Зялёнае святло на шляху чалавека «з краю агуркоў»
— Фёдар Аляксеевіч, многіх прыхільнікаў вашага таленту здзівіла нечаканая навіна аб тым, што вы сталі дырэктарам Дома культуры чыгуначнікаў у Брэсце. А як жа “Астрамечаўскія Лявоны”, сольныя канцэрты? Ці хапае часу і магчымасцей усё сумяшчаць?
— Я ні ў якім выпадку не развітаўся ні са сваімі “Лявонамі”, ні з асабістымі выступленнямі. І не збіраюся гэтага рабіць. Проста жыццёвыя абставіны склаліся так, што патрэбны былі пэўныя перамены. Вельмі ўдзячны многім сваім сябрам, якія зразумелі гэта і падтрымалі ў складаны час. Калі з жыцця трагічна пайшла мая жонка, было надзвычай цяжка. Ніяк не верылася, што побач ужо няма каханага, блізкага чалавека. Толькі ў творчасці і знаходзіў нейкую аддушыну. Калі мне прапанавалі перайсці ў Брэст, стаць дырэктарам Дома культуры чыгуначнікаў, доўга вагаўся. Але ж паступова прыйшоў да высновы, што гэта дапаможа змяніць абстаноўку, дасць новы штуршок жыццю і творчасці. Больш за год працую ў горадзе і цяпер пераканаўся, што паступіў правільна.
— А як кіраўнік СВК “Астрамечава” Аляксей Скакун адрэагаваў на ваша рашэнне?
— Мы доўга і грунтоўна гутарылі на гэтую тэму, і я адчуў яго разуменне і падтрымку. У тым, што цяпер працую ў Доме культуры чыгуначнікаў, ёсць нямала пераваг і для Астрамечава. Дастаткова сказаць, што з калектывамі, якія створаны тут, мы выкарыстоўваем вопыт “Лявонаў”. У сваю чаргу, гэты самабытны ансамбль, які нядаўна адзначыў 25-годдзе з дня заснавання, адкрывае нешта новае для себя.
Скакун — цудоўны старшыня, які валодае дзіўнай здольнасцю ўнікаць ва ўсе гаспадарчыя, бытавыя, грамадскія пытанні і клапоціцца пра культуру. Дзякуючы яго падтрымцы і сёння “Астрамечаўскія Лявоны” выступаюць. Без іх удзелу не абыходзяцца ні мясцовыя, ні раённыя, ні абласныя “Дажынкі”, ні іншыя масавыя святы. Мы пастаянна аднаўляем рэпертуар, шукаем таленты і ў той жа час імкнемся захаваць свой імідж.
— Каго ў “Астрамечаўскіх Лявонах” можна назваць душой калектыву?
— Кожны тут па-свойму непаўторны. А разам усе дапаўняюць адзін аднаго. Крыніца цікавых ідэй — наш музычны кіраўнік Аляксандр Агіевіч. Выдатны знаўца гумарыстычных гісторый — Уладзімір Антанюк. Ён, дарэчы, працуе ўрачом у мясцовай амбулаторыі. Баяніст Юрый Гірылюк — з болей маладога саставу. Сапраўдны віртуоз. Дзякуючы ўсім, хто душой і сэрцам звязаны з гэтым ансамблем, ён сёння з’яўляецца візітнай карткай не толькі Астрамечава, але ж і ўсяго брэсцкага рэгіёна. Мяркуйце самі: з гастролямі мы аб’ехалі як сваю родную Беларусь, так і Германію, Францыю, Польшчу, Літву, Славакію, многія іншыя краіны.
— А на сваёй малой радзіме даўно выступалі?
— Я родам з “краю агуркоў” — вёскі Альшаны, што на Століншчыне. Ведаеце, гадоў пятнаццаць мы не давалі там канцэртаў. Так ужо сталася, што ў суседнія населеныя пункты завітвалі — напрыклад, спявалі для жыхароў Манькавічаў падчас прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, — а Альшаны абмінулі. Але неўзабаве пабываем і там. Можа, з “Астрамечаўскімі Лявонамі”, а магчыма, і з іншымі ансамблямі.
— Дарэчы, раскажыце пра іх. Ля ўваходу ў будынак Дома культуры чыгуначнікаў у Брэсце столькі афіш! Няўжо тут так многа творчых калектываў?
— Так, прычым яны працуюць у самых розных жанрах. Некаторыя маюць даволі працяглую гісторыю, іншыя мы стварылі нядаўна, але цяпер яны ўжо добра вядомыя. Ансамблю музыкі і песні “Фартуна” ўсяго каля года, але на яго канцэртах заўсёды поўныя залы. Яго музычны кіраўнік Дзяніс Вакер — адораны і захоплены творчасцю чалавек. З яго дапамогай са звычайных работнікаў чыгункі — слесараў, столяраў, прадстаўнікоў іншых спецыяльнасцей — мы ўтварылі непаўторны калектыў, дзе кожны голас выдатна спалучаецца з іншымі. Словам, у ім пануе сапраўдная гармонія. І кожны з яго удзельнікаў не лічыцца з часам, вольныя ад працы гадзіны прысвячае рэпетыцыям і канцэртам. За год станаўлення вельмі многае зроблена для таго, каб “Фартуна” займела аматараў сваёй творчасці. Падчас выступлення ансамбля на прафесійных святах чыгуначнікаў, гарадскіх мерапрыемствах добра бачны яго непаўторны стыль.
У нас таксама дзейнічаюць дзве тэатральныя студыі (і, сярод іншых, афішы іх спектакляў, пастановак вы бачылі ля ўваходу ў будынак), танцавальныя калектывы, эстрадна-цыркавая студыя, удасканальваюць майстэрства сольныя выканаўцы. Прыхільнікаў гумару збіраюць гульні Клуба вясёлых і знаходлівых, у якіх удзельнічаюць многія чыгуначнікі — ад кіраўніцтва аддзялення і дыстанцыі грамадскіх збудаванняў да праваднікоў, машыністаў цягнікоў. У КВЗ гуляюць цэлымі сем’ямі, і гэта даўняя, добрая традыцыя.
— А дзіцячыя студыі, гурткі таксама няблага пачуваюць сябе пад утульным дахам Дома культуры чыгуначнікаў?
— Вы трапна прыкмецілі, што пад “утульным”. З дапамогай Брэсцкай дыстанцыі грамадскіх збудаванняў, да якой мы адносімся, правялі капітальны рамонт будынка, набылі новыя сцэнічныя касцюмы, аформілі дэкарацыі — словам, зрабілі многае, каб Дом культуры адпавядаў сваёй высокай назве. Начальнік дыстанцыі Уладзімір Крылоў заўсёды аказвае падтрымку, асабліва цікавіцца поспехамі дзіцячых калектываў.
— Дзякуй за цікавую размову, Фёдар Аляксеевіч. І зялёнага святла вам і ўсім вашым паплечнікам на творчым шляху!
Гутарыў Аляксандр КУРЭЦ, “БН”
Фота Мікалая ПАНАСЮКА