Лёс мовы ў нашых руках
Чаму мы мала карыстаемся ў звычайным жыцці беларускай мовай?
Хто б што ні казаў, а беларуская мова з’яўляецца адной з самых пашыраных у свеце. Сёння на зямным шары налічваецца больш за 3500 розных моў, і толькі крыху больш за трыста з іх з’яўляюцца літаратурнымі пісьмовымі. І вось уявіце сабе: беларуская мова трывала ўваходзіць у першую сотню. Можа, варта зрабіць яе яшчэ больш папулярнай? Ні для каго не сакрэт, што ў краіне існуе праблема з роднай беларускай мовай. З дзвюх дзяржаўных мы часцей карыстаемся рускай, а беларуская застаецца так... для аматараў. У чым жа праблема?
“Беларуская дзяржаўная мова, як і гімн, сцяг, з’яўляецца найважнейшым атрыбутам нашай дзяржаўнасці, — разважае дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец. — І адносіны да яе павінны быць адпаведнымі. Беларуская мова ў значнай ступені садзейнічае фарміраванню нацыянальна адметнага аблічча нашай дзяржавы. Зразумела, што сёння з выкарыстаннем беларускай мовы існуюць істотныя праблемы. І прычын гэтаму нямала”.Гістарычна так склалася, што беларусы юрыдычна і фактычна не мелі сваёй дзяржаўнасці, нават калі гаварыць пра ВКЛ, дзе беларуская мова была дзяржаўнай. Да таго ж, амаль шэсць стагоддзяў мы знаходзіліся пад прыгнётам з аднаго боку Польшчы, з другога — рускага царызму, якія беларускую мову забаранялі. А калі ўспомніць войны, што напаткалі нашу краіну! Хто праходзіў праз беларускую тэрыторыю — стараўся насадзіць беларусам сваю мову. Пасля Вялікай Айчыннай вайны сітуацыя палепшылася — каля 90 працэнтаў школ былі цалкам беларускія. Такі расклад захоўваўся да 1962 года, пакуль Хрушчоў не забараніў ва ўсіх савецкіх рэспубліках, у тым ліку і ў Беларусі, нацыянальныя школы. “З часам наш народ проста адвык размаўляць на роднай мове, — разважаў падчас чарговага пленума Беларускага славянскага камітэта яго старшыня Сяргей Касцян. — Неабсяжнасць меж Савецкага Саюза, міграцыя насельніцтва, камсамольскія будоўлі, армія неяк само сабою прыстасавалі не адно пакаленне моладзі да рускай мовы, што, па сутнасці, нядрэнна, бо руская мова была прызначана ААН адной з шасці моў міжнародных зносін. Аднак нам, нашчадкам, якія вельмі шануюць сваіх продкаў, недапушчальна забывацца, выкрэсліваць з памяці родную беларускую мову і разам з ёю ўсё наша нацыянальнае, духоўнае багацце”.Дзе гэта бачна, каб на роднай мове ў краіне навучаліся толькі дваццаць працэнтаў школьнікаў! Аднак у кожнага з нас ёсць выбар. Мясцовыя ўлады не супраць адкрываць беларускамоўныя класы ці нават школы — былі б жадаючыя.“Лёс нашай мовы залежыць ад кожнага з нас, — лічыць сакратар праўлення Беларускага славянскага камітэта Уладзімір Груздзеў. — Галоўнае, не саромецца яе, а, наадварот, ганарыцца тым, што мы захавалі мову нашых продкаў, і спрабаваць на ёй размаўляць. Пачнём гаварыць па-беларуску мы — загавораць на роднай мове нашы знаёмыя і сябры. І яшчэ. Часам кажуць, што ў нашай краіне наогул нельга пачуць беларускую мову. Аднак проста трэба хацець і ўмець яе чуць.“Беларуская мова, нягледзячы на падпарадкаванае становішча ў большасці камунікатыўных сфер, усё ж такі прысутнічае ў жыцці нашага грамадства, — гаворыць Аляксандр Лукашанец. — Што самае цікавае, у апошні час беларуская мова стала пранікаць у тыя сферы, дзе яе зусім не было гадоў 20 назад. Напрыклад, сёння беларуская мова прысутнічае ў набажэнствах і інтэрнэце — там яе ўжыванне ніхто не рэгулюе, ёю карыстаюцца, таму што яна... неабходная. А гэта не можа не гаварыць пра яе будучыню і перспектыўнасць”.