Мінскім павеце (тут быў свой валасны ўрад, пісар, пан), але заставаліся невялічкім і бедным паселішчам. Драўляная царква, некалькі крам, тры дзясяткі хат, шынок, млын. А ля ракі — будынак вучылішча.
— Калі Янка Купала паступіў у Бяларучы, загадваў вучылішчам настаўнік Мікалай Фёдаравіч Турчановіч. Ён ведаў замежныя мовы, меў багатую на той час бібліятэку, у якой былі кнігі па гісторыі, славеснасці, прыродазнаўству, — праводзіць экскурсію ў музеі дзевяцікласніца Людміла Вішнеўская. Дзяўчынка з пятага класа знаёміць гасцей школы з тутэйшай Купалаўскай спадчынай, выдатна валодае беларускай мовай, чытае вершы. — Турчановіч дазволіў Янку Купалу карыстацца сваёй бібліятэкай. У нас ёсць нават вельмі цікавы ўспамін, калі, закапаўшыся ў кніжках, старанны вучань проста забыўся, што можна ехаць на зімовыя вакацыі дамоў. Балазе бацька пасяліў Яся ў хаціне пры школе. Расказвалі, што тата паэта прывозіў хлопчыку сюды розныя крупы — проса, гарох, фасолю. І калі запасы амаль што заканчваліся, Купала змешваў іх у адным чыгунку і прыгаворваў: “Вшыстко едно — у страўніку ўсё перамелецца”.
— Мы наўмысна вынайшлі і выкарыстоўваем матэрыял, у асноўным наш мясцовы, каб дзецям не надакучвала гаварыць пра адно і тое ж, — уліваецца ў размову загадчыца музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таіса Каранда. — Напрыклад, мы знайшлі ўспаміны мясцовай жыхаркі Марыі Мігай, якая ведала Купалу асабіста. Яна ўсё жыццё пражыла ў Бяларучах і расказала выпадак, калі вучылішча ў карчомцы святкавала выпускны вечар. З дзецьмі прыйшлі і бацькі. На сталах стаяла гарбата, ляжалі абаранкі. Гралі музыкі. Дзеці танцавалі польку, лявоніху. І Марыі Сцяпанаўне, тады дванаццацігадовай дзяўчынцы, хацелася, каб яе запрасілі на танец. Але хто запросіць дзяўчынку з беднай сям’і ў лапцях? Не паверыла Марыля вачам сваім, калі на танец яе запрасіў Янка Купала. Няўжо ж гэта не цікавая гісторыя для дзяцей?
Прызнаюся, сціплы школьны музей уражвае. Тут і этнаграфічны куток, і палічка з Купалавымі выданнямі. Калі здымак класіка, дык рэдкі, не хрэстаматыйны. Калі газета на сцяне, дык “Беларусь” 1920 года. Калі кніжачка пачатку ХХ стагоддзя, дык “Лемантар” 1906 года.
— Бяларуцкае народнае вучылішча Янка Купала скончыў экстэрнам — за адну зіму, — працягвае сваю калегу-экскурсавода васьмікласніца Ірына Гуліс. — У Вялікую Айчынную вайну будынак навучальнай установы быў спалены, а ў 1945 годзе выйшла дзяржаўная пастанова аб увекавечанні памяці паэта. Прысвоіць яго імя было вырашана тэатрам, кінатэатрам, вуліцам. І ў тым ліку Бяларуцкай сярэдняй школе. Вясковую сямігодку адбудавалі ў 1950 годзе. На адкрыццё прыязджала Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка паэта. Калі ласка, ёсць і адпаведны здымачак. Была тут і родная сястра песняра — Леакадзія Дамінікаўна Раманоўская.
Праз сем гадоў у школе адкрыўся клас-музей Янкі Купалы, а ў 1998-м, пасля пашырэння будынка школы, музей займеў асобны пакойчык. Менавіта ён, як сцвярджаюць настаўнікі, і стане сапраўдным адкрыццём для выпускнікоў, якія закончылі Бяларуцкую школу 25 і 30 гадоў таму.
— Гэта была шыкоўная падзея, — успамінае загадчыца музея Таіса Каранда. — Экспазіцыю рабіла ў нас Святлана Майхровіч, тагачасны супрацоўнік Літаратурнага музея імя Янкі Купалы. Дарэчы, з гэтай установай пасля ў нас усталяваліся цесныя сувязі. Літмузей дапамог з архіваў “падняць” якія-ніякія дакументы. Напрыклад, дасталі для нас з архіваў КДБ перадсмяротнае пісьмо Янкі Купалы. Далі нам макет той школы, у якой быццам бы вучыўся паэт. На другое нараджэнне школьнага музея завітала пляменніца Янкі Купалы Ядвіга Раманоўская, пісьменнік Мікола Гіль, паэт Мікола Аўрамчык, літаратар Уладзімір Юрэвіч. Мы і сёння працягваем традыцыю творчых сустрэч з паэтамі і празаікамі. У гасцях у нас былі Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Уладзімір Ліпскі, Ніл Гілевіч, Анатоль Кудравец, Сяргей Грахоўскі, — Таіса Каранда павольна гартае старонкі тоўстага школьнага альбома-летапісу.
— “Культурныя паломнікі” часта наведваюць школу? — перапытваю настаўніцу.
— Не вельмі. Ды і для нас гэта не галоўнае. Важна, каб дзеці былі зацікаўлены ў справе адраджэння спадчыны вёскі. Школа ж знакаміта сваім выпускніком. Чаму б і не пахваліцца тым, што ёсць! — усклікае Таіса Сяргееўна.
У гэтым годзе краіна адзначыць 130-годдзе Купалы і Коласа. Да такой падзеі школа плануе прымеркаваць і правесці літаратурнае свята “Нам засталася спадчына”. Запрасіць на яго пісьменнікаў, паэтаў, мовазнаўцаў. Прычым праект будзе прысвечаны імёнам адразу двух беларускіх класікаў. Школьнікі знайшлі звесткі, што Якуб Колас двойчы быў у Бяларучах — у 1908 і 1912 гадах. У газеце “Наша ніва” ён піша, маўляў, паеду да таварыша ў вёску, пішыце на адрас: ст. Астрашыцкі Гарадок, Бяларучы. Тут у той час жыў Іван Міцкевіч — першы “дарэктар” Якуба Коласа. Сведчанне гэтага знаходзіцца і ў кнізе Максіма Лужаніна “Колас расказвае пра сябе”.
…Дзіўнае адчуванне ўнутры. Тут, у Бяларучах, усе расказваюць пра Купалу з такой праўдзівай інтанацыяй, быццам бы ведалі яго асабіста. Дзеці і настаўнікі гавораць па-беларуску: льецца матчына мова — жыве і мініяцюрная сельская школка. І, здаецца, “трымаецца” яна, дзякуючы ўшанаванню імя, спадчыны класіка, непадробнаму патрыятызму і энтузіязму вяскоўцаў.
Таццяна УСКОВА, “БН”
Фота аўтара