Душэўная сустрэча
Магілёўскія студэнты цікавяцца паэзіяй і мараць пра будучую літаратурную работу.
Гэтымі марамі яны падзяліліся з беларускімі пісьменнікамі, якія падчас творчага візіту ў вобласць зазірнулі ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова.
Простымі, шчырымі, звычайнымі людзьмі ўбачылі студэнты філалагічнага факультэта тых, пра каго ведалі толькі са старонак кніг. А іх філфакаўцам, між іншым, прыходзіцца чытаць вялікае мноства. І вось тыя, чые творы студэнты вывучаюць і чые біяграфіі пераказваюць на занятках, самі распавядалі пра асабістае жыццё і творчы шлях.— Пра што я марыў у дзяцінстве? — задумаўся лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, рэдактар дзіцячага часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі над пытаннем аднаго з студэнтаў. — Пра тое, калі змагу чытаць шмат кніг, калі вырвуся з родных Шоўкавічаў і ўбачу вялікі свет. І вось — атрымалася.Што цікава, некаторыя з членаў дэлегацыі Саюза пісьменнікаў, якая распачала вандроўку па Беларусі, самі вучыліся ў Магілёўскім універсітэце. — Прызнацца, не быў у альма-матэр каля 30 гадоў, — гаворыць доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка. — І перад магілёўскімі студэнтамі выступаў упершыню. Хоць завочна яны мяне тут ведаюць вельмі добра: вучацца па маіх падручніках па старажытнабеларускай літаратуры. За тры дзесяцігоддзі ўніверсітэт значна змяніўся, тут з’явіліся спецыялізаваныя кабінеты, новае абсталяванне. Ды і студэнты сталі больш разняволенымі, дасведчанымі. Вядома, найбольш студэнтаў цікавілі прафесійныя пытанні: дзе чэрпаць натхненне, як з’яўляюцца сюжэты, наколькі складана выдаць уласную кнігу? Гэта не магло не парадаваць старшыню Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, які ў самым пачатку візіту папрасіў рэктара ўніверсітэта “дапамагчы з маладымі кадрамі”.— У нас на факультэце шмат творчых людзей, — сказала карэспандэнту “НГ” пачынаючы паэт, другакурсніца Вераніка Старасценка. — Таму асабліва прыемна, што пісьменнікі прыйшлі да нас. Такія сустрэчы вучаць яшчэ больш любіць і шанаваць айчынную кнігу, паважаць роднае слова.Учора падарожжа дэлегацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі па беларускіх рэгіёнах завяршылася. Наколькі паездка аказалася плённай?— У розных населеных пунктах захоўваецца тая глыбіня думак і пачуццяў, якіх так не хапае нашым кніжкам, — разважае на гэты конт паэт, рэдактар часопіса “Нёман” Алесь Бадак. — Такія сустрэчы вельмі патрэбныя, яны шчыра пераконваюць, што ёсць цікавыя сюжэты, людзі, пра якіх можна пісаць асобныя кніжкі... І што ёсць чытач, якога мы павінны ведаць, паважаць і берагчы.