Блакітнае люстэрка Беларусі

Источник материала:  
Блакітнае люстэрка БеларусіНа берагах Нарачы здараліся сапраўдныя рыбныя дажджы, зімой тут бываюць крыгаходы, як на вялікай рацэ,а хвалі падымаюцца на вышыню два метры, як на моры.

Калі падчас круглага стала ў рэдакцыі, тэмай якога сталі вынікі галасавання ў фінале праекта “Сем цудаў Беларусі”, мы разважалі, чаму цудоўная сямёрка склалася так, як склалася, вызначыць прычыну, па якой у яе трапіла возера Нарач, было зусім нескладана. Найбуйнейшае возера краіны, якую з-за вялікай колькасці менавіта азёр называюць Сінявокай, вядома далёка за яе межамі. Выдатнае месца для адпачынку, сапраўдны беларускі брэнд, прыродная жамчужына — усё гэта пра яе, пра Нарач, раскажа любы беларускі школьнік. Але колькі яе хвалі тояць загадкавага, неспазнанага, пра што не здагадваюцца нават многія з тых, хто кожны год прыязджае на гэтыя маляўнічыя берагі за гаючым паветрам, празрыстай вадой і прыемнымі ўражаннямі. Шчыра кажучы, мы самі здзівіліся, даведаўшыся пра некаторыя факты. А яшчэ ў Нарачы ёсць загадкі, дагэтуль не разгаданыя нават навукоўцамі... Зрэшты, на тое ён і Цуд, каб людзі здзіўляліся, захапляліся, а часам і ніякавелі перад нераспазнаным. Сёння возера Нарач, адно з Сямі цудаў Беларусі, прадстаўляе вам гэту выдатную магчымасць.

 Памеры Нарачы:плошча — 79,6 км2даўжыня — 12,8 кмшырыня максімальная — 9,8 кмглыбіня максімальная — 24,8 м (глыбіня сярэдняя — 9 м)даўжыня берагавой лініі — 41 км

Апетае паэтамі, авеянае легендамі

Ну скажыце, напрыклад, ці многім славутым азёрам у свеце паэты прысвячалі вершы? Нешта не прыпамінаюцца сярод літаратурных твораў ні Вікторыя, ні Мічыган, ні Цікікака... Хіба што “Славное море, священный Байкал”, дый той, бачыце, морам называюць. А ў нас — цэлую паэму Максім Танк напісаў:Люблю твае, Нарач, затокi i тонi,Як вецер густыя туманы развесiць,Цi пена срабрыстана хвалях зазвонiць,Цалуючы зоры, калышучы месяц.Люблю, калі ў сонцы гарыш пазалотай,Раскінуўшы сінія хваляў палотны,Ці шэрымі днямі сумуеш маркотнаЗ рыбацкімі песнямі, з шумным чаротам.Люблю твае буры, твае навальніцы, —Ў іх чую, як песні, жыццё маладое...І хочацца блізка грудзьмі прытуліццаДа чорных ад гневу магутных прыбояў...А якія пра возера прыгажэнныя легенды людзі з пакалення ў пакаленне перадавалі, нам у спадчыну пакінулі! Як, напрыклад, вось гэту:“Не было Нарачы тут. Не было Баторына i Мястра. Не было гэтых белакорых прыбярэжных бяроз, тужлiвага крыку чаек i выбеленых стагоддзямi аблачын. Была зямля — гiблая, чорная, як i яе абрабаваная доля. I жыла на гэтай зямлi непрыгожая, рабая, як i сама зямля, дзяўчына Алёнка. Але душой была Алёнка святлей самага белага дня — столькi непрыкметнага хараства таiлася ў ёй. Радавалiся дзявочай дабраце простыя людзi, не раз сушыла яна слёзы iх горкай нядолi. I ўсiм сэрцам пакахаў рабую дзяўчыну хлопец-прыгажун.Толькi сярод людзей былi i нядобрыя, злыя людзi. Яны балюча дакаралi хлопцаву нiцавокасць, павучалi яго:— Вачэй мець не трэба, каб бачыць, якая чорная, брыдкая твая абраннiца.Захлынулася пакутнай журбою раненае сэрца. Да свiтальных зор насiў хлопец па чорнай зямлi горкую скруху, i яна лiлася з сэрца самотнай, тужлiвай песняй. I столькi непадробнага пачуцця было ў яе простых словах, столькi жадання надзялiць прыгажосцю свет цэлы. Не магла песня не крануць сэрца добрага чараўнiка. I ён, расчулены ёю да слёз, вырашыў дапамагчы хлапечай бядзе: падараваў яму чароўнае люстэрка. Паглядзелася ў люстэрка Алёнка — прыгажуняй няпiсанай стала. Пасвятлела на чорнай зямлi ад яе дзiвоснай красы. У сведкi да iх шчасця клiкаў хлопец усiх добрых людзей. Упершыню яго сэрца пела пра шчасце.Аднак нядоўгiм было яно. Дачуўся пра гэты цуд магнат з палаца. Зайздрасцю засвяцiлiся хцiвыя вочы, калi паланянка-прыгажуня пераступiла княжы парог.— Гэты скарб за ўсе iншыя мне даражэй, — адно i сказаў стары князь.Каханых разлучылi. Праклiнаючы сваю прыгажосць, жорстка дакарала ў палацы магната чароўнае люстэрка дзяўчына. У гулкiм вясельным гомане пырснула чароўнае люстэрка дробнымi асколкамi-промнямi. I там, дзе ўпалi асколкi, iмгненна ўзышла крынiца, забiлася ўспененая, бурная, як дзявочая нянавiсць. Пад хвалямi, празрыстымi i светлымi, як само каханне, схавала яна княжы палац. А калi пенныя хвалi ўлагодзiлiся, вачам людскiм адкрыўся дзiвосны цуд: ляжала перад iмi вялiзнае возера з блакiту i зор. I той, хто глядзеўся ў яго, прыгажэў душою i сэрцам...А Нарач — значыць, хлопцава нарачоная.”

Адкуль узялася Чортава грэбля?

Зрэшты, навукоўцы скажуць, што ніякай легенды тут няма, што назва возера паходзіць ад балцкай асновы:  у літоўскай і латышскай мовах ёсць шэраг слоў з гэтым коранем: nara — русалка, naras — нырэц, гагара і блізкія да іх. З паходжаннем возера таксама нібыта ўсё тлумачыцца проста: 12 тысяч гадоў таму, калі ляднік пачаў раставаць і ад-ступаць з тэрыторыі Нарачанскага краю, на гэтым месцы ўзнік вялізны вадаём, узровень вады ў якім быў на 5—7 метраў большы, чым у сучасных азёрах. Ляднік растаў, вада з яго перастала паступаць, і ад таго вадаёма засталіся ў больш нізкіх месцах “лужыны” плошчай некалькі дзясяткаў квадратных кіламетраў. Адной з гэтых “лужын” і была Нарач...Усё, здавалася б, проста, але чаму вада затрымалася менавіта ў гэтым месцы, дзе дно — не роўная чаша, а самастойны рэльеф з упадзінамі і ўзгоркамі?  30 працэнтаў ад усёй плошчы возера складаюць глыбіні меншыя за пяць метраў, а самая глыбокая ўпадзіна — так званыя Гатавіцкія ямы — дасягае глыбіні амаль што 25 метраў! А зусім недалёка — вялікая града, “пабудаваная” самой прыродай з пяску і валуноў, у адным месцы яна “вырываецца” на паверхню з-пад вады і ўтварае вялікі, каля шасці гектараў, востраў. І ўсё гэта на адносна невялікай плошчы. Чым не дзіва?Гэтыя асаблівасці азёрнага дна бянтэжылі ўсіх даследчыкаў Нарачы. Яны нават выказвалі версію, што града тая насыпана рукамі чалавека, які хацеў злучыць востраў з берагам. Так, ужо з падачы хранікёраў, нарадзілася яшчэ адна непацверджаная дагэтуль легенда пра Нарач: нібы на востраве быў пабудаваны замак...У мясцовых жыхароў было сваё меркаванне. Яны запэўнівалі, што над збудаваннем грэблі папрацавала нячыстая сіла, і назву далі адпаведную — Чортава грэбля... На самай справе на працягу тысячагоддзяў прырода сама стварыла для нас гэту загадку — вада то прыбывала, то адступала, грэбля пад уздзеяннем хваль станавілася ніжэйшай, цяпер пад вадой засталася толькі яе ніжняя, камяністая частка...

Крыгаходы ў разгар зімы

А ці ведаеце вы, што возера Нарач і суседняе Мястра злучае самая кароткая ў Беларусі рака — Скема? А ў самой Нарачы, там дзе мяльчэй, б’юць дзясяткі крыніц. Можа, гэтым і тлумачыцца яшчэ адна дзіўная асаблівасць загадкавага вадаёма — ён доўга не замярзае. Але калі нарэшце ўстанаўліваецца трывалы лёд, ад яго можна чакаць якіх заўгодна сюрпрызаў.Лёд на возеры, нават у самыя моцныя маразы, непрадказальны. Акрамя звычайнага веснавога крыгалому, які ідзе з другой паловы сакавіка па першую дэкаду красавіка, на возеры крыгаход нярэдка ўзнікае і зімой. Ільдзіны плывуць пад уздзеяннем ветру і нярэдка насоўваюцца на бераг. Гэта велічнае і страшнае відовішча. Напрыклад, добра запомніўся мясцовым жыхарам крыгаход, які пачаўся 21 сакавіка 2007 года. У той дзень штармавы паўднёва-ўсходні вецер гнаў ільдзіны на паўночна-ўсходні бераг. За лічаныя секунды ў прыбярэжнай паласе ўтварыліся конусы з абломкаў лёду вышынёй да пяці метраў! Усё гэта азёрнае “буйства” суправаджалася грукатам і трэскам ільдзін, якія церліся і сутыкаліся паміж сабой. Удзень вецер сцішыўся раптоўна, як і пачаўся, і возера зноў хутка замерзла. Толькі горы лёду на беразе нагадвалі аб стыхіі.Нарач вельмі падобная да мора, асабліва вышынёй хваль. Часам, як падуе паўночна-заходні або паўднёва-ўсходні вецер, яны дасягаюць амаль што двух метраў у вышыню! Але нават такая гайданка не ў стане закаламуціць ваду возера. Нарач па праву лічыцца адным з самых чыстых вадаёмаў Беларусі, а празрыстасць яе вады дасягае 5—7 метраў у глыбіню.

Возера лечыць і ачышчае

Дадайце да ўсіх гэтых дзівосаў гаючыя хвойныя лясы і чысцюткае паветра — і стане зразумела, чаму Нарач як месца адпачынку карыстаецца папулярнасцю не толькі сярод жыхароў Беларусі, але і замежных гасцей. Зараз возера ўваходзіць у склад Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, а гэта забяспечвае і належную ахову каштоўнасцей краю, і стварэнне адпаведнай інфраструктуры, што, несумненна, яшчэ больш прываблівае турыстаў на маляўнічыя берагі.— Верыце ці не, але за ўсе гады працы я ніводнага разу не сустракаў на беразе Нарачы чалавека ў дрэнным настроі. Возера лечыць нашу душу, дорыць надзею і пазітыў. Аднойчы пабываўшы тут, мы абавязкова хочам сюды вярнуцца. Дзіўны факт: нягледзячы на тое што чалавецтва ва ўсім свеце літаральна захлынаецца ў прадуктах уласнай жыццядзейнасці, у Нарачы вада з кожным годам становіцца ўсё больш празрыстай. Сапраўдны цуд! Гэты феномен яшчэ будуць спрабаваць растлумачыць вучоныя, але я ўпэўнены ў тым, што возера ачышчае нашы душы і ачышчаецца само, — гаворыць намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага парку “Нарачанскі” Валерый Люштык.Цяпер стала модным у інтэрнэце дзяліцца ўражаннямі аб адпачынку ў розных мясцінах, расказваючы пра ўсе плюсы і мінусы. У Нарачы самы распаўсюджаны мінус — гэта “камары начамі кусаюцца” (а дзе іх летам на Беларусі каля вады няма?). А вось пра плюсы людзі пішуць больш падрабязна, бо ўражанняў хапае:“Возера вялізнае і  падобнае да мора. Жылі мы ў драўляных доміках з усімі выгодамі, у лесе, недалёка ад возера. Накупаліся ўволю. Для адпачываючых адкрыты розныя гульнявыя і спартыўныя залы. Можна пакатацца на лодках і катамаранах. У сонечнае надвор’е прыгажосць возера неапісальная. Світанне і заход сонца мы заўсёды сустракалі на беразе... А яшчэ ў возеры водзіцца вельмі смачная рыба вугор”...“Як арганізаваць цікавы адпачынак, не едучы далёка за мяжу? Лёгка! Збіраем рэчы, сяброў, дзяцей — і на Нарач! Мясцовасць вельмі прыгожая, паветра, як сказаў мой муж, “дышите глубже” — абалдзеннае, найчысцейшае!”.“Быў на адпачынку ў санаторыі, які размешчаны недалёка ад возера Нарач. Выдатнае свежае паветра, выдатнае харчаванне, выдатнае лячэнне...”Вязуць людзі з Беларусі прыемныя ўражанні пра дзівоснае возера Нарач, а яшчэ, як найлепшы сувенір (нават жыхары Германіі, аднойчы пакаштаваўшы, просяць яго абавязкова прывезці), — важкія духмяныя боханы “Нарачанскага” хлеба. Кажуць, старажытны рэцэпт, па якім яго цяпер выпякаюць, узялі менавіта тут, на берагах славутага возера.

Ёсць у возера яшчэ адна дзівосная, зафіксаваная ў пісьмовых крыніцах ці то бываліца, ці то ўсё ж легенда. 1849 год у заходніх губернях Расійскай імперыі выдаўся неўрадлівы. У ліпені гэтага года, калі голад пагражаў мясцовым жыхарам, на Нарачы ўзнялася моцная бура. На адзін з берагоў хвалі ў вялізнай колькасці выкінулі рыбу-верхаводку. На наступны дзень паўтарылася тое ж самае, але ўжо на другім беразе. Так працягвалася дзесяць дзён — то на адным беразе, то на другім. Людзі вазілі рыбу вазамі, нават хлеб з яе пяклі. І змаглі выжыць у тым страшным галадаморы.Хутчэй за ўсё, так яно і было: возера — мудрая жывая істота — не дало загінуць лю-дзям, прыйшло ім на дапамогу. Яно і сёння — крыніца здароўя, добрага настрою, выдатных уражанняў для ўсіх, хто прыязджае на яго берагі адпачыць. Самае вялікае люстэрка краіны Беларусь, у якім адбіваюцца і сонца, і зоры, і заўтрашні дзень.

Адпачываць тут — адно задавальненне!

Леанід КІСЕЛЬ, дырэктар санаторыя “Нарачанскі бераг”:— Нарач, безумоўна, вельмі прыгожае і прывабнае возера. На шчасце, дзяржава клапоціцца пра тое, каб гэту прыгажосць захаваць і прымножыць. Да таго ж размяшчаецца яно ў вельмі маляўнічым і чыстым месцы, сярод хвойных лясоў з падлескам з ядлоўцу, што, гавару як урач, спрыяе аздараўленню турыстаў і мясцовых жыхароў. Тут сапраўды лёгка дыхаецца, соладка спіцца і думаецца толькі пра добрае. Аўрымас БУЖЫНСКІС, грамадзянін Літоўскай Рэспублікі:— Я шмат ездзіў па свеце і магу сказаць, што Беларусь з’яўляецца адной з самых жывапісных краін. Тут адразу  кідаюцца ў вочы і чысціня навокал, і зялёныя лясы, і блакітныя азёры. Давялося мне і на Нарачы пабываць — адпачываў там  летась. Велічнае возера, нічога не скажаш. Прыемна было пачуць, што яго назвалі адным з цудаў Беларусі. Абавязкова раскажу пра гэта сваім сябрам. Думаю, ім таксама захочацца наведаць адно з прыгажэйшых беларускіх азёр.

Краіна азёр: самыя-самыя

Самыя вялікія азёры Беларусі

Возера Нарач. Яго плошча складае амаль што 80 квадратных метраў. Возера Асвейскае. Плошча люстэрка больш як 52 квадратныя кіламетры. Тройку лідараў замыкае возера Чырвонае, або Князь-возера, плошча якога больш як 40 квадратных кіламетраў.

Самыя глыбокія азёры Беларусі

Прызнаны лідар па глыбіні — возера Доўгае, што ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Глыбіня вадаёма — амаль што 54 метры, хоць па плошчы Доўгае зусім невялікае — каля 2,5 квадратнага кіламетра. Другое па глыбіні — возера Рычы ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Адлегласць ад паверхні да дна крыху больш за 52 метры. Трэцяе з самых глыбокіх азёр Беларусі — Гінькова, якое знаходзіцца зноў жа ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Яго максімальная глыбіня — 43,3 метра.

Самыя чыстыя азёры Беларусі

На глыбіню 9,5 метра скрозь тоўшчу вады можна зазірнуць на возеры Доўгім, што ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці. Крыху менш празрыстае — каля 8,3 метра ў глыбіню — Воласа Паўднёвае на Браслаўшчыне. Трэці вадаём — сама Нарач з празрыстасцю каля 7,5 метра. І толькі крыху саступае “каралеве азёр” вадаём Снуды, які знаходзіцца ў Браслаўскім раёне. Яго празрыстасць — 6,6 метра.

Самае ж доўгае возера нашай краіны — Свір у Мядзельскім раёне. Яго даўжыня —14,1 кіламетра.

←Звездный хоровод

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика