Дом, дзе пануе свята

Источник материала:  
Дом, дзе пануе свята

Віцебскія артысты-лялечнікі ствараюць сімвал культурнай прасторы горада.

“Лялька можа ўсё! Гэта больш чым тэатр”, — упэўнены мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька” заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Клімчук. У Віктара Ігнатавіча свая тэатральная школа, створаная на асаблівым патрабаванні ўнутранай дысцыпліны і бясконцага творчага пошуку. І плённая праца віцебскіх лялечнікаў даўно прыносіць свае плады. Тэатр ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Яго пастаноўкі з поспехам ідуць у Польшчы, Германіі, Францыі, Сербіі, Фінляндыі і іншых краінах свету. Летась, напрыклад, тэатр прывёз прыз за лепшае ўвасабленне вобразаў праз лялькі з Міжнароднага фестывалю “Валізка”, што праходзіў у польскім горадзе Ломжа.

Паміж Прагай і Парыжам

Нядаўна тэатр “Лялька” адзначыў сваё 25-годдзе. Амаль тыдзень доўжылася свята, якое лялечнікі святкавалі разам са сваімі шматлікімі сябрамі і прыхільнікамі таленту чароўнага мастацтва.Балгарскі пісьменнік і драматург Панча Панчаў упершыню прыехаў у Віцебск, каб павіншаваць “Ляльку” з юбілеем.— Зараз пасля майго знаходжання тут я побач з маімі любімымі замежнымі гарадамі Парыжам і Прагай пастаўлю Віцебск, — прызнаўся пісьменнік. — Я па-добраму зайздрошчу віцебскім дзецям: у іх ёсць такі лялечны тэатр. З яго мастацкім кіраўніком Віктарам Клімчуком пазнаёміўся і пасябраваў на адным з фестываляў, а зараз у мяне такое адчуванне, што я частка гэтага калектыву.Можна смела казаць: за чвэрць стагоддзя “Лялька” стала своеасаблівым сімвалам культурнай прасторы Віцебска. Вакол лялечнага тэатра цэлае сеціва легенд. Іх ніхто не прыдумляў, іх напісала само жыццё. Невыпадкова сярод гледачоў, закаханых у “Ляльку”, ёсць і тыя, хто шчыра жартуе: нарадзіла сыночка, каб з ім разам у “Ляльку” хадзіць.Французская мастачка Франсуаза Лімузі пачала сваё знаёмства з горадам Шагала... з культпахода ў тэатр “Лялька”. У той вечар на сцэне ішла “Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка”.— Я ўсё зразумела без перакладу, — прызналася журналістам спадарыня Лімузі. — У лялечнага тэатра дастаткова невербальных мастацкіх сродкаў, каб перадаць сутнасць літаратурнага твора. У віцебскіх лялечнікаў гэта атрымліваецца выдатна.Замежнай госці было дастаткова ўбачыць спектакль “Лялькі”, каб атрымаць сапраўдную асалоду ад віцебскай культуралагічнай аўры.

Усё пачынаецца з любові

— Беларусам Богам дадзена мова, — гаворыць Віктар Клімчук. — Яна нам родная. Як можна адмовіцца ад яе?Невыпадкова ўсе спектаклі пастаўлены на беларускай мове.Віктар Ігнатавіч распавядае пра свой лёс, які прывёў яго да рэжысуры.— Я нарадзіўся ў бацькоўскай хаце на хутары ў Брэсцкай вобласці. У нас была заможная сялянская гаспадарка. А вакол — бярозавы гай. У бацькоў было 12 дзяцей, а я самы малодшы. Калі пачалося “вялікае перасяленне” з хутароў, мы паехалі на Кубань. Там я зразумеў, што з маім беларускім маўленнем у тэатральнае вучылішча не паступіць. Але ж марыў стаць акцёрам. Прыйшлося пайсці ў прафтэхвучэльню, папрацаваць ліцейшчыкам на Таганрогскім камбайнавым заводзе. І толькі потым  паступіць у студыю пры драматычным тэатры.Вядома, лялечны тэатр існуе не толькі для дзяцей. У рэпертуары ёсць пастаноўкі для дарослых. Адна з апошніх — “Дэкамерон” па матывах вядомага твора Джавані Бакача.Клімчук лічыць, што не ён першы, не ён апошні “замахнуўся” на італьянскую класіку Сярэднявечча. Але вечная тэма кахання, перададзеная ў адпаведным іранічным ключы, вабіць сучасніка і ўчора, і сёння, і заўтра.“Дэкамерон” у Клімчука атрымаўся ў жанры мюзікла — песні, танцы і бясконцыя жартачкі.  З глыбіні глядацкай залы на сцэну выбягае Аўтар, гэта значыць сам Бакача, і ўся дзея спектакля закручваецца вакол яго неардынарнай асобы. Аўтар, ролю якога бліскуча выконвае Аляксандр Маханькоў, пастаянна ўмешваецца ў падзеі, што адбываюцца на сцэне, ён зараджае сваёй экспрэсіяй усіх акцёраў і гледачоў. На прадстаўленні не засумуе нават самы невясёлы глядач.Клімчук заўсёды імкнецца, каб яго пастаноўкі не проста стваралі святочны настрой, але мелі і павучальны характар. У яго гісторыі кахання адчуваецца пэўны катарсіс. Пачуццё прыгажосці кіруе рэжысёрам ва ўсім.

Жывая класіка

Зараз у лялечных тэатрах назіраецца сапраўдны бум на пастаноўкі Чэхава і Шэкспіра. Але для Віктара Клімчука вельмі важна нагадваць суайчыннікам пра нашу годнасць — нацыянальную класіку. Вось “Загубленая душа” паводле твораў Яна Баршчэўскага ідзе амаль два дзесяцігоддзі і па-ранейшаму не страчвае сваёй актуальнасці. А “Ладдзя роспачы” па Уладзіміру Караткевічу? І рэжысёр, і акцёры не хаваюць свайго хвалявання, калі са сцэны гучыць трапнае і ў той жа час палымянае слова генія беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.— “Ладдзя роспачы” раскрывае нам прыгажосць духу, — гаворыць Віктар Ігнатавіч. — Мне падабаецца, калі ў п’есе ёсць думка, ёсць мараль. Вось паставілі казку Андэрсена “Прынцэса і свінапас”. Упэўнены: такія казкі прыносяць свае добрыя плады.У тым, што “Лялька” ўмее заваяваць сэрца маленькага гледача, можа паўплываць на выхаванне гарэзніка, пераканаліся не толькі настаўнікі, але і бацькі. Штосьці адбываецца з непаслухмянцамі, калі яны пераступаюць парог тэатральнага дома. Псіхолагі яшчэ скажуць сваё слова наконт асаблівай лялечнай эстэтыкі, якая здольна закрануць самыя патаемныя глыбіні дзіцячай душы.Здаецца, мастацкі кіраўнік тэатра разам з мастакамі-лялечнікамі і акцёрамі знайшлі той самы чароўны ключык, які адчыняе сапраўдную моц рэальнага мастацтва.Між іншым у тэатры Клімчука вітае культ строгай унутранай дысцыпліны. Ён любіць паўтараць словы сваіх настаўнікаў: у тэатры павінна быць больш жорсткая дысцыпліна, чым у арміі. Віктар Клімчук закончыў Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Сяргея Абразцова і Самарскі інстытут мастацтва і культуры. Сярод галоўных крытэрыяў тэатра ён у першую чаргу вылучае высокую эстэтыку, прафесійнасць і адказнасць за сваю працу.

У тэму

За 25 гадоў у Беларускім тэатры “Лялька” пастаўлена каля 60 спектакляў. Першай пастаноўкай Віктара Клімчука ў Віцебску стала казка “Дзед і Жораў” паводле п’есы Віталя Вольскага. Беларускі тэатр “Лялька” знаходзіцца на гістарычным месцы, каля помніка Пушкіну. Будынак тэатра з’яўляецца помнікам гісторыі і культуры горада канца XIX стагоддзя. Першапачаткова тэатр быў заснаваны як лялечная трупа пры Беларускім акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа. Спектакль “Чароўная зброя Кэндзо” заваяваў Гран-пры Міжнароднага фестывалю “Белая Вежа”, Брэст, 1998 год. Спектакль “Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка” атрымаў Гран-пры Міжнароднага фестывалю ў Югаславіі ў 1999 годзе. У 2005 годзе спектакль “Забыты скарб” па казцы У. Караткевіча атрымаў Гран-пры Міжнароднага фестывалю ў Вінніцы (Украіна). Зараз тэатр працуе над “Запіскамі вар’ята” па М. Гогалю і ставіць “Казку пра Ямелю”.
←Струмочак жыцця

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика