Кітайская "лодка дракона" выклікала фурор на міжнародным фальклорным фестывалі ў Іванаўскім раёне
24.01.2012 17:03
—
Новости Культуры
Кітайская "лодка дракона" выклікала фурор на міжнародным фальклорным фестывалі ў Іванаўскім раёне
Фестываль народнай творчасці "Фальклор без межаў" завітаў на Іванаўшчыну сёмы раз. Яго традыцыйна ладзяць у дні, калі праваслаўны свет святкуе Вадохрышча. Але сёлетняе свята бадай упершыню перастала быць толькі славянскім, набыло, так бы мовіць, прыкметны ўсходні каларыт.
Адкрыўся чарговы фэст 20 студзеня ў вёсцы Тышкавічы – там, дзе некалі распачыналася сама ідэя яго правядзення. Першы дзень прысвяцілі знаёмству ўдзельнікаў з Іванаўскім раёнам, хоць шмат якія калектывы трапілі сюды не ўпершыню. Так, народныя ансамблі "Дзянніца" (Дрыбін Магілёўскай вобласці) і "Жывіца" (Любяшоў, Украіна) бралі ўдзел амаль у кожным падобным фестывалі.
Частыя госці "бязмежнага фальклору" - тэатр народнага гумару "Спораўскі акалот" (Бярозаўскі раён), ансамбль песні і танца "Спатканне" з Міншчыны. Тым не менш усе яны разам з царкоўнымі харавымі калектывамі правялі пятніцу, 20 студзеня, у сустрэчах з вясковымі гледачамі: у Тышкавічах, Моталі, Снітаве ды іншых населеных пунктах. І паўсюль залы мясцовых дамоў культуры поўніліся гледачамі.
21 студзеня ўжо на галоўнай іванаўскай сцэне адбыўся вялікі гала-канцэрт. Тут, як кажуць, тон задавалі фальклорныя калектывы з Іванаўскага раёна, вядомыя на Берасцейшчыне і не толькі – ансамбль народнай музыкі і песні "Палешукі", аматарскі калектыў "Асалода", народны ансамбль "Знаходка". Расійскую Федэрацыю прадстаўляў народны ансамбль песні "Беразляначка" са Смаленшчыны.
Выходзячы на сцэну, гэтыя ды іншыя калектывы, кожны са сваім тварам, гарманічна дапаўнялі адзін аднаго. Амаль што пазбеглі жанравых ды стылістычных паўтораў. А некаторыя выканаўцы (як Вольга Куксік з Крупак) па сваіх вакальных здольнасцях, на мой погляд, маглі б даць фору вядомым зоркам беларускай эстрады.
Шмат цікавых жартаў можна было пачуць ад вясёлых дзяўчат са Спорава. Мужчыны і жанчыны з народнага аматарскага аб’яднання "Прамень" (якое прадстаўляла Столінскі раён) яскрава прадэманстравалі, што ўяўляе сабой знакаміты і вельмі самабытны абрад шчадравання "Конікі".
А цяпер пра абяцаны "ўсходні каларыт". Упершыню на "Фальклор без межаў" не прыехалі нашы суседзі з Польшчы. І таксама ў першы раз бралі ўдзел госці з далёкага Кітая. Мабыць, такое супадзенне і здалося камусьці прыкметай часу. Але, напэўна, справа тут не толькі ў нашай, так бы мовіць, шматвектарнай знешняй палітыцы.
У любым выпадку студэнцкі фальклорны калектыў, заснаваны пры амбасадзе КНР у Беларусі, не толькі не сапсаваў свята, а вельмі смачна і гучна разбавіў славянскі мастацкі кактэйль уласным фальклорам. Музычна-танцавальная кампазіцыя "Лодка дракона" была сустрэта публікай відавочна на ўра. Мабыць, сімвалічна, што адбылося гэта акурат напярэдадні наступлення года Дракона паводле ўсходняга календара. Такім чынам, сёмы фестываль "Фальклор без межаў" значна расшырыў свае межы за два студзеньскія дні.
Фінальным акордам фестывалю стала ўручэнне дыпломаў і падарункаў ад Іванаўскага райвыканкама. У час цырымоніі прадстаўнікі аднаго з мясцовых калектываў, згодна з ментальнымі асаблівасцямі беларускага народа, вырашылі падзякаваць старшыні РВК Юрыю Бісуну за тое, што ён сем год таму быццам бы падтрымаў ідэю правядзення фестывалю і тым самым даў таму трывалую пуцёўку ў жыццё. Аднак кіраўнік раёна праявіў сумленнасць і сціпла адказаў: "Я ж толькі шосты год працую, як я мог падтрымаць?" Відаць, меў рацыю.

Спораўскія жартаўніцы |
"Конікі" ў выкананні столінскага калектыву "Прамень". |
Студэнты з Кітая вельмі спадабаліся гледачам. |