Сэрца сэрцу голас падае
Пісьменнік, журналіст, навуковец, кандыдат філасофскіх навук Зіновій Прыгодзіч парадаваў сваёй новай кнігай «Постаці: З цэлым народам гутарку весці...», якая выйшла ў рэдакцыйна-выдавецкай установе «Літаратура і мастацтва». Кніга гэтая адметная ўжо тым, што змест яе склалі творчыя партрэты вядомых дзеячаў беларускай культуры. Але непаўторнасць яе, адрознасць ад іншых выданняў, у якіх апавядаецца пра тых, чые імёны на слыху, на гэтым не спыняецца. У Зіновія Прыгодзіча не традыцыйныя артыкулы, міні-даследаванні, як гэта бывае, а гутаркі з тымі, пра каго ён узяўся расказаць.
Дзесяць постацяў, што паўстаюць на старонках кнігі (дарэчы, гэта толькі частка гутарак Зіновія Прыгодзіча, апрабаваных на старонках старэйшага літаратурна-мастацкага часопіса краіны «Полымя»), — не проста дзесяць творчых партрэтаў, а і сяганне ў сферу прыгожага, узвышанага, вабнага.
Першай у кнізе ідзе гутарка з Валерыем Анісенка (каб не абцяжарваць чытача звесткамі, не буду называць усе рэгаліі, узнагароды Валерыя Данілавіча, такога ж прынцыпу буду прытрымлівацца і ў іншых выпадках) «Тэатр пачынаецца ... з Радзімы!». Трапна і да месца ў крыху змененым выглядзе ўспрымаецца вядомае выказванне Канстанціна Станіслаўскага. Знакамітая актрыса Марыя Захарэвіч сутнасць сваёй працы выказала на дзіва афарыстычна: «Навошта той талент, калі няма сэрца...» За літаратуру, за народ беларускі, за Беларусь балела і сэрца Янкі Сіпакова (на жаль, ужо амаль год Івана Данілавіча няма з намі). Ягоныя развагі «Гэта ж якая радасць — ствараць жыццё!» — даверлівая споведзь адкрытай душы. У іх шмат цеплыні, сардэчнасці. Яно і не дзіўна: Сіпакоў і Прыгодзіч сябравалі, таму душа душы, сэрца сэрцу і падае свой голас. Як зорка зорцы ў вядомым перакладзе Аркадзя Куляшова аднаго з вершаў Міхаіла Лермантава.
Дый выраз «душа душы голас падае», па сутнасці, стасуецца да ўсіх матэрыялаў кнігі. Кожнага са сваіх субяседнікаў Зіновій Прыгодзіч змог належным чынам разгаварыць і з кожным у размове ён паўстае на роўных, бо добра ведае творчасць тых, пра каго расказвае. Таму такімі запамінальнымі паўстаюць Міхась Дрынеўскі, Леанід Захлеўны, Адам Мальдзіс, Іван Міско, Георгій Паплаўскі, Анатоль Сульянаў. І кожны з іх становіцца нам яшчэ больш блізкім і дарагім, бо ўжо добра ведаеш яго не толькі як творцу, але і як чалавека.
Пра гутарку ж «Шчасце — калі здзяйсняюцца мары» скажу колькі слоў асобна, бо герой яе — чалавек, якога мы сёння ўсё часцей згадваем, калі ўспамінаем класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Нястомны, няўрымслівы чалавек, як кажа пра яго Зіновій Прыгодзіч, і гэта праўдзіва, Міхась Міцкевіч — сам па сабе асоба, што і відаць з матэрыялу. А яшчэ Міхась Канстанцінавіч на дзіва шмат рупіцца аб прапагандзе творчасці свайго знакамітага бацькі. Увогуле, Міхась Міцкевіч — гэта сапраўдны інтэлігент, а сапраўдны інтэлігент той...
Чытайце гутарку з Міхасём Міцкевічам.
Чытайце кнігу Зіновія Прыгодзіча «Постаці», і вы знойдзеце адказ на гэтае пытанне. Як і на іншыя, спасціжэнне сутнасці якіх дазваляе заўсёды і ва ўсім заставацца не проста чалавекам, а асобай.