“Умясціць у сябе ўвесь свет”

Источник материала:  

Топ-7 кніжных навінак выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Калі б першы галоўны рэдактар Беларускай Савецкай Энцыклапедыі народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка мог даведацца, колькі і якіх кніг выпускаецца сёння ў выдавецтве, што зараз носіць яго імя, парадаваўся б за беларусаў. Пачатая ім 45 гадоў таму энцыклапедычная справа не спыняецца. І зараз без “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі”, выданняў “Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя”, “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” і іншых  немагчыма ўявіць нашу сённяшнюю культуру. Сотні фундаментальных тамоў універсальных, рэгіянальных, галіновых, імянных і бібліяграфічных энцыклапедый, слоўнікаў, іншай даведачнай літаратуры, у якіх сістэматызавана інфармацыя па ўсіх галінах ведаў, — гэта духоўны і навуковы скарб беларускага народа. Выкарыстоўваць гэты магутны патэнцыял, пакінуты ў спадчыну, імкнецца выдавецтва сёння, “каб умясціць ў сябе ўвесь свет”, як казаў Пётр Усцінавіч пра сапраўдныя энцыклапедыі.

“Сёння наша выдавецтва спецыялізуецца на выпуску ўніверсальных, рэгіянальных і галіновых энцыклапедый, рознага кшталту даведнікаў і слоўнікаў, вучэбнай, дзіцячай і навукова-папулярнай літаратуры, — расказвае дырэктар выдавецтва Таццяна Бялова. — Выпускаюцца элітныя выданні, кнігі-фотаальбомы прадстаўнічага класа. Мінулы год быў для нашай установы вельмі ўраджайным. Многія выданні паспелі знайсці сваіх чытачоў не толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны”.

Энцыклапедыя “Культура Беларусі”. Том 2. Упершыню краіна атрымала сучасны ўніверсальны даведнік па тэарэтычных аспектах гісторыі культуры, культуралогіі, эстэтыкі, літаратура- і мовазнаўства, мастацтвазнаўства, па канкрэтных пытаннях развіцця літаратуры, кнігадрукавання, перыядычнага друку, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, архітэктуры, музыкі, тэатра, кіно, цырка, эстрады, тэле- і радыёмастацтва, а таксама антрапалогіі, этналогіі, археалогіі.

“Ваенная энцыклапедыя Беларусі” — першая ваенная энцыклапедыя, якая выдадзена ў нашай краіне. Змяшчае асноўныя звесткі па ваеннай справе і значную інфармацыю па ваеннай гісторыі. Прызначана для шырокага кола чытачоў, студэнтаў, курсантаў, навучэнцаў сярэдніх устаноў адукацыі, а таксама тых, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, жадае ведаць сваіх славутых землякоў, якія на працягу стагоддзяў змагаліся за радзіму.

“Беларускі Дзед Мароз” (на рускай мове). Няхай сабе Новы год ужо наступіў, але паехаць у маёнтак да белабародага чараўніка, што жыве ў Белавежскай пушчы, яшчэ  няпозна. Каб больш даведацца пра цуды запаведнага лесу Еўропы, кніга для дзяцей і дарослых “прапануе” разам адправіцца туды ў вандроўку.

Энцыклапедыя “Археалогія Беларусі”.  Том 2. У выданні асвятляюцца археалагічныя культуры, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі і суседніх краін, археалагічныя помнікі (стаянкі, паселішчы, гарадзішчы, селішчы, могільнікі, свяцілішчы), а таксама даследаваныя археолагамі помнікі архітэктуры сярэднявечча (мураваныя храмы, замкі, палацы і інш.), рэчы матэрыяльнай культуры і ўнікальныя творы першабытнага мастацтва. Выданне багата ілюстравана каляровымі і чорна-белымі здымкамі, картамі, планамі і схемамі.

“Энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў” (на рускай мове). Выдадзены летась другі том раскрывае асновы сучасных фізічных уяўленняў аб прыродзе розных з’яў, а таксама ключавыя матэматычныя тэрміны. У энцыклапедыі тлумачацца практычныя аспекты фізікі і матэматыкі ў Беларусі. З яе дапамогай чытач, які мае элементарныя фізіка-матэматычныя веды, зможа засвоіць агульныя канцэпцыі гэтых дакладных навук. Вельмі карыснай кніга будзе і для дапытлівых школьнікаў старэйшых класаў, навучэнцаў каледжаў, студэнтаў інстытутаў і ўніверсітэтаў. Першы том выдання стаў запатрабаваным у Еўропе. Выдавецтва атрымала заяўку на перавыданне з Германіі. “Гэта высокае дасягненне для вучоных Акадэміі навук Беларусі, якія працавалі над стварэннем гэтай займальнай энцыклапедыі”, — адзначыла Таццяна Бялова.

Раман Матульскі. “Бібліятэкі Беларусі. З мінулага ў будучыню” (на рускай мове). Выданне прысвечана асноўным тэндэнцыям развіцця кніжнай і бібліятэчнай справы Беларусі ў кантэксце нацыянальнай і агульнаеўрапейскай гісторыі. Аўтар прапануе зазірнуць у IX стагоддзе, каб прасачыць, якімі ў той час былі “храмы навукі”.

Кнігі з серыі “Маленькі прафесар” (на рускай мове). У пачатку лютага ў кіёсках “Белсаюздрук” з’явяцца новыя кнігі для дапытлівых юных чытачоў. Ім прапануецца даведацца пра насельнікаў навакольнага свету Беларусі. Пра іх раскажуць кнігі “Грызуны Беларуси” — аб ахоўваемых жывёлах-грызунах нашай краіны, “Дзіўныя расліны Беларусі” пазнаёмяць з цікавымі звесткамі аб рэдкіх раслінах: гарлачыку белым, венерыным чаравічку, ландышы, рамонку. “Звяры Беларусі” — захапляльная маленькая “энцыклапедыя”, якая раскажа пра бурага мядзведзя, рысь, барсука, зубра і іншых дзікіх жывёл. А ў кнізе “Знаёмся: інтэрнэт” прапануецца пазнаёміцца з гісторыяй “сусветнай павуціны”, яе гісторыяй, спосабамі доступу, правіламі бяспекі пры рабоце з ім.

←У Мінску забаранілі канцэрт Змітра Вайцюшкевіча

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика