Алексіевіч атрымала самую прэстыжную цэнтральнаеўрапейскую прэмію
04.12.2011 09:18
—
Новости Культуры
Алексіевіч атрымала самую прэстыжную цэнтральнаеўрапейскую прэмію
![Алексіевіч атрымала самую прэстыжную цэнтральнаеўрапейскую прэмію](http://www.21.by/pub/news/2011/12/1322981162547022.jpg)
"Ангелус" — самая прэстыжная літаратурная прэмія для цэнтральнаеўрапейскіх аўтараў. Афіцыйна яна тлумачыцца як "прэмія за найлепшую кнігу прозы, апублікаваную ў Польшчы ў мінулым годзе". Усяго на яе сёлета былі вылучаныя 52 творы. Сем з іх трапіла ў шорт-ліст. Іх аўтары сабраліся ва Ўроцлаве на цырымоніі, на якой і даведаліся імя лаўрэата.
"Беларуская літаратура стала для нас адкрыццём года", — сказаў перад уручэннем прэміі прадстаўнік журы.
Раней беларусы яшчэ ніколі не атрымлівалі "Ангелус".
Сярод мінулых лаўрэатаў прэміі былі Пэтэр Эстэргазі (Венгрыя), Юрый Андруховіч (Украіна). У грашовым выражэнні прэмія складае 35 тысяч еўра.
"У вайны не жаночае аблічча" — гэта кніга Алексіевіч, напісаная ў 1985-м, якая прынесла ёй першую славу. Польскі пераклад кнігі "Wojna nie ma w sobie nic z kobiety" з’явіўся ў 2010-м у выдавецтве "Czarne". Твор пераклаў Ежы Чэх.
Далучаемся да віншаванняў Святлане Алексіевіч, талент якой здабыў сусветнае прызнанне.