Жывы летапіс стагоддзяў

Источник материала:  
Жывы летапіс стагоддзяў

Белавежская пушча — самае вядомае прыроднае дзіва Беларусі, нездарма многія лічаць яе і сапраўдным цудам кантынента.

Калі распачынаўся праект “Сем цудаў Беларусі”, скептыкі адразу ж спрагназавалі: можна і да варажбіткі не хадзіць — пачэснае месца ў гэтай сямёрцы зойме Белавежская пушча. Так яно ў рэшце рэшт і атрымалася, але ж адна справа — заключэнне навукоўцаў і спецыялістаў, і зусім іншая — падлік галасоў прадстаўнікоў розных слаёў насельніцтва. І тое, што Белавежская пушча апынулася сярод фіналістаў праекта, надало гэтаму сапраўднаму цуду яшчэ большую вагу, засведчыла ўсенародную любоў. Нагадаем, у сямёрку самых-самых акрамя прыродных славутасцей трапілі і іншыя. Шэсць цудаў-фіналістаў мы вам прадставілі раней, на чарзе — апошняе.

 Тытулаваны лес

У 1992 годзе рашэннем ЮНЕСКА ўчастак высокаўзроставых насаджэнняў нацыянальнага парку, які добра захаваўся, уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны. Белавежская пушча стала першым аб’ектам на тэрыторыі былога СССР, удастоеным такога высокага звання. У 1993 годзе яна атрымала статус біясфернага запаведніка. А ў канцы 1997-га Савет Еўропы ўзнагародзіў яе Еўрапейскім дыпломам — як адну з эталонных прыродаахоўных устаноў на кантыненце. У 2009 годзе ў пушчы адбылося святкаванне 600-годдзя ўстанаўлення ахоўнага рэжыму. Сёння дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова “Нацыянальны парк “Белавежская пушча” знаходзіцца ў распараджэнні Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Запаведныя сцяжыны гісторыі

Калі вы хочаце “пагартаць” жывую кнігу стагоддзяў, абавязкова пабывайце ў Белавежскай пушчы. Гэта самы вялізны старажытны лясны масіў. Ён фарміраваўся тысячагоддзямі, пачынаючы з часоў апошняга ледніка, і яшчэ ў XIII стагоддзі распасціраўся ад Балтыйскага мора да Буга і ад Одэра да Дняпра.Як стары некрануты лес пушча згадваецца ў Іпацьеў-скім летапісе, датаваным 983 годам. Кіеўскія летапісы ўтрымліваюць звесткі аб пражыванні тут племені яцвягаў, якія займаліся паляваннем і рыбнай лоўляй і рабілі частыя набегі на суседнія землі.

Геабатанічныя сенсацыі

Унікальны масіў рэліктавага лесу прыцягвае ўвагу вучоных усяго свету. Аднак Белавежская пушча не проста жывы рарытэт. Яна размешчана на стыку геабатанічных зон. Тут лясы таежнага тыпу з перавагай хвойных парод перамешваюцца з шыракалістымі лясамі, характэрнымі для сярэдняй Еўропы, і ўтвараюць неверагоднае па разнастайнасці і велічы зялёнае царства.— Белавежская пушча — апошні ў Еўропе раўнінны стараўзроставы лес, па колькасці відаў раслін і жывёл ён не мае сабе роўных на кантыненце. Тут дагэтуль расце каля дзвюх тысяч дрэў-веліканаў, якія дазваляюць захоўваць адпаведны генафонд. Гэта дзіўны востраў, дзе змяшаліся эпохі і кліматычныя паясы, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” Васіль Арнольбік.

Звычайныя, рэдкія і ўнікальныя

На забалочаных глебах пасялілася ў пушчы вольха. Гэта другое па распаўсюджанасці дрэва дзякуючы сваёй непрыметнасці захапіла ў сваё ўладанне каля 15 працэнтаў ляснога масіву. Нярэдкі жыхар запаведнага лесу — граб. Ён славуты неверагодна цвёрдай драўнінай. А клёны тут дасягаюць такіх памераў, што і кроны іх разгледзець цяжка. Звычайна клён сустракаецца ў змешаных лясах у нязначнай колькасці, таму калі вучоныя гавораць пра кляновы лес — гэта ўжо геабатанічная сенсацыя, надзвычайная рэдкасць. А Белавежская пушча валодае старымі натуральнымі кляноўнікамі, сярэдні ўзрост дрэў у якіх перавышае 150 гадоў! Гэта ўнікальная прыродная з’ява і для Беларусі, і для іншых краін Усходняй Еўропы.Самымі ж рэдкімі дрэвамі вучоныя называюць скальны дуб і белую піхту. Абодва віды — абсалютныя рэлікты, у нацыянальным парку ёсць толькі невялікія натуральныя насаджэнні. Нідзе ў Беларусі гэтых дрэў больш няма, ды і ў Еўропе яны амаль што зніклі.

Равеснік пірамід

Нацыянальны парк уключае ў сябе не толькі старажытныя лясы. Не так даўно ў яго склад увайшоў яшчэ адзін унікальны прыродны аб’ект — балота Дзікае, размешчанае на тэрыторыі Пружанскага і Свіслацкага раёнаў.Гэта адно з буйнейшых у свеце нізінных балот, якія захаваліся практычна ў натуральным стане. Тут праходзіць водападзел басейнаў рэк Балтыйскага і Чорнага мораў. Гэты балотны масіў — равеснік егіпецкіх пірамід, яго ўзрост — каля 6 тысяч гадоў.Акрамя таго, на тэрыторыі нацпарку знаходзяцца 10 штучна створаных азёр, у якіх водзіцца 27 відаў рыб.

Пешшу, на веласіпедзе ці аўтобусе?

Белавежская пушча стабільна застаецца турыстычным аб’ектам Беларусі, які больш за ўсіх наведваецца: штогод сюды прыязджае больш за 300 тысяч турыстаў, прычым кожны дзясяты з іх — замежны.Тут сапраўды ёсць на што паглядзець. Распрацаваны вельмі цікавыя веласіпедныя і пешаходныя маршруты, аглядныя экскурсіі на аўтобусах. Шмат цікавага можна даведацца ў Музеі прыроды. І, зразумела, не мае патрэбы ў асаблівай рэкламе падарожжа ў маёнтак беларускага Дзеда Мароза.Дарэчы, веласіпеды можна ўзяць напракат і, прыхапіўшы карту-схему маршруту, які спадабаўся, адправіцца ў самастойнае “плаванне”. Нават самая кароткая экскурсія па Белавежскай пушчы падорыць масу яркіх уражанняў!

За апошнія дзесяць гадоў тэрыторыя Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” павялічылася амаль што ў два разы, і сёння яго плошча перавышае 160 тысяч гектараў. З іх каля 90 тысяч гектараў знаходзіцца ў адміністрацыйных межах Камянецкага і Пружанскага раёнаў Брэсцкай вобласці і каля 70 тысяч гектараў на тэрыторыі Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр нацыянальнага парку разме-шчаны ў вёсцы Камянюкі Камянецкага раёна. Нацыянальны парк “Белавежская пушча” ўяўляе сабой адзіны прыродны комплекс з Белавежскім нацыянальным паркам Рэспублікі Польшча, плошча якога складае 10 501 гектар.

Вось дык дзіва!

Царыца-саснаСамае распаўсюджанае дрэва пушчы — сасна. Тут захаваліся сапраўды велічныя персоны, напрыклад веліканская сасна-доўгажыхар, узрост якой 350 гадоў. Дыяметр яе ствала 125 сантыметраў!

Модніцы з каўнерыкаміСустракаюцца ў Белавежскай пушчы і незвычайныя сосны з крыху “ўзнятай на дыбкі” карой, іх называюць каўняровымі. Вучоныя дагэтуль не могуць вызначыць прыроду гэтай з’явы. Такія “каўнерыкі” ўпрыгожваюць толькі дарослыя дрэвы.

Пакланіцца патрыярхуАсілкамі пушчы па праву лічацца дубы. Гэта самае доўгажывучае дрэва еўрапейскіх лясоў. Турысты любяць фатаграфавацца ля велічнага дуба-“патрыярха”, якому ўжо больш як 550 гадоў! Пры дастаткова “сціплай” вышыні 31 метр ён мае двухметровы дыяметр ствала. У запаведнай дуброве, удалечыні ад турыстычных сцежак растуць волаты, якія яшчэ больш уражваюць, — яны старэйшыя, вышэйшыя і больш тоўстыя за “патрыярха”.

Яловыя небаскробыМенавіта яліны ў нашых краях з’яўляюцца прыроднымі небаскробамі. Асобныя прадстаўнікі гэтай пароды дрэў могуць дасягаць у вышыню 50 метраў. Вышэйшых дрэў у Беларусі няма. Напрыклад, у белавежскай рэзідэнцыі Дзеда Мароза расце ці не самая высокая елка ў Еўропе — 42-метровая! Праўда, жывуць калючыя прыгажуні гадоў 200, не больш.Дарэчы, адзін з самых папулярных маршрутаў — у госці да Дзеда Мароза, які пасяліўся ў Белавежскай пушчы ў 2003 годзе. Прычым прымае ён гасцей і раздае падарункі круглы год, а гіганцкая елка па-навагодняму ўпрыгожана і зімой і ўлетку.

Усіх не пералічыцьФаўна Белавежскай пушчы налічвае больш за 10 тысяч відаў розных груп жывёлы. Млекакормячыя прадстаўлены 59 відамі, уключаючы 12 чырванакніжнікаў. З капытных водзяцца высакародны алень, казуля, лось, дзік і зубр, які стаў сімвалам Белавежскай пушчы. Сёння ў ёй пражывае ўжо 415 лясных гігантаў — гэта самая буйная ў нашай краіне папуляцыя, канстатаваў Васіль Арнольбік. У цэлым у Беларусі зараз налічваецца каля 600 зуброў.Праз Белавежскую пушчу праходзіць беларуска-польская мяжа. Зразумела, некаторыя жывёлы спрабуюць яе парушыць. На кантрольна-пагранічнай паласе ўстаноўлены спецыяльныя датчыкі, якія дазваляюць вызначыць, колькі жывёлін перасякае мяжу, а па слядах, пакінутых на спецыяльна ўзрыхленай дарожцы, вучоныя вызначаюць, якія менавіта гэта жывёліны. Быў выпадак, калі адразу сем ваўкоў падкопваліся пад агароджу. А вось рысь ніколі не стане капаць — яна спрабуе пераскокваць цераз перашкоду, сцвярджаюць спецыялісты.На тэрыторыі пушчы адзначана 255 відаў птушак, уключаючы 64 віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сярод іх барадатая кугакаўка, чорны бусел, вялікі бугай, вяртлявая чарацянка, якія маюць асаблівую патрэбу ў ахове.

 Акрамя Белавежскай пушчы ў Беларусі створаны яшчэ тры нацыянальныя паркі: “Браслаўскія азёры”ў Віцебскай, “Прыпяцкі” ў Гомельскай і “Нарачанскі” ў Мінскай абласцях. Ёсць у нашай краіне і адзін запаведнік — Бярэзінскі біясферны.

А вось быў выпадак...Няўлоўная зграяБывалыя паляўнічыя могуць расказаць нямала цікавых гісторый. Адна з іх ужо стала амаль што легендай. У шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя ў Белавежскай пушчы дзейнічала няўлоўная воўчая зграя. Шматлікія аблавы на ваўкоў не давалі вынікаў — кожны раз шэрыя разбойнікі выслізгвалі. Але калі нарэшце ўдалося расправіцца з імі, высветлілася, што важаком няўлоўнай зграі была... вялізная аўчарка. Успомнілі, што два гады таму падобны сабака “дэзерціраваў” з мясцовай пагранзаставы. Ваўкі таксама далёка не дурныя жывёліны, але пад кіраўніцтвам аўчаркі, якая прайшла “пагранічныя ўніверсітэты”, яны сталі яшчэ больш кемлівыя.

Уражанні гасцей

Жывы летапіс стагоддзяўЮлія НЯКРАСАВА і Павел СЫРАМЯТНІКАЎ, Арол (Расія):“Столькі прыемных уражанняў!..”— Раней мы чулі пра вашу краіну толькі тое, што тут ёсць Белавежская пушча і Брэсцкая крэпасць-герой. Песня Пахмутавай і Дабранравава натхніла нас на вандроўку — каб убачыць усё гэта. Звярнуліся ў мінскую турфірму, каб забраніраваць нумар, з гэтым праблем не было. Дарэчы, гасцініца нам спадабалася.

Жывы летапіс стагоддзяўКацярына КОМКА, Прага (Чэхія):“Тут адпачываеш душою...”— У пушчу мяне прывезла мая брэсцкая сяброўка. У Чэхіі таксама ёсць нацыянальныя паркі ў запаведных мясцінах, і я хоцькі-няхоцькі параўноўвала, як усё выглядае ў нас і як у вас. Тут ёсць даволі прыстойная гасцініца і элементарныя выгоды для турыста. І ўвогуле класна, што ў Беларусі ёсць куточак, дзе захоўваецца некранутая прырода — тут адпачываеш душою і дыхаеш свежым паветрам. Рэдкае задавальненне!

Рыкус ХУЛЬШЭР, Амстэрдам (Нідэрланды):Жывы летапіс стагоддзяў“Дзе яшчэ пабачыш дубы, якім па паўтысячы гадоў?”— У Беларусь я прыехаў разам з калегам праз Польшчу. У Польшчы таксама ёсць Белавежская пушча, дакладней, яе “кавалак”. У Галандыі ўсе ведаюць пра гэта месца — я маю на ўвазе тых людзей, якія цікавяцца прыродай, асабліва арнітолагаў. Усім еўрапейцам, што бываюць на польскай палове пушчы, хочацца наведаць і беларускую частку. Дзеля гэтага я ўзяўся за арганізацыю тураў сюды. Вось прыехаў паглядзець на тое, якія тут створаны ўмовы для прыёму гасцей, як выглядае Белавежская пушча. Для галандцаў старадаўні лес — вялікае дзіва, ды яшчэ каб старое дрэва ўпала і ніхто яго не кранаў. А ў пушчы захоўваецца жывая прырода — такая, якая яна ёсць, без умяшання чалавека. Магчыма, гэта ўвогуле апошні сапраўдны лес у Еўропе. Дзе яшчэ пабачыш дубы, якім па паўтысячы гадоў? Толькі тут я мог падзівіцца на рэлікты. Усё іншае — другаснае.

Наталля РУСАКОВА, карэнная пушчанка, біёлаг, шмат гадоў працавала ў навуковым аддзеле нацпарку:Жывы летапіс стагоддзяў“За вушы не адцягнеш!”— За ўсю практыку работы не сустракала яшчэ ніводнай групы абыякавых турыстаў. Нават тыя, хто лічыць, што “ў лесе няма чаго гля-дзець”, праз пятнаццаць хвілін заміраюць з адкрытым ротам. Што ўжо казаць пра чужаземцаў, якія, па сутнасці, сапраўднага лесу ніколі не бачылі. Ёсць мясціны, адкуль іх за вушы не адцягнуць! Часта мы любім экзотаў, назвы якіх і вымавіць цяжка, але пры гэтым зусім не заўважаем тое, што ў нас пад нагамі. І мне дзіўна чуць, калі выбіраюць толькі сем цудаў свету. На мой погляд, кожны від у прыродзе — сапраўдны цуд. Прыязджайце ў Белавежскую пушчу і пераканайцеся ў гэтым.

←Вечары на хутары ля... Паставаў

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика