Фотафакт: Літаратурны марафон салідарнасці з Беларуссю ў Стакгольме
Палову сутак доўжыўся ўчорашні літаратурны марафон на адной з самых вялікіх плошчаў Стакгольма, прысвечаны падзеям у Беларусі, якія здарыліся год таму.
З 12 гадзін дня ў перакладзе на шведскую чыталіся ўголас творы Валянціны Аксак, Святланы Алексіевіч, Васіля Быкава, Вольгі Іпатавай, Артура Клінава, Валерыі Куставай, Вальжыны Морт, Уладзіміра Някляева, Дзмітрыя Плакса, Барыса Пятровіча, Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча.
На імпрэзе таксама прадаваліся кнігі беларускіх аўтараў на шведскай мове.
«Цэлы шэраг літаратараў, дзеячаў культуры, сябраў пісьменніцкіх і праваабарончых арганізацый цягам 12 гадзін на знак салідарнасці з дэмакратычным рухам у Беларусі чытаюць творы беларускіх аўтараў. Нягледзячы на кепскае надвор'е і агульную панядзелкавую і перадкалядную занятасць, усе, да каго арганізатар мерапрыемства Марыя Сёдэрберг звярнулася з просьбай паўдзельнічаць у мерапрыемстве, адгукнуліся на яе прапанову», — распавёў адзін з удзельнікаў акцыі, беларускі пісьменнік і перакладчык Дзмітры Плакс, які жыве ў Стакгольме.
Сярод удзельнікаў было шмат вядомых пісьменнікаў і дзеячаў культуры Швецыі: старшыня Шведскага ПЭН-цэнтра Ула Лашму, пісьменніца Астрыд Тротцыг, старшыня праўлення Дзяржаўнай Рады Культуры Чэрсцін Брунберг, паэт Крыстофер Леандоэр, міністр культуры Лена Адэльсан Лільерут, перакладчык Андэрс Будэгорд і многія іншыя.
Сярод публікі былі дачка Астрыд Ліндгрэн перакладчыца Карын Нюман, кіраўніца Балтыйскай рады пісьменнікаў перакладчыца Яніна Арлоў, некалькіх вядомых шведскіх журналістаў і літаратараў.
«Для шведаў, думаю, гэта праява салідарнасці, сімвалічны вітальны рух у бок дэмакратычнай Беларусі, напамін пра тое, што несвабода існуе побач, і знак неабыякавасці, для беларусаў, спадзяюся, ― прыкладна тое самае», — адзначыў Дзмітры Плакс у каментары прэсавай службе Саюза беларускіх пісьменнікаў.