Святло любімых твораў

Источник материала:  
Святло любімых твораўБеларусь рыхтуецца святкаваць 130-я ўгодкі народных песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа
Класіка — як добрае віно: з гадамі павышаецца яе каштоўнасць. Скажам, у савецкі час не ўсе творы песняроў даходзілі да чытача ў аўтарскай задуме, некаторыя былі даступныя толькі даследчыкам. “Цяпер выдаецца новы Збор твораў Якуба Коласа, пабачылі свет 15 тамоў, у рабоце яшчэ 5, — нагадвае супрацоўніца Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяна Махнач. — Рыхтуючы паэму “Сымон-музыка” да перавыдання, я з падказкі вядомага даследчыка-архівіста Віталя Скалабана, якога ўжо няма з намі, знайшла ўнікальны дакумент у фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва. Гэта машынапіс пастановы калегіі Галоўліта 1924 года, да якога прыкладзены і падрадковы пераклад фрагментаў паэмы на рускую мову — многія з тых, хто браўся папраўляць класіка, беларускай не ведалі. Па тых “парадах” можна меркаваць, як няпроста ішла паэма да чытача, чаго гэта каштавала аўтару. Аднаўляеш страчанае — і бачыш новы сэнс за прыгладжанымі фразамі”.
Што ж, не будзем забываць: класіка — як добрае віно, і тонкі яе смак адчувае той, хто непасрэдна сам яе “раскаштуе”. Адкрыццём для даследчыцы было, што пісьменнік, крытык Максім Гарэцкі спачатку адгукнуўся на з’яўленне “Сымона-музыкі” амаль адмоўнай рэцэнзіяй, а потым здолеў спасцігнуць прыгажосць і сілу паэмы, напісаў і вельмі станоўчы водгук, па вартасці ацаніўшы твор. Яна расшукала шэраг дакументаў, якія расказваюць, як напружана ішла работа над творам, прысвечаным беларускай моладзі. Дарэчы, у прадмове да тома Таццяна Махнач згадвае, што паэма, пачатая ў 1911 годзе (сёлета юбілей!), часткова пісалася і ў Бяларучах на Лагойшчыне, на кватэры настаўніка Івана Міцкевіча: у паэме “Новая зямля”гэта ён “дырэктар з вузел ростам”. У Бяларуцкай школе створаны музей, прысвечаны Купалу: там будучы пясняр у 1898 годзе скончыў народнае вучылішча. Цяпер ёсць падставы ўшанаваць у мястэчку і памяць пра Коласа. Прыводзіць даследчыца звесткі пра тое, што ў жніўні 1924-га на станцыі Ціхарэцкая ў Якуба Коласа, які вяртаўся ў Мінск з адпачынку ў Кіславодску, укралі рэчы, сярод якіх і істотна перапрацаваны рукапіс паэмы. Тая, другая рэдакцыя, так і не знайшлася, хоць з Растова-на-Доне была вестка: рукапіс знайшлі. Колас па памяці аднаўляў строфы, рыхтуючы новае выданне “Сымона-музыкі”.
Роўна год застаецца да юбілею Якуба Коласа — ён нарадзіўся 3 лістапада, а Купалавы ўгодкі яшчэ бліжэй, у ліпені. Паводле ўказу Прэзідэнта, які падпісаны нядаўна, будзе створаны рэспубліканскі аргкамітэт па шырокім святкаванні 130-х угодкаў песняроў, зацверджаны план мерапрыемстваў да юбілеяў. У прыватнасці, рыхтуюцца факсімільныя выданні кніг “Шляхам жыцця” Янкі Купалы і “Сымон-музыка” Якуба Коласа, выйдуць кнігі пра творцаў у серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”. Запланаваны шэраг праектаў у гонар народных паэтаў: пройдзе рэспубліканская мастацкая выстава, прысвечаная іх жыццю і творчасці, выйдуць у тэле- і радыёэфір тэматычныя літаратурна-мастацкія і дакументальна-публіцыстычныя праграмы, лепшыя спектаклі паводле твораў класікаў. Яшчэ ў планах — кніжныя выставы ў бібліятэках, літаратурныя вечары, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі.Святло любімых твораў Будуць створаны дакументальныя фільмы пра жыццё і творчасць класікаў з субцітрамі на англійскай мове: замежныя ўстановы Беларусі пакажуць іх пад час святочных мерапрыемстваў у розных краінах. Запускаецца ў работу мастацкі тэлефільм “Купала. Лёс песняра”.
Мы расказвалі ўжо, што выхаванцы мастака-педагога Уладзіміра Банцэвіча, старшыні Растоўскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Саюз беларусаў Дона”, сёлета на пачатку ліпеня падрыхтавалі і падарылі Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы мастацкую выставу да 130-х угодкаў песняра. У Купалаўскім музеі пройдуць Х Міжнародныя купалаўскія чытанні, будзе створана новая экспазіцыя, выстава выданняў Коласа і Купалы адкрыецца ў Нацыянальнай бібліятэцы. І, вядома ж, у многіх установах культуры, школах пройдуць тэматычныя вечары, паэтычныя чытанні, святы паэзіі, чытацкія канферэнцыі, конкурсы на лепшае сачыненне і малюнак.

Іван Ждановіч

←В эфире – «Беларусь 1»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика