Даследчыку гісторыі беларускай музыкі, артысту Віктару Скорабагатаву - 60 год

Источник материала:  
17.11.2011 13:51 — Новости Культуры

Даследчыку гісторыі беларускай музыкі, артысту Віктару Скорабагатаву - 60 год

BLOG.TUT.BY
Даследчыку гісторыі беларускай музыкі, артысту Віктару Скорабагатаву - 60 год15 лістапада споўнілася 60 год Віктару Скорабагатаву. Харызматычны артыст, паслядоўны (як сам сябе лічыць) наўчадак традыцый Яраслава Вашчака, Уладзіміра Машэнскага i Сямёна Штэйна, стваральнік творчага аб’яднання "Беларуская капэла" і даследчык гісторыі беларускай музыкі, педагог-прафесар, чые вучні працуюць у розных краінах свету, Віктар Іванавіч расказаў часопісу "Партэр" пра сваё незвычайнае прозвішча, прафесійную дзейнасць, гісторыю пастаноўкі "Фаўста" і іншыя цікавыя моманты са свайго жыцця.
 
Лапавухі? Стане музыкантам!

… У сярэдзіне ХІХ стагоддзя мой прапрадзед Пётр Іванавіч Мілавідаў пры атрыманні пашпарта ці якога іншага пасведчання, што пацвярджала яго асобу, атрымаў яго з прозвішчам Скорабагатаў. Як кажа сямейнае паданне, здарылася гэта так. Мілавідавых было ў горадзе некалькі, а гэты ўславіўся тым, што выйграў у карты шынок. Шынок у ягонай уласнасці быў нядоўга — як выйграў, так і прайграў, затое прыдбаў мянушку Скорабагатаў. Мянушка пры атрыманні пасведчання і набыла статус прозвішча, якое сёння нашу я.
 
А нарадзіўся я 15 лістапада 1951 года, ў раддоме па вуліцы Стаханаўскай. Ён знаходзіўся літаральна побач нашага дома — метраў пяцьсот, так што маці прыйшла туды сама. Пасля сняданку посуд памыла, пакой прыбрала і пайшла мяне ражаць. Калі першы раз мяне да яе прынеслі і яна ўбачыла мае лапавухія вушы, вельмі засмуцілася і заплакала. Бабуля яе суцяшала: "Не гаруй дачушка — стане музыкантам, будзе знакамітым".
Цікава, што першыя эмацыянальна моцныя музычныя ўражанні звязаны з класікай (ці можа толькі цяпер так падаецца?): тэлетрансляцыя Першага канцэрта Чайкоўскага, потым фільмы-оперы "Барыс Гадуноў" і "Іяланта". Бацька набыў мне балалайку, пазней і гітару, навучыў на іх граць (што тычыцца гітары, дык, хутчэй, акампаніраваць уласным спевам). Пасёлак трактарнага завода, дакладней, кожны яго двор у сярэдзіне 1960-х чуў мае амаль штовечаровыя "канцэрты". Рэпертуар іх складаўся ў асноўным з песень Высоцкага, Візбара, Кукіна, Клячкіна, Крупа і іншых модных на той час бардаў.
 
Даследчыку гісторыі беларускай музыкі, артысту Віктару Скорабагатаву - 60 год
 
У 1968 годзе, пасля заканчэння сярэдняй школы, паступіў на першы курс Мінскага музычнага вучылішча імя Глінкі. Праўда, не без цяжкасцяў. На момант паступлення ў вучылішча мне было поўных толькі 16 год, а прымалі дакументы на вакальнае аддзяленне ў кандыдатаў не маладзейшых за 18 год. На іспыце па спецыяльнасці я так "паказаўся" камісіі, што быў прыняты маючы 19 балаў з 20 магчымых.
 
Заняткі па музычных прадметах мне дастаўлялі вялікую асалоду, аднак руціна астатняга вучебнага працэса надакучыла хутка. Таму, калі ўвесну 1969 года мяне паклікаў на службу ў Ансамбль песні і пляскі двойчы Чырвоназнамённага Балтыйскага флоту (спачатку ў якасці выхаванца, а потым матроса) мастацкі кіраўнік ансамбля капітан трэцяга рангу Грыгорый Аршакавіч Айрапецьянц, я не вагаючыся пагадзіўся. Мая першая, ужо прафесійная, рэпетыцыя адбылася 5 сакавіка 1969 года, а ўпершыню на сцэну ў складзе прафесійнага калектыва я выйшаў ужо менш як праз месяц у Ленінградзе.
 
Даследчыку гісторыі беларускай музыкі, артысту Віктару Скорабагатаву - 60 год
 
Выхаванне музычнага слыху, культура ўспрымання музыкі, падпарадкавання свайго "Я" выкананню задачы хора (як цэлага і аднароднага ансамбля) — ёсць неад’емнымі часткамі нашай прафесіі. Пачалося маё выхаванне амаль ці не з першай жа рэпетыцыі, дакладней, адразу пасля яе. Мяне паклікаў хармайстар ансамбля Зіновій Міронавіч Масарскі і кажа: "Ад сёння ты не аматар, а прафесійны артыст. Гэта не мае значэння, што табе толькі 17 год. Званне прафесіянала абавязвае адпавядаць гэтаму паняццю. Будзем вучыцца. Пачнем з таго, што ты не адзін у партыі барытонаў. Побач з табой твой калега. Прыстасуйся да яго тэмбральна, артыкуляцыйна, паводле дынамікі. Складзі з сябе і яго адзінае цэлае".
 
На працягу колькіх месяцаў я "складаў адзінае цэлае" з кожным (!) артыстам хора. Калі справа дайшла да тэнараў і басоў Масарскі задачу ўдакладніў: "Мала супасці паводле рытма, дынамікі, артыкуляцыі. Неабходна супасці паводле гармоніі. Сачы за дакладнасцю і вастрынёй не толькі сваёй інтанацыі, але і стану і вернасці інтэрвалікі паміж партыямі". І яшчэ крыху пазней: "А цяпер, калі ласка, трэба дасягнуць стану не вядомага, а вядучага сваёй партыі, а з цягам часу і ўсяго хора".
 
Пра экзамены і месца нот у арганізме

У ліпені 1972 года я паспяхова здаў уступныя экзамены ў кансерваторыю. На экзамене па сальфеджыо напісаў дыктант з першага ж праслухоўвання, аддаў "шпору" свайму сябру і хуценька запісаў дыктант зноў. Экзамен прымаў, дарэчы, Дзмітрый Браніслававіч Смольскі. Пайшоў я здаваць яму свой запіс і пачуў спачувальны голас ззаду: "Чувак, сядзь, можа ўсё ж напішаш". Той мой спачувальнік падумаў, нібыта я ў адчаі нават не зрабіў спробы напісаць дыктант.
 
З канца 1975 года я пачаў займацца тэхнікай вакала пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мікалаевіча Бучаля. У выніку гэтых заняткаў мой спеўны апарат стаў дастаткова эластычным і надзвычай цягавітым. Дыяпазон голаса пашырыўся неверагодна: ад якаснага нізкага басовага фа да высокага тэнаравага до. У мяне было ўражанне, што мне дастаткова падумаць пра тое месца, дзе павінен адчувацца гук, якім "вырысоўвалася" мелодыя, каб арганізм адразу адгукаўся на мой "заклік". Я фізічна і (не ведаю, як больш дакладней сказаць, таму скажу) псіхічна ведаў месцапалажэнне кожнай ноты гамы (раўно як і любой літары) ў сваім арганізме. У прынцыпе, розніца паміж імі мікраскапічная. Спяванне стала працэсам не расходу энэргіі, а яе накаплення. Таму ні месца, ні час спектакля або канцэрта не мела прынцыповага значэння.
 
Даследчыку гісторыі беларускай музыкі, артысту Віктару Скорабагатаву - 60 год
 
Пазней мне гэта вельмі спатрэбілася: рэжым выступленняў быў проста экстрэмальны — да 120 на год: гастролі, спектаклі, канцэрты, запісы ў радыёстудыі, выступленні на тэлебачанні, здымкі ў кіно. Калі ўлічыць, што ў тыя ж гады павялічылася мая педагагічная нагрузка, да таго ж я захапіўся даследчай, рэдактарскай і нават рэжысёрскай працай, стварыў творчы калектыў "Беларуская капэла", — можна ўявіць, які ровень нагрузкі выпаў на мой арганізм. Нічога, трываў, і паспяхова.
 
Уключаеш прас - спявае Скорабагатаў!

Калі я ўладкаваўся ў тэатр оперы і балет, тут працавалі сапраўдныя тэатральныя "зубры". Прычым, гэта датычыцца не толькі артыстаў, рэжысёраў і дырыжораў, але і людзей на па-закулісных пасадах. Адзін з іх — грымёр Савелій Барысавіч Пінхасік — артыст-віртуоз у сваёй справе. Надзвычай музычны чалавек, ён мог праспяваць любую партыю амаль усяго рэпертуара тэатра напамяць. Як ні дзіўна, не так пад уплывам дырыжораў і рэжысёраў, а менавіта пад уплывам Савелія Барысавіча ўзгадавалася маё разуменне "аб’ёмнасці" тэатра, як культуры… Першую "буйную" ролю, якую мне даверылі, стаў Вожык у оперы Польскага "Церам-церамок". Дазволілі спяваць і тыя ролі, што я ўжо выконваў у опернай студыі і тэатры: Фіярэла ў "Севільскім цырульніку", Анегіна ў аднайменнай оперы і Жэрмона ў "Травіяце".
 
… Звычайна на Новы год у тэатры давалі "Анегіна"— быў час, калі мы працавалі нават 1 студзеня. Мне на пачатку працы ў тэатры даводзілася часта спяваць і 1-га, і 2-га, і 3-га студзеня. У тэатры ўсякае здараецца, людзі хварэюць. Аднойчы прышлося выступаць тры дні запар (15, 16 і 17 красавіка 1979 года): два "Анегіны" і "Травіяту", прычым толькі першы са спектакляў быў прызначаны мне. Калі на трэці дзень артысты хора мяне ўбачылі зноў загрыміраваным, з імі пачалася смяшлівая істэрыка. Хтосьці прапанаваў: "Трэба на франтоне тэатра павесіць аншлаг з надпісам як у цырку: "Сёння і штодня спявае Віктар Скорабагатаў".
 
Пэўны час я і сапраўды быў запатрабаваны надзвычай многа не толькі ў тэатры, а і ў эфіры Беларускага радыё і тэлебачання. Калегі жартавалі: "Прыходзіш у тэатр — спявае Скорабагатаў, уключаеш тэлевізар — спявае Скорабагатаў, уключаеш радыёпрыёмнік — спявае Скорабагатаў, дома прас ці лядоўнік уключаеш — спявае Скорабагатаў".
 
Даследчыку гісторыі беларускай музыкі, артысту Віктару Скорабагатаву - 60 год
 
Ужо на трэцім годзе працы ў тэатры я стаў вядучым яго салістам (і нават атрымаў трохпакаёвую кватэру!). У кастрычніку 1979 года стаў лаўрэатам самага прэстыжнага ў СССР конкурса вакалістаў — імя Глінкі, а летам 1980-га дыпламантам міжнароднага конкурса вакалістаў у Парыжы. Пасля першага тура ў "Опера камік" да мяне падыйшоў член журы Барыс Хрыстаў і сказаў: "У вас, малады чалавек, сёння няма ў Еўропе канкурэнтаў у выкананні каваціны Фігара з "Севільскага цырульніка" Расіні". Я быў шчастлівым, пачуўшы такі! камплемент ад такога! вялікага спевака.
 
У пошуках страчаннага

Пачатак ёй паклала серыя канцэртаў "Анталогія беларускай вакальнай музыкі", якую на працягу 1988—94 гадоў мы выканалі з маім пастаянным сцэнічным партнёрам — канцэртмейстрам Беларускага радыё, прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ганнай Каржанеўскай. У Анталогіі былі прадстаўлены канты, канцоны, рамансы, песні, арыі з опер беларускіх кампазітараў XVIІ—XX стагоддзяў. Усяго мы выканалі ў дзесяці канцэртных праграмах каля дзьвюхсот твораў.
 
Даследчыку гісторыі беларускай музыкі, артысту Віктару Скорабагатаву - 60 год
 
У кастрычніку 1990 года я апублікаваў артыкул "Без падмурка ўзнавіць немагчыма" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе выклаў канцэпцыю стварэння творчага калектыва "Беларуская капэла", зарыентаванага на ўзнаўленне незаслужана забытых гістарычных пластоў беларускай прафесійнай музычнай культуры. Пад канец кастрычніка 1991 года правёў на філарманічных пляцоўках Мінска першы фестываль "Адраджэнне беларускай капэлы". У чэрвені 1992 года Міністэрства культуры Беларусі заснавала творчую арганізацыю "Беларуская капэла". Я стаў яе мастацкім кіраўніком.
 
Радзівілаўскі "Фаўст" ды жарты нячысціка

Даследчыку гісторыі беларускай музыкі, артысту Віктару Скорабагатаву - 60 годУ 1998 годзе да нас у "Беларускую капэлу" звярнулася спадарыня Карын баранеса фон Урангель — тагачасны дырэктар інстытута iменi Гётэ ў Мінску — з прапановай ажыццявіць пастаноўку на сцэне Нацыянальнай оперы Беларусі оперы Радзівіла "Фаўст" у перакладзе лібрэта на беларускую мову Васіля Сёмухі. Я спачатку ўспрыняў гэтую прапанову як няўдалы жарт. Але, на маё здзіўленне, "машына" закруцілася досыць шпарка і ў патрэбным кірунку. Было падпісана пагадненне паміж Гётэ-iнстытутам і Міністэрствам культуры Беларусі, якое дало магчымасць спраўдзіцца унікальнаму праекту.
 
Спектакль прайшоў з аглушальным поспехам. Праўда, не адбылося без "умяшальніцтва д’ябла". Як хочаце, так і мяркуйце, але адбылося вось што. Генеральны прагон (з гледачамі ў зале) быў затрыманы на 15 хвілін — у падвале тэатра штосьці пачало гарэць. Пажарныя хутка справіліся са здарэннем, але праз аркестравую яму ў залу яшчэ доўга сачыўся дым. Праз два дні прэм’еру адклалі яшчэ раз. Аж на 40 хвілінаў. На гэты раз на каласніках сарваўся кран і зверху на сцэну палілася вада. Давялося адключыць усю правую палову сцэнавай асвятляльнай апаратуры, перакамутаваць святло. За пастаноўку "Фаўста" я быў узнагарожаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта для дзеячаў культуры і мастацтва. Перад цэрымоніяй дыпломы, уладкаваныя ў рамкі (пад шклом), расклалі для вынасу на сцэну. За пяць хвілін да пачатку святкавання адно шкло звонка трэснула. Здагадайцеся, у чыім дыпломе?
 
Але гэта таго каштавала: эффект ад оперы быў фантастычны. У Мілане, Лейпцыгу і Берліне пісаліся дысертацыі па "Фаўсту" Радзівіла, а ў Дармштаце ставіўся спектакль. Ва ўсіх трох выпадках карыстаюцца нашымі выданнямі, што выйшлі напярэдадні мінскай прэм’еры. Між іншым, праца над лібрэта стымулявала Васіля Сяргеевіча Сёмуху зноў дапрацаваць свой бліскучы пераклад "Фаўста". І ў серыі выданняў "Беларускі кнігазбор" у тым жа 1999 годзе выйшаў з друку том "Ёган Вольфган Гётэ. Выбраныя творы", дзе ўпершыню было надрукавана лібрэта "Фаўста". Унікальнасць з’явы ў тым, што лібрэта оперы ніколі і нідзе не друкавалася.
 
18 лістапада а 16-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі беларусь адбудзецца адкрыццё выстаўкі "Маэстра музычнай спадчыны" да юбілею заслужанага артыста Беларусі Віктара Скарабагатава.
←Подарок для меломанов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика