У Магілёве ледзь сабралі 500 долараў для ўратавання ўнікальнай кнігі

Источник материала:  
15.12.2011 10:44 — Новости Культуры

У Магілёве ледзь сабралі 500 долараў для ўратавання ўнікальнай кнігі


У Магілёве ледзь сабралі 500 долараў для ўратавання ўнікальнай кнігі. Рарытэтная на сёння кніга “Часоўнік” была выдадзена ў магілёўскай друкарні пры Богаяўленскім праваслаўным брацтве яшчэ ў ХVII стагоддзі. Згодна з папярэдняй экспертызай, якую праводзілі спецыялісты, кніга пабачыла свет прыкладна ў 1773 годзе ў друкарні, заснаванай яшчэ Спірыдонам Собалем. І хто б ведаў, што на пачатку XXI стагоддзя ні Міністэрства культуры Беларусі, ні магілёўскія ўлады не зробяць роўным лікам нічога, каб рэдкая кніга засталася на Радзіме…

У Магілёве ледзь сабралі 500 долараў для ўратавання ўнікальнай кнігіГэтая гісторыя распачалася яшчэ месяц таму. Мінскі студэнт, актывіст грамадскага аб’яднання “Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”Андрэй Радкоў заўважыў, што рарытэтны “Часоўнік” выстаўлены на продаж на адным з інтэрнэт-аўкцыёнаў. Прычым уладальнік кнігі -прыватны калекцыянер - прасіў за рарытэтны лот адносна невялікую суму грошай.

Радкоў - вядомы энтузіяст па ўратаванні культурніцкай спадчыны Беларусі. Напрыклад, дзякуючы ягоным намаганням, у мінулым годзе быў арганізаваны збор сродкаў, каб на інтэрнэт-аўкцыёне выкупіць Метрычную кнігу (1759--1807) Ішкалдскага касцёла. Вось і гэтым разам Андрэй вырашыў: каб “Часоўнік” не дастаўся выпадковым перакупшчыкам антыкварыяту, бо потым кошт кнігі ўзрос бы ў разы, выкупіць яе і пакінуць друкаваны рарытэт на Радзіме. А дакладней - перадаць “Часоўнік” Магілёўскаму музею гісторыі. І ён дамовіўся з уладальнікам “Часоўніка” аб тым, што выкупіць кнігу. Сышліся на кошце 500 долараў.

Аднак у студэнта і такой адносна невялікай сумы грошай не было. Андрэй Радкоў звярнуўся да неабыякавых людзей: дапамажыце пакінуць рарытэтную кнігу на Радзіме! Быў адкрыты дабрачынны рахунак для збору сродкаў. Адгукнуліся многія, але ў асноўным прыватныя асобы. Дапамаглі магілёўскія прадпрымальнікі, паўдзельнічаў у зборы сродкаў адзін з жыхароў Германіі, дырэктар музея гісторыі Магілёва пералічыў ажно 1,6 млн рублёў… А вось магілёўскія ўлады ўвесь гэты час робяць выгляд, што іх гэта справа не тычыцца. На розныя забавы яны маюць грошы, а нейкіх 500 долараў, каб аплаціць сапраўдны кніжны рарытэт, пашкадавалі.

Згодна з дамовай, разлічыцца за “Часоўнік” Андрэй Радкоў павінен да 15 снежня. Па інфармацыі “Народнай Волі”, неабходная сума да вызначанага дня будзе сабрана… Такім чынам, рарытэт застанецца ў Беларусі.

Але ўдумайцеся: амаль ніводная дзяржаўная ўстанова не адгукнулася на заклік! Ганебна прамаўчала нават Міністэрства культуры, у магілёўскіх уладаў не хапіла розуму не толькі выдаткаваць грошы, але хаця б і абвясціць пра цэнтралізаваны збор сродкаў для ўратавання “Часоўніка”.

На дзяржаўным узроўні не змаглі знайсці смешную суму ў 500 долараў, у той час, калі шалёныя грошы трацяцца на ўзвядзенне лядовых палацаў, аквапаркаў ды правядзенне “Дажынак”… Але што застанецца нашым нашчадкам, чым яны змогуць ганарыцца -“Дажынкамі” ці культурнай спадчынай? Чаму дзяржава не зрабіла нічога для ўратавання рэдкай беларускай кнігі?

Старшыня грамадскага аб’яднання “Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” Антон Астаповіч не здзіўлены такім падыходам з боку дзяржавы:

- У Беларусі вялікая трагедыя. Яна была і за савецкім часам, яна застаецца і зараз - гэта фінансаванне культуры па астаткавым прынцыпе. У Беларусі ёсць быццам бы шмат адказных за культуру і гістарычную спадчыну - адпаведнае міністэрства, цэлы Дэпартамент па архівах і справаводстве, адмысловыя аддзелы у выканкамах, інстытутах, бібліятэках і іншых дзяржаўных установах. Але…

З моманту атрымання Беларуссю незалежнасці (а гэта ўжо 20 гадоў) у краіне на дзяржаўным узроўні не была арганізавана ні адна археаграфічная экспедыцыя. Архіўны фонд папаўняецца толькі сучаснымі дакументамі цяперашняга справаводства. Пры гэтым у Беларусі недаследаванымі застаюцца шмат метрычных кніг, кніг хростаў, кніг смерцяў, летапісаў цэркваў, касцёлаў… І ўсё гэта не выяўляецца, не даследуецца. Таму што ў таго ж Дэпартамента па архівах і справаводстве пактычна няма ні капейкі грошай.

Што датычыцца канкрэтна “Часоўніка”, то, сапраўды, 500 долараў - гэта не такая вялікая сума. Але ж калі ў міністэрстве ці дэпартаменце няма адпаведнага артыкула расходаў, то дзяржава і не будзе імкнуцца выкупляць рарытэтную кнігу. Ні гэтую, ні іншую.

Можна, канечне, ставіць пытанне пра недахоп фінансавання галіны культуры. Але на недахоп сродкаў можна “спіхнуць” любую дзяржаўную бяздзейнасць. Ёсць у краіне людзі, “прафесіяналы” ад культуры, якія сядзяць на акладзе і працуюць у розных установах. І ім прасцей спісаць усё на недахоп грошай, але пальцам не паварушыць (я ўжо не кажу, каб працаваць з энтузіязмам). Па вялікім рахунку, што, тыя ж адміністрацыі магілёўскіх музеяў не маглі абвясціць збор грошай? Маглі! Чаму яны не ўбачылі, што рэдкая кніга выстаўлена на продаж? Чаму яны не забілі ў званы, не паклапаціліся, зразумеўшы, што мы можам назаўсёды страціць сапраўдны рарытэт?.. Але ніхто з іх нічога не зрабіў. Таму што атрымліваць аклад, працуючы ў галіне культуры, і рупіцца пра культуру - гэта розныя рэчы. І зараз мы маем тое, што маем: рарытэтныя выданні ратуюцца энтузіястамі… 

←Полочанке, спасшей сотни детских жизней в прошедшей войне, посвящена выставка "Материнское сердце"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика