Калі ў хаце каравай
20.10.2011
—
Новости Культуры
Літаральна ва ўсіх рэгіёнах краіны весела і заможна прайшлі мясцовыя фэсты-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі”
З усіх святаў беларускіх, мусіць, найбольш багатыя на пачастункі менавіта восеньскія Дажынкі. Бо хлеб спрадвеку ўсяму галава, і нават, заўважалі ў народзе, “там рай, дзе ў хаце каравай”. Таму і цяпер у пашане даўняя традыцыя: адзначаць хлебаробскае свята ўсёй грамадой. Як вядома, сёлета Усебеларускія “Дажынкі-2011” ладзіліся ў Маладзечне. Такога ж кшталту святы прайшлі і па раёнах, у абласных цэнтрах. Зрэшты, і ў шэрагу моцных сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, і ў прыватных, фермерскіх гаспадарках арганізуюцца свае Дажынкі, на якіх ушаноўваюцца лепшыя працаўнікі, там можна паспрабаваць розных прысмакаў і добра павесяліцца.
Традыцыя выпякаць на свята Дажыначны каравай з мукі новага ўраджаю таксама жывая. У Маладзечне, напрыклад, вялізны трох’ярусны каравай, які важыў ажно 80 кілаграм і складаўся з 50 частак, урачыста, як ганаровага госця, правезлі па галоўнай вуліцы сёлетняй сталіцы Дажынак. Каравай выпякаўся на розных хлебазаводах Міншчыны, быў упрыгожаны каласамі. А ў вясёлай свіце “спадара каравая” было шмат дзяўчат у народных строях і ўборах з прыродных матэрыялаў, яго суправаджалі фальклорныя калектывы, творчыя дэлегацыі з абласцей.
Ці важкім атрымаўся сёлета супольны беларускі каравай? Нарыхтавана звыш 7 мільёнаў тон збожжа. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Усебеларускім фэсце-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2011”, сабранага зерня краіне дастаткова і на харчовыя, і на фуражныя мэты. Цалкам выкананы і нават перавыкананы дзяржзаказ. Так што сёлета мы — з добрым хлебам, і нават розных круп хопіць на ўсіх. На Дажынках ушаноўвалі камбайнераў, лепшыя з якіх намалочваюць на сучаснай тэхніцы за сезон звыш 5 тысяч тон зерня. Радуе і ўраджайнасць: сёлета звыш 300 гаспадарак перасягнулі рубеж у 40 цэнтнераў з гектара. А лідар па ўраджайнасці — сельгаскааператыў “Свіслач” Гродзенскага раёна: там узялі на круг па 86 цэнтнераў! Дарэчы, за 80 цэнтнераў з гектара, як і ў лепшых сельгаспрадпрыемствах Германіі, Францыі і ЗША, бяруць і ў іншых гаспадарках краіны. Увогуле ж па ўраджайнасці зерневых культур у Беларусі традыцыйна наперадзе Гродзеншчына.
Свой важкі ўнёсак у беларускі каравай зрабілі сёлета і сельскія працаўнікі Лёзненшчыны, аднаго з раёнаў Віцебшчыны. На фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2011” у гарадскім пасёлку Лёзна хлебаробы радаваліся: сёлета на палях раёна сабрана звыш 53 тысяч тон збожжа — у паўтара раза больш, чым летась. Павышаецца і ўраджайнасць. Асабліва ж упэўнена штогод прыбаўляе ў вазе каравай у гаспадарках “Чкалаўская”, “Кляўцы”, “Выдрэя”. Што ў Лёзне ўмеюць не толькі працаваць добра, але і весяліцца на Дажынках — тое відаць і на фотаздымку, зробленым пад час свята.
Іван Іванаў