«У Саюзе пісьменнікаў ляжыць мая кніга, але калі яна ўбачыць свет?..»

Источник материала:  
З ЯКІМІ праблемамі сутыкаецца ён? Ці віруе літаратурнае жыццё ў беларускай глыбінцы? Сваё меркаванне на гэты конт выказвае паэтэса з вёскі Мачуль Столінскага раёна Галіна БАБАРЫКА:

— Літаратар у вёсцы — гэта і мясцовы інтэлігент, і ў той жа час — звычайны просты гаспадар, які рупіцца пра свой падворак, і старанны працаўнік. Я, напрыклад, педагог з 32-гадовым стажам. Пісаць больш удаецца ўвосень і ўзімку, калі спраў па гаспадарцы няшмат. Але ж творчасць, зразумела, — працэс не ўнармаваны: ці то кароў пасу, ці то з адной вёскі ў другую кірую — а возьмуць вершаваныя радкі альбо сюжэт для апавядання ці гумарэскі ды і народзяцца!

Мае творы знаёмы больш аднавяскоўцам, жыхарам Століншчыны. Дзякую, што мяне друкуюць у раённай газеце «Навіны Палесся», абласной — «Народная трыбуна», у дзіцячым часопісе «Вясёлка». На староках рэспубліканскай прэсы мае творы з’яўляюцца не так часта, як хацелася б. Раней друкавалася і ў «Белорусской ниве». Дарэчы, у літаратурным конкурсе «Сярэбраныя радкі», які ваша газета праводзіла ў 2004 годзе, была ў ліку пераможцаў! Тады пачалося знаёмства з вядомым паэтам Уладзімірам Карызнай. Пасля ён даў мне рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У гэты час у мяне выйшла кніга вершаў «Давер». Пакуль што гэта адзінае выданне, якое пабачыла свет, дзякуючы спонсарскай дапамозе нашага СВК «Палеская ніва». У СПБ сёння ляжыць яшчэ адна мая кніга — «Рачулка дзяцінства», але складана сказаць, калі яна будзе надрукавана. Чаму? Таму што выпуск кнігі — пытанне сёння даволі сур’ёзнае, і на першым месцы тут грошы.

«Вам трэба да нас у сталіцу, «прасоўвайце» свае творы тут. А то так і застанецеся рэгіянальным паэтам», — аднойчы сказалі мне ў рэдакцыі аднаго рэспубліканскага часопіса. Я ж лічу, што для літаратуры не павінна мець значэння, сталічны, гарадскі ці сельскі аўтар, калі твор якасны, таленавіты. Добры літаратурны твор не павінен мець межаў. Думаю, падтрымаюць мяне ў гэтым многія літаратары. Бываючы на творчых сустрэчах з калегамі, абмяркоўваем агульныя для ўсіх нас праблемы: як выдаць кнігу, данесці сваё слова да чытача… Такія сустрэчы бываюць рэдка, аднак заўжды прыносяць натхненне, жаданне тварыць.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, твор даходзіць да чытача. І прыемна чуць водгукі ад простых людзей. Бывае, іду па вуліцы — а мне насустрач аднавясковец: «Бачыў тваю «карацельку» (так мачульцы называюць мініяцюрныя гумарэскі аўтаркі), Галіна, у раёнцы!» Зразумела, прыемна. Калі-нікалі на заняткі прыйду — а дзеці ў класе мой верш чытаюць у «Вясёлцы». Праблема сёння ў тым, што людзі мала чытаюць. Чалавек мяркуе: замест падпіскі на літаратурны часопіс лепш нешта ў дом набыць. Хто вінаваты? Некаторыя адкажуць: фінансавы крызіс. А мне здаецца, што вінаваты крызіс духоўны, дзе яўна недаацэньваецца роля літаратуры і літаратара ў жыцці грамадства.

Як «падагрэць» цікавасць чытача да кнігі? Мяркую, было б добра павялічыць колькасць літаратурных рэгіянальных конкурсаў. У нас, берасцейскіх пісьменнікаў і паэтаў, напрыклад, ёсць абласная прэмія Уладзіміра Калесніка, якая ўручаецца на літаратурным фэсце «Лунінская восень». Больш бы літаратурных конкурсаў праводзілі газеты, часопісы, міністэрствы. Гэта давала б стымул аўтарам.

У Год кнігі прапаную больш увагі надаць вывучэнню роднай мовы, матчынаму слову. Пра яго, дарэчы, павінны клапаціцца і кожны з нас, і дзяржава. Як добра, што ў нашай краіне ёсць свята пісьменства! А гэта ж магчымасць не толькі ўшанаваць слова, але і нам, літаратарам, чарговы раз сустрэцца з чытачамі…

Запісала Таццяна УСКОВА, «БН»

←Рукапiсы не гараць

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика