Мы — нацыя чытаючая

Источник материала:  
Мы — нацыя чытаючая

Беларусы паважалі друкаванае слова яшчэ з часоў Францішка Скарыны. Інакш і быць не магло. Колькі сіл затрачвалі першадрукары для таго, каб стварыць кнігу! Шмат клопату трэба і сёння, каб яна выйшла ў свет. Аднак ці не з меншай увагай зараз мы ставімся да кнігі? Ці ўспрымаем яе як цуд чалавечай думкі, узор мастацтва і духоўнасці? Паступова яна становіцца тэкстам у планшэтным камп’ютары або смартфоне. Але сутнасць кнігі ад гэтага не мяняецца. Калі яна будзе распаўсюджвацца на розных носьбітах, толькі больш чытачоў знойдзе. І ўсё роўна застанецца, па словах класіка, самым даўгавечным плодам чалавечай дзейнасці. XIX Міжнародная кніжная выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі”, якая 8 лютага разгорнецца ў сталічным выставачным цэнтры “БелЭКСПА”, яскравы таму доказ. Кнігамі, прадстаўленымі на ёй, будзе ганарыцца не адно пакаленне чытачоў. Аб адметнасцях сёлетняга свята кнігі расказвае першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі, старшыня аргкамітэта ХІХ Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу Лілія АНАНІЧ.

— Дзевятнаццаты раз выставачны цэнтр “БелЭКСПА” шчыра будзе вітаць у сваіх сценах Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш. Зноў будзе шмат гасцей, мора кніг і наведвальнікаў. Якія мерапрыемствы стануць “разыначкамі” свята кнігі?

— Прэзентацыі кніг, семінары, майстар-класы па пытаннях электроннага кнігавыдання, па новых тэхналогіях распаўсюджвання кнігі, аб нацыянальным кнігавыданні ў сегменце энцыклапедый... Складана ўсё пералічыць, але можна з упэўненасцю сказаць, што кожны наведвальнік выставы-кірмашу абавязкова знойдзе ў праграме тое, што яго прывабіць. Рэспубліканскі план па правядзенню Года кнігі ўжо распрацаваны, ідзе праца над прыняццем закона аб выдавецкай справе. Будзе прэзентаваны і лагатып Года кнігі ў Беларусі, які ўяўляе сабой выяву кнігі з выкарыстаннем дзяржаўнай сімволікі. Лепшыя мастакі працавалі над яго стварэннем.

— Выстава-кірмаш — гэта не проста дэманстрацыя дасягненняў у кніжнай вытворчасці краін-удзельніц, але і падвядзенне вынікаў за год. Колькі кніг і якім тыражом было выдадзена ў Беларусі ў параўнанні з пазамінулым годам?

— Сёння ў краіне дзейнічае 620 выдавецтваў. Летась імі было выдадзена 11 тысяч 84 найменні кніг і брашур агульным тыражом 34 мільёны 340 тысяч экзэмпляраў. Атрымліваецца, на кожнага жыхара краіны — амаль па чатыры кнігі. Паказчык гэты меншы, чым летась. Аднак мы не саступаем па ім еўрапейскім краінам. Ва Украіне, напрыклад, выдаецца ўсяго адна кніга на жыхара.

 Пачэсны госць выставы — Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла. Экспазіцыйны стэнд паўднёвай амерыканскай краіны па плошчы самы вялікі за ўсю гісторыю выставы. На 240 квадратных метрах прадстаўлена кніжная прадукцыя Венесуэлы, пройдуць майстар-класы, круглыя сталы і дыспуты з удзелам вядомых венесуэльскіх пісьменнікаў Луіса Брыта Гарсія, Роберта Эрнандэса Мантоя і многіх іншых.

— Беларускамоўныя выданні значна саступаюць па тыражу рускамоўным. Адбываецца гэта, напэўна, таму, што ў выдавецтвах мяркуюць, маўляў, беларускамоўную літаратуру купляць не будуць...

— Сёння мы працуем над праектам Указа Прэзідэнта “Аб падтрымцы нацыянальнага кнігавыдання”. Нельга сказаць, што тая колькасць беларускамоўных кніг, што выдаюцца ў нашай краіне, а гэта каля 10 працэнтаў ад усіх, дастатковая. Разам з тым гэта адлюстраванне моўнай сітуацыі ў нашай краіне. Сёлета на выданне і распаўсюджванне беларускамоўнай кнігі будзе звернута больш пільная ўвага.

— Але выдаць кнігу — справа адна, і зусім іншая — данесці яе да чытача. Каб скараціць запасы выпушчанай прадукцыі на складах, міністэрствам была зроблена спроба наладзіць нармальную работу маркетынгавых службаў. Якімі поспехамі ў гэтым кірунку ўжо можна ганарыцца?

— Летась распаўсюджванне кніг было значна пашырана. Амаль ва ўсіх гандлёвых кропках “Белсаюздруку” з’явілася сацыяльна значная літаратура. І яна знаходзіць пакупніка. Але кніга не можа быць распрададзена за адзін дзень. На гэта ёй “даецца” ад аднаго да трох гадоў, а па сусветных паказчыках — і да пяці. Не так даўно ў падземным пераходзе на станцыі метро “Плошча Перамогі” была адкрыта кнігарня дзяржаўных выдавецтваў, дзе можна набыць любую сацыяльна значную літаратуру. І мне было так радасна, калі продаж кніг асабліва ўзрос у навагоднія дні. Кнігу набывалі ў падарунак. У рэспубліканскім плане Года кнігі, які ўжо распрацаваны, прадугледзелі святкаванне Дня дарэння кнігі, што таксама будзе спрыяць лепшаму распаўсюджванню кніжнай прадукцыі.

— Фінансава-эканамічныя цяжкасці не абмінулі кніжную вытворчасць нашай краіны. Ці можна і сёння сказаць, што беларусы застаюцца нацыяй кнігалюбаў?

— Сёння мы гаворым пра тое, што беларуская кніга, нягледзячы на эканамічныя складанасці, не губляла свае пазіцыі. Беларусь — краіна чытаючая. Канечне, мы не можам заставацца ўбаку ад сусветнай тэндэнцыі скарачэння аб’ёмаў кнігавыдання, жывём у век новых тэхналогій. Але на якім бы носьбіце кніга не існавала, кнігай яна і застаецца.

— 7 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі будуць падведзены вынікі нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі — 2012”. Колькі прэтэндэнтаў на перамогу ў ім было сёлета?

— Усіх канкурсантаў было 190. У спаборніцтве прынялі ўдзел 40 выдавецтваў краіны. Штогод, а сёлета конкурс праходзіць пяцьдзясят першы раз, яго ўдзельнікі дэманструюць высокі ўзровень мастацкага афармлення і дызайну кнігі, які высока ацэньваецца ў замежжы.

←Белорусская симфоническая музыка ХХ века звучала на празднике музыки "Заславль-2012"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика