У карагодзе нацыянальных культур

Источник материала:  
У карагодзе нацыянальных культур

Упершыню на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур прагучаць эканамічныя ноткі.

Кожную супольнасць у нашай краіне можна параўнаць з прыгожай кветкай у шыкоўным букеце Беларусі. Без такой метафары нельга абысціся, калі ўспамінаеш Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які раз у два гады па традыцыі праходзіць у Гродне. Нездарма і эмблему гэтага свята зрабілі ў выглядзе кветкі з рознакаляровымі пялёсткамі. Налета фэст ізноў завітае ў слаўны горад над Нёманам. Зараз артысты, кулінары, рамеснікі і ўсе, хто будзе “будаваць” у самым цэнтры Гродна нацыянальныя падворкі, заўзята рыхтуюцца.

Фэст за сваю гісторыю паспеў стаць галоўнай культурнай падзеяй у жыцці розных супольнасцей, што пражываюць у Беларусі, а таксама набыў прэстыж у вачах замежных гасцей. І сапраўды, на свяце, якое яднае ў адзінай песні народы, што жывуць на беларускай зямлі, ёсць чаму падзівіцца і нават пазайздросціць. Наша краіна — адна з нямногіх у свеце, дзе няма канфліктаў на нацыянальнай і канфесійнай глебе. Гэта абумоўлена і гістарычнымі абставінамі, і менталітэтам нашага народа, і, безумоўна, дзяржаўнай палітыкай, якая сёння скіравана на тое, каб кожны чалавек адчуваў сябе ў Беларусі паўнапраўным грамадзянінам.А пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, што па волі лёсу аказаліся ўдалечыні ад сваёй этнічнай радзімы, падзівіцца іх культурным здабыткам “Народная газета” дапамагае на сваіх старонках праз праект “Мы”, які ў новым годзе будзе выходзіць у новым, больш шырокім фармаце.Сёння намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Уладзімір ЛАМЕКА адказвае на актуальныя пытанні з жыцця прадстаўнікоў розных супольнасцей Беларусі.

Пералічыліся

Па выніках перапісу 2009 года, у Беларусі пражываюць прадстаўнікі больш як 140 нацыянальнасцей. Найбольш масавых супольнасцей каля дваццаці пяці. Яны маюць свае грамадска-культурныя аб’яднанні. Пасля прадстаўнікоў карэннага этнасу нашай краіны, які на сёння складае каля васьмі з паловай мільёнаў чалавек, ідуць рускія. Зараз іх у краіне пражывае крыху больш за 785 тысяч. Супольнасць палякаў складае больш за 249 тысяч чалавек. Буйныя супольнасці ў украінцаў, яўрэяў, армян, татараў, цыганоў. Павялічылася колькасць кітайцаў. Калі ў 1999 годзе іх было ўсяго 75, то цяпер больш за 1600. На сто чалавек павялічылася колькасць казахаў. Паважліва ставімся да мігрантаў апошніх гадоў — таджыкаў, в’етнамцаў, туркаў. “Гэта сведчыць аб тым, што Беларусь — камфортная для пражывання краіна, — каментуе даныя перапісу Уладзімір Ламека. — Гэта не сёння так сталася, што мы мірна суіснуём. Гэта ж наша даўняя гісторыя! І калі прыязджаеш у Іўе, што ў Гродзенскай вобласці, бачыш і касцёл, і царкву, і мячэць, і будынак сінагогі, бачыш, як жыхары горада ходзяць у розныя храмы, але сябруюць, ніхто не задумваецца, ты свой або чужы”.У нашай рэспубліцы дзве трэці карэннага насельніцтва маюць родзічаў — прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Гэта гаворыць пра тое, што інтэграцыя шматнацыянальнага супольніцтва — працэс актыўны. І нам і надалей патрэбна рабіць усё магчымае, каб не даць знікнуць ніводнай нацыянальнай культуры, якія мы маем у Беларусі.

Трэба ганарыцца сваёй гісторыяй, каб не згубіцца ў свеце

Такая беларуская рыса, як талерантнасць, фарміравалася ў нашым менталітэце на працягу стагоддзяў. І дапамагла нам выжыць у часы ліхалецця. Рэспубліка Беларусь стала для многіх другой радзімай. І далей нам патрэбна ісці адзін аднаму насустрач, весці дыялог, самім быць крыніцай узбагачэння для культур іншых народаў і нешта цікавае браць для сябе. Толькі так можна імкнуцца да дабра, да прагрэсу. Заканадаўства аб нацыянальных меншасцях дае магчымасць шанаваць, развіваць свае нацыянальныя набыткі, культурную спадчыну тых народаў, якія яны тут прадстаўляюць. “Калі гаварыць пра культурна-асветніцкія праекты, самае важнае пытанне — захаванне сваіх каштоўнасцей найперш праз мову, — гаворыць Уладзімір Ламека. — А гэта значыць, што выхаванне і адукацыя павінны быць на роднай мове. Калі супольнасці гэтага патрабуюць, мы павінны гэта забяспечыць”.У краіне ёсць дзве школы з польскай мовай навучання ў Гродне і Ваўкавыску, дзве школы з літоўскай мовай навучання ў Рымдзюнах, што ў Астравецкім раёне, і ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна. Калі прадстаўнікі тых ці іншых нацыянальнасцей пражываюць не так кампактна, то ў мясцовай школе па жаданні бацькоў могуць быць уведзены факультатывы, адкрыты класы з этнакампанентам, дзе гуманітарны цыкл выкладаецца на нацыянальных мовах.

Пад дахам міру і спагады

Агульная колькасць рэлігійных арганізацый на 1 снежня мінулага года дасягнула 3355. У адпаведнасці са сваімі статутамі дзейнічаюць 163 рэлігійныя арганізацыі агульнаканфесійнай накіраванасці — рэлігійныя аб’яднанні, місіі, брацтвы, сястрыцтвы, духоўныя навучальныя ўстановы. Па стану на 1 студзеня 2011 года дзейнічае каля 2 тысяч 300 храмаў розных канфесій і рэлігійных арганізацый, каля двухсот храмаў будуецца. Вядучая роля ў рэлігійным жыцці краіны належыць Беларускай праваслаўнай царкве, якая аб’ядноўвае больш за 1500 прыходаў, 1334 храмы, 150 будуюцца. Рымска-каталіцкая царква аб’ядноўвае чатыры епархіі, якія налічваюць 475 абшчын. У краіне дзейнічаюць 464 касцёлы, 26 будуюцца. Пазітыўна развіваецца ўзаемадзеянне і з пратэстанцкімі, іўдзейскімі, мусульманскімі канфесіямі.

Фестываль фестываляў

У першыя выхадныя чэрвеня Гродна чакае гасцей з розных куткоў Беларусі на ІХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Адборачныя агляды-конкурсы калектываў мастацкай самадзейнасці розных нацыянальнасцей ужо праходзяць. У час свята, абяцаюць арганізатары, увазе гасцей будзе прадстаўлена каля дваццаці новых праектаў, сярод якіх гала-канцэрт творчых калектываў краін эканамічнай прасторы Беларусь—Расія—Казахстан, выстава дасягненняў народнай гаспадаркі Беларусі з удзелам і ўзнагароджаннем прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, парад беларускай тэхнікі, фестываль адзінаборстваў, конкурс асілкаў Беларусі. Усе падворкі будуць аб’яднаны тэмай вясны ў нацыянальных культурах розных народаў. Упрыгожаць фестываль фаер-шоу і канцэрт артысткі размоўнага жанру Алены Варабей.

←По итогам 2011 года Лувр остался самым посещаемым музеем мира

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика