Кніжная калекцыя, сабраная аматаркай, папоўніла фонды музея-сядзібы "Пружанскі палацык"

Источник материала:  
18.11.2011 12:31 — Новости Культуры

Кніжная калекцыя, сабраная аматаркай, папоўніла фонды музея-сядзібы "Пружанскі палацык"

  • Алена Зялевіч, старшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы "Пружанскі палацык", Вечерний Брест

2 лістапада ў музеі-сядзібе "Пружанскі палацык" адбылася прэзентацыя нядаўна набытага кнігазбору, які складаецца з твораў класіка польскай літаратуры Юзэфа Крашэўскага (1812-1887). У калекцыі налічваецца больш за паўсотні адзінак. Сярод іх, што важна, ёсць прыжыццёвыя выданні, а ёсць выпушчаныя да 100-годдзя аўтара. Асобныя экземпляры датуюцца 20-30-мі гадамі мінулага стагоддзя. Маецца шэраг серый пасляваеннага выпуску.

Кніжная калекцыя, сабраная аматаркай, папоўніла фонды музея-сядзібы "Пружанскі палацык"
Юзэф Крашэўскі
Кнігазбор належаў жыхарцы Пружан Клаўдзіі Пятроўне Макавецкай. Яна збірала кнігі Крашэўскага на працягу ўсяго жыцця. З дзяцінства застаўшыся без слыху, жанчына знаходзіла апору і суцяшэнне ў чытанні. Паглыбленне ў свет літаратуры дапамагала ёй вытрымаць выпрабаванні няпростага лёсу, прайсці праз жахі нямецкай акупацыі і пасляваеннага голаду. Адны кніжкі ёй падаравалі знаёмыя, другія яна знайшла на пажарышчах, трэція - выпісала з Польшчы.

На жаль, Клаўдзія Пятроўна не дажыла да гэтага часу, але яе дачка Іна Урублеўская пацвердзіла: маці была б задаволена лёсам калекцыі. Яна марыла, каб кнігазбор застаўся на Пружаншчыне. Бо тут усё насычана Крашэўскім. Старадаўнія сядзібы, дарогі, лясы, балоты нібыта выйшлі з ягоных твораў, хаця сапраўды менавіта навакольнае жыццё давала пісьменніку безліч сюжэтаў.

Тут, у вёсцы Доўгае, знаходзіўся радавы маёнтак Крашэўскіх, дзе маленькі Юзэф рабіў першыя крокі. У суседняй вёсачцы Куплін была сядзіба малодшага брата Каэтана. У гарадскім пасёлку Шарашова пахаваны бацька пісьменніка – пружанскі харунжы Ян Крашэўскі.

Набыццё калекцыі прафінансаваў мясцовы прадпрымальнік, дырэктар ТАА "Стройдомгруп" Андрэй Лахніцкі. У час прэзентацыі ён заўважыў: "Грошы - гэта часовае. Яны прыходзяць і трацяцца. А культура – гэта вечнае, яна застаецца назаўсёды". Спадзяёмся, што высакародны ўчынак Андрэя Лахніцкага стане добрым прыкладам для будучых пружанскіх мецэнатаў.

Набытая калекцыя прыйдзецца вельмі дарэчы да 200-гадовага юбілею пісьменніка ў 2012 годзе.  

Кніжная калекцыя, сабраная аматаркай, папоўніла фонды музея-сядзібы "Пружанскі палацык"
Найстарэйшая кніга калекцыі "Сакрэт пана Чурылы" датуецца 1877 годам.

←"Полночный поцелуй", "День Безбилетника" и театральный фестиваль "Панорама". На выходных с AFISHA.TUT.BY

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика