Прыгожы ці савецкі?
Праязджаючы па тэрыторыі Салігорскага раёна, часта задумваемся аб паходжанні мясцовых назваў. Спрабуем знайсці разгадку. Але не заўсёды атрымліваецца. Дапамажыце разабрацца. На тэрыторыі раёна сустракаюцца назвы на беларускай мове: Чырвоная Слабада, Краснае Возера, Красны Бераг, Краснадворцы, Чырвоная Даліна. Хацелася б даведацца, чым выкліканы такія варыянты. Бо ў беларускай мове для абазначэння колеру, здаецца, існуе толькі прыметнік чырвоны. З павагай Людміла і Мікалай НАВУМАВІЧЫ, Салігорск
Шаноўныя Людміла і Мікалай, паралельнае суіснаванне прыметнікаў чырвоны і красны ў складзе назваў паселішчаў характэрна не толькі для тэрыторыі Салігорскага раёна, але і для іншых рэгіёнаў Беларусі (Барысаўскі, Бярэзінскі, Дзяржынскі, Мінскі, Лагойскі раёны Мінскай вобласці; Докшыцкі, Мёрскі, Ушацкі, Шаркоўшчынскі раёны Віцебскай вобласці, Асіповіцкі, Глускі, Клімавіцкі, Мсціслаўскі раёны Магілёўскай вобласці і іншыя). Гэта асаблівасць мае гістарычнае тлумачэнне. У старажытнасці ў мове ўсходніх славян слова “красный” мела значэнне прыгожы, прыемны: красное место, красный двор, красное село, красная горка. Для абазначэння чырвонага колеру ў той час, як правіла, выкарыстоўвалася слова “червленый”. Слова “красный” шырока ўжывалася і ў больш позні перыяд: у старабеларускай мове (XIII—XVIII стагоддзі) яно мела некалькі значэнняў: прыгожы, цудоўны, добры, з дадатнымі якасцямі, выразны, вобразны (пра словы, мову), чырвоны (або карычневы з чырвоным адценнем), каляровы, афарбаваны, высокагатунковы. Найменне красны давалася ў старажытную пару паселішчам, якія засноўваліся ў прыгожым, жывапісным месцы, як правіла, на гары або ў месцах, дзе праводзіліся абрады. З прыходам хрысціянства менавіта на Красных горках будаваліся цэрквы і манастыры. Прыметнік чырвоны ў складзе тапонімаў пачаў замацоўвацца ў савецкі перыяд, ён сімвалізаваў рэвалюцыйную дзейнасць, сувязь з савецкай дзяржавай, сацыялістычным ладам. У выніку масавых перайменаванняў многія гістарычныя назвы былі заменены на штучныя, нематываваныя назвы з асновай чырвоны.