Вярнуўся ў бронзе

Источник материала:  
Вярнуўся ў бронзеУ Кіеве адкрылі помнік Уладзіміру Караткевічу
Варта ўзгадаць, што жыццё і творчасць пісьменніка былі цесна спалучаны з украінскай зямлёй. У 1950-я гады Уладзімір Караткевіч вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, працаваў настаўнікам там жа, на Кіеўшчыне. Дарэчы, знакаміты нарыс пісьменніка “Зямля пад белымі крыламі” ўпершыню пабачыў свет менавіта на ўкраінскай мове. У сваіх шматлікіх мастацкіх творах і літаратуразнаўчых артыкулах Уладзімір Караткевіч звяртаўся да ўспамінаў пра жыццё ва Украіне, даследаваў творчасць класікаў украінскай літаратуры: Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Івана Франко.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве ўдзельнічалі міністр культуры Беларусі Павел Латушка і міністр культуры Украіны Міхаіл Кулыняк, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі дзвюх краін. На цырымоніі выступіў ансамбль “Купалінка” Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
З нагоды адкрыцця помніка ў Нацыянальным кіеўскім універсітэце прайшла прэзентацыя спецыяльнага выдання кнігі Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” на чатырох мовах — беларускай, рускай, украінскай, англійскай, — выпушчанага да 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, якое адзначалася летась. У прэзентацыі ўдзельнічалі старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, намеснік старшыні Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва Анатоль Бутэвіч.
Як паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі, помнік Караткевічу створаны ў выкананне дамоўленасці прэзідэнтаў Беларусі і Украіны. З гэтай нагоды Міністэрствам культуры быў праведзены рэспубліканскі конкурс на стварэнне праекта. Аўтарамі помніка сталі беларускія скульптары Канстанцін Селіханаў, Алег Варвашэня і архітэктар Аляксандр Корбут.
Помнік Караткевічу ўжо ёсць у Оршы і Віцебску. Цяпер бронзавая скульптура класіка беларускай літаратуры ўстаноўлена ў сталіцы Украіны на вуліцы Кацюбінскага, побач з будынкам беларускага пасольства ў Кіеве. Уладзімір Караткевіч стаіць ва ўвесь рост на фоне разгорнутай кнігі, на старонцы якой змешчана апошняя страфа аднаго з яго вершаў на беларускай і ўкраінскай мовах:

І пад птушак зялёны гоман
Нарадзіліся для абшараў, —
Плод кахання бору
і хмары, —
Мой Дняпро, і Бяроза,
і Нёман…


Карына Аляксандрава

←«Путь Абая» презентовали в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика