Невядомы Багдановіч: кніга з рарытэтнымі тэкстамі паэта выйдзе ў Беларусі

Источник материала:  
07.12.2011 07:44 — Новости Культуры

Невядомы Багдановіч: кніга з рарытэтнымі тэкстамі паэта выйдзе ў Беларусі


У бліжэйшы час у выдавецтве "Літаратура і мастацтва" выйдзе кніга "Максім Багдановіч: вядомы і невядомы". Малады крытык і літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч паклапаціўся, каб у кнігу ўвайшлі сапраўды каштоўныя, раней невядомыя і амаль не публікаваныя факты жыцця і творчасці нашага Максіма. "Звязда" пацікавілася ў аўтара кнігі пра невядомага Максіма Багдановіча: што ж сапраўды невядомага можна будзе прачытаць у новым выданні?

— Можна сказаць, што ў крытыцы я паступова дрэйфую да навукі, а ў навуцы прыкладаю ўсе намаганні, каб выбрацца з цянётаў бягучкі-крытыкі, — распавядае малады літаратуразнаўца. — Я заўжды захапляўся асобай Максіма Багдановіча, яго творчасцю. Напэўна, ён, ды яшчэ Міхась Стральцоў, для мяне — абсалютныя арыенціры ў літаратуры, якія на працягу доўгага часу не змяняюцца. Чытаць іх можна бясконца. Па-мойму, гэта людзі, якія за сваё жыццё не напісалі ніводнага пасрэднага твора. Напрыклад, тыя чарнавікі, што засталіся ад Максіма Адамавіча, вядома, не ўсе бездакорныя, але і яны знаходзяцца ў гармоніі з яго сістэмным светасузіраннем і творчым метадам.

Зборнік літаратуразнаўчых і архіўных матэрыялаў "Максім Багдановіч: вядомы і невядомы" стаў, па сутнасці, пэўным працягам дысертацыі Ціхана Чарнякевіча, якая прысвечана літаратурнай навуцы 1920-х гг. (Аляксандр Вазнясенскі, Аляксандр Яўлахаў, Іван Замоцін і інш.). У будучай кнізе аўтар стараўся спалучыць гэтыя два свае захапленні: творчасць Багдановіча і тэорыю літаратуры пачатку мінулага стагоддзя.

— Я стараўся зрабіць кнігу пра Багдановіча як мага больш свежай па матэрыяле. У выніку атрымалася прыкладна 75% неапублікаваных рэчаў і чвэрць тэкстаў, якія не рэпублікоўваліся ўжо гадоў 70-80 (даваенная крытыка), — распавядае Ціхан Чарнякевіч. — Праца з архіўнымі тэкстамі і публікацыямі 1920-х патрабуе добрай падрыхтоўкі. Я і дагэтуль не ўпэўнены, ці ўсе моўныя асаблівасці атрымалася перадаць. Там вельмі шмат нюансаў. Напрыклад, возьмем кніжку Аляксандра Вазнясенскага "Паэтыка Максіма Багдановіча", якая ўвайшла ў зборнік. Сам аўтар дрэнна валодаў мовай, і я мяркую, што існаваў рускамоўны арыгінал, з якога перакладаў публікатар даследавання — Вацлаў Ластоўскі. Можаце сабе ўявіць, колькі літаратуразнаўчых тэрмінаў выдумаў перакладчык! Аўтар прадмовы да зборніка, кваліфікаваны філолаг і выдатны багдановічазнаўца Юры Пацюпа напісаў для кнігі адмысловы гласарый: па сутнасці, пераклаў даваенную лексіку на сучасную беларускую мову.

Як распавядае літаратуразнаўца, некаторыя артыкулы знайсці было вельмі цяжка. Напрыклад, кароткі артыкул Яўхіма Карскага пераслаў з Санкт-Пецярбурга Дзмітрый Вінаходаў, даследчык творчасці Яна Баршчэўскага, бо адпаведнага нумара выдання, дзе гэта было апублікавана, у Беларусі, на жаль, няма. Нешта так і не атрымалася знайсці наогул. Так адбылося з адным артыкулам Уладзіслава Дзяржынскага ў часопісе "Вольны сцяг". Бо поўнай падшыўкі гэтага выдання ў Беларусі таксама няма.

— З архіўных рэчаў у кнізе выйдуць рускамоўная дысертацыя пра Максіма Багдановіча аўтарства Рыгора Жалязняка (найбольш аб'ёмны тэкст), лісты Зоські Верас да Алеся Бачылы і Ніны Ватацы, лісты Дзіядора Дзябольскага да Юльяна Пшыркова і многае іншае, — інтрыгуе аўтар зборніка.

Найбольш часу ў падрыхтоўцы даволі ўнікальнай кнігі, як ні дзіўна, адняў набор тэкстаў. Бо ўсё друкавалася з арыгінальных аўтографаў і машынапісаў. Аўтар кнігі судакрануўся з тэкстамі, напісанымі самім Багдановічам, яго сучаснікамі і паслядоўнікамі. А мы цяпер зможам судакрануцца з Багдановічам, якога яшчэ не ведалі.
←Непростые отношения

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика