Зручны фармат кніг з новай серыі “Славутыя мастакі з Беларусі” дазволіць чытаць іх нават у метро

Источник материала:  
Зручны фармат кніг з новай серыі “Славутыя мастакі з Беларусі” дазволіць чытаць іх нават у метро

З нагоды аб’яўленага Года кнігі Нацыянальны мастацкі музей і выдавецтва “Беларусь” распачалі новы сумесны праект “Славутыя мастакі з Беларусі”. У планах — распавесці ў асобных выданнях пра некалькі дзясяткаў вядомых беларускіх мастакоў. Першая кніга пра таленавітага майстра нацюрморта і партрэта Івана Хруцкага, 200-годдзе якога нядаўна адзначалі ў рамках ЮНЕСКА, ужо пабачыла свет. На чарзе — выданні пра Валенція Ваньковіча, Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, Апалінарыя Гараўскага, Хаіма Суціна, Язэпа Драздовіча, Марка Шагала і многіх іншых. — Мяркуем, праект дазволіць зрабіць больш папулярнымі нашых мастакоў, асабліва сярод моладзі, — гаворыць дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. — На жаль, мы вельмі мала ведаем пра беларускіх мастакоў. А калі чуем, напрыклад, імёны Хруцкага ці Драздовіча, называем іх ці рускімі, ці польскімі. Нам ёсць кім ганарыцца, мы хочам паказаць гэта жыхарам нашай краіны, павярнуць іх да беларускай культуры. Усе кнігі з серыі “Славутыя мастакі з Беларусі” будуць выдадзены адразу на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай — дзеля таго, каб з беларускімі творцамі пазнаёмілася як мага больш людзей. Працы мастакоў, якія ўвойдуць у кнігі, будуць прадстаўлены не толькі цэльна, але і фрагментарна. У першай кнізе “Іван Хруцкі”, напрыклад, дэталёва можна раз-гледзець узоры на вазе ці пяро на капелюшы, якія ёсць на карцінах мастака. — Кнігі з серыі маюць невялікі фармат, іх з лёгкасцю можна пакласці ў жаночую сумку ці пачытаць у метро, — расказвае дырэктар выдавецтва “Беларусь” Ганна Трусевіч. — Нам падаецца, гэта павінна яшчэ больш прыцягнуць увагу чытачоў да выданняў.Да таго ж прывабным з’яўляецца кошт кніг: не больш за 20 тысяч беларускіх рублёў, і гэта пры тым, што кнігі друкуюцца на дарагой паперы з вялікай колькасцю ілюстрацый. Набыць іх можна будзе ў кіёсках Белсаюздруку, кнігарнях па ўсёй краіне, у кіёску Нацыянальнага мастацкага музея, а таксама на шматлікіх выставах і прэзентацыях, якія плануюцца ў рамках праекта “Славутыя мастакі з Беларусі” па ўсёй краіне. Дарэчы, ужо 2 лютага аўтары праекта запрашаюць чытачоў “НГ” на прэзентацыю першай кнігі “Іван Хруцкі”, якая адбудзецца ля палотнаў майстра ў Нацыянальным мастацкім музеі.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика