У Нацыянальнай бібліятэцы інсцэнавалі "Інтымны дзённік" Багдановіча

Источник материала:  
10.11.2011 01:15 — Новости Культуры

У Нацыянальнай бібліятэцы інсцэнавалі "Інтымны дзённік" Багдановіча


Недарэчнасць здарылася падчас прэзентацыі мультыпраекту "Вянок Максіму" ў Нацыянальнай бібліятэцы. Урывак са спектакля "Дзённік паэта" выклікаў непрыманне з боку дырэктара музея Максіма Багдановіча. "Я адчуваю крыўду за тое, як паказаны тут наш Паэт", — заявіла Таццяна Шаляговіч.

Галерэя "Лабірынт" у Нацыянальнай бібліятэцы выявілася яўна замалой для прэзентацыі праекту "Вянок Максіму". Як у плане маштабнасці самой задумы, так і ў літаральным сэнсе, бо крэслаў для ўсіх цікаўных проста не хапіла. У гэты вечар тут прадстаўлялася ажно 6 праектаў, аб’яднаных у адзін: мастацкая, фотабіяграфічная і дзве кніжныя выставы, энцыклапедыя "Максім Багдановіч" ды мультымедыйны дыск "Паэт красы і гармоніі".

У невялічкай зале галерэі сабраліся не толькі школьнікі, якія трапілі сюды, відаць, у добраахвотна-прымусовым парадку, але і цікаўныя чытачы, даследчыкі творчасці Багдановіча і прыхільнікі добрай паэзіі.

Пачалася імпрэза з дзіцячай аматарскай пастаноўкі паводле казкі "Вежа міру", пасля чаго прадстаўніца Міністэрства культуры Святлана Гаўрылава расказала пра маштабнасць святкавання 120-годдзя паэта ў іншых краінах і паабяцала, што ў 2012 годзе помнік Багдановічу з’явіцца ў Гродне.

Старшыня Міжнароднай гільдыі мастакоў Фёдар Ястраб казаў пра тое, што 120-годдзе Багдановіча — свята для ўсіх, хто адчувае сябе беларусам і "хто не цураецца сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці". Мастак заклікаў не глядзець на паэта як на музейна забранзавелую асобу.

Уласна, так і зрабілі акторы Тэатра беларускай драматургіі, якія паказалі прысутным урывак са спектакля "Дзённік паэта".

"У мяне ўстаў. Я задраў ёй спадніцу і паваліў на траву", — прамаўляў герой Аляксандра Марчанкі, а гераіня Анастасіі Бабровай кідалася ў гэты час на падлогу галерэі, уздымаючы начнушку.

У лёгкім шоку былі ўсе тыя, хто не знаёмы са спектаклем Віталя Баркоўскага.

"Пасля такога ўрыўка цяжка выступаць", — прызналася дырэктар музея Багдановіча Таццяна Шаляговіч, якую запрасілі прамовіць наступнай. Яна зазначыла, што пазнаёмілася аднойчы з пастаноўкай і вырашыла для сябе больш яе не глядзець. Але давялося насуперак волі.

"Я адчуваю крыўду за тое, як паказаны тут наш Паэт. Наогул, гэта памылка — даводзіць, што ёсць інтымны дзённік Багдановіча.

Ёсць рукапіс, які ўжо публікаваўся, дзе Максім паказаны як чалавек, якому ўласцівыя зямныя пачуцці. Але для гэтага неабавязкова чытаць рукапіс, можна перагледзець яго вершы, дзе ўсё сказана. А тут ёсць вельмі суб’ектыўнае прачытанне яго спадчыны, ад чаго мне вельмі прыкра".

Галоўнай падзеяй вечара ўсё ж быў не канфлікт між прыхільнікамі Багдановіча, а прадстаўленне двух вельмі грунтоўных праектаў. Адзін з іх задумваўся яшчэ пры канцы 80-х — энцыклапедыя "Максім Багдановіч". Тады грошай на выданне, прымеркаванае да 100-годдзя паэта, не знайшлося, таму праект аднавілі нядаўна і прымеркавалі ўжо да 120-годдзя.

Гэта будзе трэцяя персанальная энцыклапедыя пасля выданняў "Францыск Скарына" і "Янка Купала". "Я ўпэўнены, што сама па сабе яна стане нацыянальным здабыткам", — заявіў прадстаўнік выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя".

Другі цвік праграмы — мультымедыйны дыск "Паэт красы і гармоніі", падрыхтаваны супрацоўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі. На ім амаль 4 гігабайты інфармацыі, прысвечанай творчасці Багдановіча.

Найбольшую каштоўнасць тут уяўляюць аблічбаваныя прыжыццёвыя выданні, рукапіс Максіма "Зеленя", яго аўтографы, рарытэтнае ўкраінскае выданне "Вянка" ды яшчэ 100 перакладаў твораў на 20 моваў, а таксама фота, аўдыё, відэа, аблічбаваныя творы выяўленчага мастацтва… Каштуе дыск, дарэчы, менш за 2 даляры.

Усім праектам з серыі "Вянок Максіму" сапраўды было цесна ў галерэі "Лабірынт". Выставы занялі яшчэ тры галерэі і музей кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы, а таксама музей імя Багдановіча. Экспазіцыя скончыцца ў дзень, калі нарадзіўся паэт.
←ЛАДные перемены

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика