Ад захаплення — да натхнення
Пасля Мінскай вобласці прэс-тур беларускіх пісьменнікаў сустракала Магілёўшчына
«Радзіма» на ўздыме
СВК «Радзіма» Бялыніцкага раёна. Заасфальтаваныя вуліцы, дагледжаныя сядзібы, у добрым настроі людзі.
З таго часу, як у няпростыя 90-я гады гаспадарку ўзначаліў Аляксандр Лапацентаў, яна ўзяла пад сваё крыло яшчэ тры. Колькасць сельгасугоддзяў вырасла да 11 тысяч гектараў, 1200 работнікаў…
У гаспадарцы 12 жывёлагадоўчых аб’ектаў. Адзін з іх — Вішоўскі малочна-таварны комплекс мы і наведалі. Канешне, надоі высокія, штодня на прыёмныя пункты з гаспадаркі адпраўляецца 34—35 тон малака. Па ўсіх напрамках дзейнасці дасягнуты рост, тут усё навучыліся рабіць па-гаспадарску, як для сябе. Матэрыяльнае стымуляванне дапамагае: выдатна працуеш — 40 працэнтаў даплаты, добра — 20, дрэнна — застаешся без даплаты. Цяпер усе работнікі «дабрысты», ужо і не памятаюць, калі здараліся якія-небудзь парушэнні дысцыпліны. Апрача таго, людзі заахвочваюцца за вядзенне здаровага ладу жыцця, выхаванне дзяцей, грамадскую актыўнаць. Карацей кажучы, на кожны рубель прыпадае штомесяц больш за рубель даплат. «А якая ж сярэднемесячная зарплата работнікаў?» — не маглі не пацікавіцца мы. «Больш за два мільёны, — адказалі нам, — так што ёсць за што ўдасканальваць сябе як асобу…»
На цэнтральнай сядзібе гаспадаркі — у вёсцы Вішоўка мы бачылі цудоўны аграгарадок з мноствам забудоў катэджнага тыпу. «У асноўным, — расказвае Лапацентаў, — мы ўзводзілі жыллё гаспадарчым спосабам, і яно адпавядае самым высокім патрабаванням, умовы не горшыя, чым у горадзе.
У Вішове ёсць школа, дзетсад, Дом культуры, а нядаўна ўзвялі на грамадскія сродкі царкву, якая, па прызнанні кіраўнікоў гаспадаркі, будзе служыць усё той жа справе выхавання працаўнікоў, іх духоўнаму адраджэнню.
«Радзіма» сёння, як мы пераканаліся, — гэта еўрапейскі узровень вядзення сельгасвытворчасці. Яна дае раёну больш за 40 працэнтаў прадукцыі.
Аляксандру Міхайлавічу Лапацентаву паціснуў руку кіраўнік нашай дэлегацыі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец:
— Ваша гаспадарка — яшчэ адно адкрыццё для нашай пішучай браціі. Пастараемся расказаць пра яе, а вам — не збаўляць тэмпу!
На ўроках у спадчыннасцi
На парозе Бялыніцкай гімназіі нас сустракае дырэктар Таццяна Балдышаўская. Ва ўстанове 500 навучэнцаў і 60 педагогаў. Вялікая ўвага надаецца выхаванню нацыянальнай свядомасці вучняў праз работу літаратурна-краязнаўчага музея «Спадчына». Ад кіраўніка музея, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Дануты Клопавай даведваемся пра экспанаты, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцця і літаратурнай дзейнасці пісьменнікаў Прыдруцкага краю, у тым ліку такіх, як Змітрок Марозаў, Віктар Хаўратовіч, Рыгор Яўсееў, Васіль Найдзін… Апрача таго, у памяшканні музея праводзяцца інтэлектуальныя рынгі, канферэнцыі чытачоў, ставяцца спектаклі паводле твораў класікаў беларускай літаратуры і мясцовых аўтараў.
Ну а потым мы праехалі ў раённы Дом культуры, дзе ў працяг тэмы адбылася прэзентацыя творчага праекта «Энцыклапедычны даведнік «Бялыніччына», які ажыццявіў разам са сваім актывам калектыў раённай газеты «Зара над Друццю». Вельмі запамінальнае мерапрыемства, з музыкай, спевамі, успамінамі. У ім удзельнічалі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка і старшыня Бялыніцкага райвыканкама Аляксандр Варонін. Пісьменнікі дарылі гаспадарам кнігі, цёплыя словы захаплення гэтым цудоўным краем.
Святло Александрыі
На Шклоўшчыне мы, вядома ж, не прамінулі завярнуць у аграгарадок Александрыя. Ужо браўся прыцемак, вёска ззяла агнямі. Падкацілі да гасцініцы з аднайменнай назвай, а потым рушылі ў бібліятэку, дзе нас чакалі мясцовыя жыхары.
Скіравалі і ў драўляную школку, у якой некалі вучыўся наш Прэзідэнт. Нават прымерыліся да парты, за якой ён сядзеў. Мы бачылі памятныя фотаздымкі, рэчы далёкага часу, якія беражліва захоўваюцца.
А потым у суправаджэнні старшыні Шклоўскага райвыканкама Аляксандра Бойкі азнаёміліся з Александрыяй: шырокія вуліцы, выкладзеныя пліткай тратуары, акуратныя газоны... Сельгаспрадпрыемства «Александрыйскае» налічвае 15 тысяч гектараў сельгасугоддзяў. У аграгарадку — Дом бытавых паслуг, амбулаторыя, цэнтр культуры і адпачынку, фірменны магазін, спартыўны комплекс.
— Александрыя, — зазначыў Бойка, — узор будучай вёскі, тут ёсць усё для працы, адпачынку. А побач яшчэ і Дняпро нясе свае воды. Такое хараство!
Вышыня «Ліфтмаша»
На «Магілёўліфтмаш» мы напрасіліся невыпадкова: чулі, што адсюль у губернатары вобласці выйшаў Пятро Руднік, былы генеральны дырэктар. Хацелася паглядзець на яго «стартавую пляцоўку».
…На тэрыторыі прадпрыемства кінулася ў вочы незвычайная, мо метраў восемдзесят вышынёй, «цыгара».
— Што гэта за пабудова? — пытаемся ў цяперашняга генеральнага дырэктара завода Анатоля Цюкава.
— Выпрабавальны цэнтр, — растлумачыў ён. — Тут правяраецца жыццяздольнасць усіх тыпаў ліфтоў і вузлоў бяспекі.
Цюкаў расказваў: «Наша прадпрыемства — вядучае па вырабе ліфтавога абсталявання як у нашай рэспубліцы, так і ў краінах СНД. Асартымент прадукцыі пастаянна абнаўляецца: мы выпускаем пасажырскія ліфты, грузавыя, бальнічныя, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Новы напрамак — ліфты грузавыя, катэджныя».
Акрамя ліфтоў, тут сыходзяць з канвеера і спажывецкія тавары, машыны для дрэваапрацоўкі, лябёдкі сельскагаспадарчыя, здрабняльнікі кармоў, такарныя дрэваапрацоўчыя станкі…
Прадпрыемства, як мы даведаліся, мільярды рублёў накіроўвае на рэканструкцыю і мадэрнізацыю вытворчых магутнасцей (цэх ліцця вынесены за межы горада), паляпшае ўмовы працы работнікаў.
Пісьменнікам тут задавалі пытанні, і яны ахвотна на іх адказвалі. Навум Гальпяровіч, Таццяна Сівец і Генадзь Пашкоў нават чыталі свае вершы.
А далей мы знаёміліся з сучасным прадпрыемствам па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі ААТ «Бабуліна крынка», наведаліся ва ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова, дзе адбылася літаратурная сустрэча з выкладчыкамі і студэнтамі, пабывалі на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле», сустрэліся з грамадскасцю горада і вобласці ў гарадской Ратушы.
На здымку: беларускiя пiсьменнiкi ў пачатковай школе, дзе некалi вучыўся Прэзiдэнт Беларусi.
Фота: БЕЛТА