“Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...”

Источник материала:  
“Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...”За тысячу гадоў свайго існавання гэты дзівосны храм перажыў заняпад і разбурэнні,але, адроджаны ў новым абліччы,застаецца сімвалам Полацка і ўсёй беларускай зямлі.

Калі сталі вядомыя вынікі галасавання ў фінале нашага праекта і мы пазванілі ў Полацк, каб паведаміць, што Сафійскі сабор трапіў у лік сямі цудаў Беларусі, месцічы адрэагавалі на гэту навіну са спакойнай годнасцю: так яно, маўляў, і павінна быць, бо калі не наша Сафійка, то што тады можа звацца Цудам. Тут, як кажуць, з відавочным не паспрачаешся. Найстарэйшы храм найстарэйшага беларускага горада невыпадкова лічыцца сімвалам нацыі. За тысячу гадоў выстаяў, адрадзіўся і лунае цяпер бялюткай легкакрылай птушкай на стромкім беразе вялікай ракі...

Першы на беларускай зямлі мураваны храм быў пабудаваны ў сярэдзіне ХІ стагоддзя на тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку князем Усяславам, якому наканавана было ўвайсці ў нацыянальную гісторыю з мянушкай Чарадзей. У тыя часы з’яўленне на правым беразе Заходняй Дзвіны пабудовы дзіўнай прыгажосці дазваляла адразу паставіць храм у адзін шэраг з вядомымі Сафійскімі саборамі ў Канстанцінопалі, Кіеве ды Ноўгарадзе, а Полацк далучыць да спіса самых уплывовых гарадоў. Нездарма навукоўцы гавораць, што ў лёсе полацкага сабора адбіваецца ўся гісторыя беларусаў, а для полацкай зямлі Сафія гарантавала незалежнасць, эканамічную магутнасць, высокую культуру.

Візантыйскі след

Даследчыкі мяркуюць, што ў будаўніцтве полацкага сабора ўдзельнічалі візантыйскія майстры. На вялікім камені ў падмурку храма былі высечаны імёны: Давід, Тома, Мікула, Копес, Пётр, Ворыш. Храм уваходзіў у ансамбль Верхняга замка, драўлянага крамля з княжацкімі палатамі, манастыром і вечавай плошчай, надзейна ахоўваўся крапаснымі сценамі.Гэты буйнейшы для свайго часу будынак упамінаецца ў літаратурным помніку ХІІ стагоддзя “Слова пра паход Ігаравы”, аўтар якога адзначае: “Тому в Полотьске позвониша заутренюю у святыя Софеи в колоколы, а оне в Киеве звон слышаше”.Па паданнях, у Сафійскім саборы захоўваліся не толькі царкоўныя  фаліянты, але і шматлікія летапісы. Прападобная Еўфрасіння  заснавала ў Сафійцы скрыпторый, далучаючы да перапісвання манускрыптаў майстроў. Так што з Сафійскім саборам звязана і з’яўленне першай у Полацкім княстве бібліятэкі. Аднак лічыцца, што Іван Грозны, які захапіў Полацк у 1563 годзе, вывез шматлікія кніжныя рэліквіі. Наогул лёс быў нелітасцівы да святой Сафіі. Сабор колькі разоў гарэў, быў узарваны. Але кожны раз ён бы птушка фенікс уваскрасаў з попелу, з руінаў і станавіўся яшчэ прыгажэйшым.І зараз, калі спускаешся ў музей сабора, створаны ў падмурку, затаіўшы дыханне назіраеш за захаванай кладкай з плінфы, якая замацавана растворам з вапны і бітай цэглы. Тут жа ў музеі можна ўбачыць алтарныя апсіды, фрагменты фрэсак і сінтрон (каменную лаўку для  царкоўных святароў). Археолагі выявілі першапачатковы падмурак, што захаваўся па ўсім перыметры храма, і 16 саркафагаў (Сафія была пахавальняй полацкіх князёў). Абараняцца ў тыя часы трэба было ад захопнікаў то з поўначы, то з усходу.

Нібы птушка фенікс

Існуе версія, што Сафійскі сабор у канцы XV — першай палове XVI стагоддзя быў перабудаваны з сямікупальнага ў пяцівежавы храм абарончага тыпу. Менавіта такім ён намаляваны на плане 1579 года “Узяцце Полацка Стэфанам Баторыем”. (Гэта Баторый адбіваў горад у маскоўскіх войскаў Івана Грознага падчас Лівонскай вайны.)З падпісаннем Брэсцкай уніі ў 1596 годзе праваслаўная Сафія перайшла ўніятам і заставалася пад аховай гэтай канфесіі да 1839 года.У 1607 годзе будынак пацярпеў ад пажару. Калі ў 1619—1620-я гады полацкім архібіскупам стаў Ёзафат Кунцэвіч, ён адбудаваў Сафійку. Была ўзнята  цэнтральная частка, галоўны алтар перанесены на поўнач.Здаралася, што старажытныя сцены храма акрапляліся крывёю. У час Паўночнай вайны, 11 ліпеня 1705 года, у Сафійскай царкве адбылося жудаснае забойства святароў і манахаў расійскімі афіцэрамі (некаторыя крыніцы сведчаць, што да гэтай крывавай гісторыі мелі дачыненне непасрэдна цар Пётр І і яго світа). У дзень нараджэння цара загінула шэсць уніяцкіх святароў і манахаў. Сафійскі сабор быў зноў разрабаваны і зачынены.Старажытную святыню Полацка, першы храм Беларусі аддалі пад сховішча амуніцыі і пораху. А 1 мая 1710 года ў сутарэннях сабора наўмысна ўзарвалі порах і храм быў амаль цалкам разбураны.Сабор быў адноўлены праз паўстагоддзя, але ўжо ў стылі віленскага барока. Рэшткі алтара Сафіі часоў Усяслава Чарадзея сталі бакавой апсідай новага храма...У 1839 годзе ў храме адбыўся Полацкі царкоўны сабор, які фактычна скасаваў унію на беларускай зямлі.

Аб чым спяваюць “Званы Сафіі”?

Пасля скасавання ў 1839 годзе уніі, нягледзячы на чароўную прыгажосць, храм чакаў незайздросны лёс. У канцы XIX стагоддзя велічны будынак  прыйшоў у заняпад.Паступовае аднаўленне і рэстаўрацыя помніка пачаліся ў 1969 годзе. У 1983-м была адчынена канцэртная зала, праз два гады ў саборы загучаў арган. І зараз скляпенні сабора вельмі часта напаўняюцца высокай духоўнай музыкай, якая, як вядома, больш красамоўна, чым іншыя віды мастацтва, перадае дух свайго часу. Тут часта праходзяць арганныя канцэрты, а акустыка памяшкання, задуманага яшчэ ў XVIIІ стагоддзі так, каб быў чуцён кожны гук, дорыць незвычайнае адчуванне поўнага пагружэння ў велічную музыку...Кожны лістапад “Званы Сафіі” клічуць на міжнародны фестываль арганнай музыкі. Музыка і архітэктура зліваюцца ў адзінае і разам падкрэсліваюць веліч нацыянальнай беларускай культуры.А ў іншыя дні ў Сафійцы працуе музей. Дэфіцыту наведвальнікаў тут няма: сам сабор — галоўны і найкаштоўнейшы экспанат. Вам падрабязна раскажуць пра яго гісторыю, пра тое, як ён выглядаў раней. А ў ніжнім ярусе можна дакрануцца да каменнай кладкі ХІІ стагоддзя — цалкам магчыма, па гэтых камянях у сцяне храма тысячу гадоў назад задумліва праводзіў рукой дзед святой Еўфрасінні Усяслаў, князь-ваўкалак, якога сучаснікі назвалі Чарадзеем...І зусім не дзіва, што ля старажытнага алтара, дзе захаваўся кавалак тысячагадовай падлогі, наведвальнікі, бы ў рымскі фантан, кідаюць манеты і дробныя купюры. На добры знак — каб яшчэ раз сюды вярнуцца. Аднойчы ўвайшоўшы ў ваша жыццё, гэты дзівосны храм заўсёды будзе прыцягваць да сябе зноў і зноў. Сюды захочацца вярнуцца, каб адчуць разам подых стагоддзяў, повязь часоў і Радзіму.

Ёсць чым ганарыцца!ЮНЕСКА ўключыла 1150-годдзе Полацка, якое найстарэйшы горад Беларусі будзе адзначаць у наступным годзе, у свой каляндар 2012—2013 гадоў як адну з найважнейшых міжнародных памятных дат. Арганізацыя вельмі строга ставіцца да ўключэння памятных дат у свой каляндар: з усіх пададзеных дзяржавамі заявак былі абраны толькі каля шасцідзесяці найбольш вартых падзей. Тое што сярод іх апынуўся юбілей Полацка, сведчыць аб значнасці гэтай падзеі для сусветнай культуры.  Тым часам Рэспубліканскі аргкамітэт па святкаванні 1150-годдзя Полацка, які ўзначальвае віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік, ужо прыступіў да работы па арганізацыі ўрачыстасцей.

“Менавіта тут адчуваеш сутнасць зямлі беларускай”

Ксенія ПАГАРЭЛАЯ, арганіст Полацкага Сафійскага сабора, лаўрэат Міжнароднага конкурсу — фестывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа”:— Сабор стаіць на вельмі знакавым месцы. Калі я ўпершыню апынулася тут, адчула, што ўсё гэта невыпадкова, менавіта тут адчуваеш сутнасць, вытокі зямлі беларускай. Гармонія архітэктуры, навакольнага асяроддзя і ўнутранага інтэр’ера сабора падсвядома ўплывае на чалавека, далучае яго да вечнага і цудоўнага. Сабор стаіць на найстаражытнейшым месцы, дзе Палата ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. І з якога боку ты ні ішоў бы да яго, цябе ахоплівае дзівоснае пачуццё нечага ўзвышанага, касмічнага.У Сафійскім саборы выдатная акустыка. Да нас едуць музыканты з усяго свету і з захапленнем сведчаць пра неверагодную гармонію Сафіі.

Ніна СУЛЕЦКАЯ, дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў устаноў культуры, краязнаўца:— Я доўгі час займалася праблемамі Сафійскага сабора як помніка архітэктуры і музея, бо ў мінулым узначальвала Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Лічу, што гэта святыня — сапраўдны цуд Беларусі, сімвал панавання хрысціянства, сімвал духоўнасці. Такіх сабораў ва ўсім свеце толькі чатыры. Сафійскі сабор у Полацку — гэта помнік архітэктуры і ХІ, і ХVIII, і ХХ стагоддзяў. Гэта ўнікальны музей з чароўнай канцэртнай залай. Я часта бываю на канцэртах фестывалю “Званы Сафіі” і адчуваю, як дзякуючы музыцы і архітэктуры чалавек узвышаецца.

Цікавыя факты з гісторыі святыні

Перыяд росквіту Полацкага княства звязаны якраз з будаўніцтвам Сафійскага сабора. У Сафійскім саборы адбываліся такія значныя падзеі, як узвядзенне князя на пасад, аб’яўленне вайны і міру, прыём замежных паслоў. Тут знаходзілася кафедра архіепіскапа, захоўваўся дзяржаўны скарб, была бібліятэка, пісаліся летапісы. Тут пачала сваю духоўную  і падзвіжніцкую дзейнасць святая Еўфрасіння Полацкая. Палачане хаваліся за сценамі Сафіі ад ворага — таўшчыня сцен сабора дасягала паўтара метра. Ад сабора ХІ стагоддзя на вышыню 12 метраў захавалася старажытная ўсходняя сцяна. У музеі храма дэманструюцца плінфы ХІ стагоддзя з насечкамі, літарамі, рознымі знакамі, уключаючы княжацкі трызубец Рурыкавічаў. Першы пажар у саборы, вядомы нам з дакументальных крыніц, адбыўся ў 1447 годзе. На алтарнай перагародцы і зараз мы бачым захаваную копію вядомай фрэскі Леанарда да Вінчы “Тайная вячэра”. Падчас вайны 1812 года ў патаемных нішах сабора манахі-ўніяты хавалі знакаміты крыж Еўфрасінні Полацкай, выраблены ў 1161 годзе ювелірам Лазарам Богшам. Музей гісторыі архітэктуры сабора стаў прымаць наведвальнікаў з 1985 года. Спецыяльна для Сафійскага сабора ў Полацку вядомай чэшскай фірмай “Рыгер Клос” быў спраектаваны і ўстаноўлены арган, зроблены з розных парод дрэва і асобных металічных сплаваў. Ён мае 3905 труб, 48 рэгістраў, тры ручныя клавіятуры, сістэму нажных педаляў. Першым выканаўцам у 1985 годзе быў выдатны арганіст Алег Янчанка.
←"Хоровая академия-2011" пройдет в Минске 21-28 ноября

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика