У Нясвіжы — як у Парыжы

Источник материала:  
У Нясвіжы — як у Парыжы

Нясвіж уступіў у правы сёлетняй культурнай сталіцы краіны.

Пачатая пазалетась традыцыя – прысвойваць пачэснае званне культурнай сталіцы аднаму з гарадоў краіны – справа патрэбная і карысная, сведчыць статыстыка. Летась, калі гэта місія была нададзена Гомелю, у ім адбылося звыш 220 фестываляў і выстаў.

А калі пазалетась першай культурнай сталіцай Беларусі быў прызнаны Полацк, у раёне было праведзена больш за шэсцьдзясят мерапрыемстваў. “Абвяшчэнне культурнай сталіцы, — зазначыў намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі, — дазваляе больш шырока прэзентаваць культурную самабытнасць рэгіёнаў краіны, павысіць іх турыстычную прывабнасць. У Полацку, напрыклад, за год, калі яму быў нададзены статус культурнай сталіцы, колькасць турыстаў павялічылася ў тры разы”.

Тое, што Нясвіж стаў сёлетняй культурнай сталіцай, — і радасць, і гонар. Ды і горад-помнік, які стагоддзі таму таксама лічыўся адным з культурных цэнтраў Еўропы, сапраўды таго варты. Палац Радзівілаў, у якім падыходзяць да завяршэння аднаўленчыя работы, стане галоўнай пляцоўкай культурнай сталіцы. Пачынаючы з вясны сюды запросяць оперныя і балетныя вечары, фестываль “Музы Нясвіжа” пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга. Урачыстае адкрыццё палаца адбудзецца не пазней красавіка, але некаторыя залы можна наведаць ужо сёння. Прываблівае Нясвіж не толькі як горад-музей. Летась горад наведала больш за сотню тысяч гасцей. А сёлета, як адзначыў Тадэвуш Стружэцкі, турыстаў чакаецца ўтрая больш. Галоўнае зараз вырашыць праблему інфраструктуры. І безумоўна званне культурнай сталіцы, прысвоенае Нясвіжу, павінна станоўча на гэта паўплываць. Бо гэта яшчэ адзін стымул для інвестараў, якія могуць укласці сродкі ў рэканструкцыю ўжо існуючых гатэляў або будаўніцтва новых. Па інфармацыі Нясвіжскага райвыканкама, у горадзе і раёне сёння каля трох тысяч месцаў для абслугоўвання ў пунктах харчавання, каля ста трыццаці — у гатэлях. Гэтага, канечне, недастаткова для звання культурнага цэнтра краіны. Міністр культуры Павел Латушка ў час прамой лініі ў “НГ” зазначаў: акрамя гатэляў у самім горадзе гасцям культурнай сталіцы будзе прапанавана наведаць дадатковыя аб’екты аграэкатурызму ў раёне.

У Нацыянальным мастацкім музеі, дзе адбылася перадача сімвалічных ключоў сёлетняй культурнай сталіцы, справаздачу трымаў Гомель — культурная сталіца мінулага года Беларусі і СНД. А пахваліцца сапраўды было чым. Як адзначыла намеснік старшыні Гомельскага выканкама Алена Клічкоўская, летась у Гомелі адкрыўся выставачны цэнтр, новае жыццё атрымалі Палац культуры чыгуначнікаў, гарадскі цэнтр культуры, на чыіх пляцоўках выступілі майстры мастацтваў Беларусі, Украіны, Расіі, Грузіі, Венесуэлы і іншых. Каб паказаць свае набыткі, у Мінск гамяльчане прывезлі выставу рэдкіх выданняў XVI—XIX стагоддзяў з Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і Веткаўскага музея народнай творчасці. Дарэчы, кніжныя рарытэты ў Мінск “прыехалі” ўпершыню.

←Латушко: Гомель является одним из лидеров в поддержке и развитии отечественной культуры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика