Як слова наша адгукнецца

Источник материала:  
Як слова наша адгукнецца

Больш за 500 літаратараў з розных краін свету прымаюць удзел у ІІ з’ездзе пісьменнікаў Беларусі.

Учора ён распачаў сваю работу ў Мінску. Віншаванне ўдзельнікам пісьменніцкага з’езду накіраваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

У ім, у прыватнасці, гаворыцца: “Ваш саюз дастойна выконвае важную місію згуртавання лепшых творчых дзеячаў, якія жадаюць прысвяціць свой талент i майстэрства самаадданаму служэнню нашаму народу. Мастацкае слова адыгрывае вялікую ролю ў грамадстве. Кніга — гэта не толькі крыніца пазнання свету, але i мудры выхавальнік, нястомны настаўнік. Таму дзяржава будзе заўсёды спрыяць дзейнасці пісьменнікаў, чые творы сцвярджаюць сапраўдныя маральныя i эстэтычныя каштоўнасці, вучаць чытачоў любіць сваю Радзіму, ганарыцца яе гісторыяй i культурай. За апошні час ваша творчае аб’яднанне стала надзейным калектывам аднадумцаў, які з годнасцю прадаўжае традыцыі знакамітых прадстаўнікоў беларускай літаратуры. Няхай i надалей члены саюза ўзбагачаюць нашу духоўную скарбніцу высокамастацкімі творамі, адкрываюць свету новыя імёны паэтаў i празаікаў. Жадаю вам моцнага здароўя, невычэрпнага натхнення, шчасця i дабрабыту”.На форум прыехала нямала замежных гасцей. Паэты і пісьменнікі з Расіі, Сербіі, Балгарыі, Сірыі, Чэхіі, Літвы, Латвіі, Азербайджана, Турцыі. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец адзначыў, што саюз сёння гуртуе пад сваім крылом літаратараў з высокім мастацкім густам, якія ў сваіх творах усебакова адлюстроўваюць падзеі сучаснасці і мінулага, дапамагае папулярызаваць іх у свеце. І гэта мае свой плён. За пяць гадоў саюзам выдадзена больш за 1200 кніг паэзіі, прозы, дзіцячай літаратуры, крытыкі, літаратуразнаўства, дакументалістыкі. У будучым гэту лічбу плануецца патроіць. Айчыннымі выданнямі цікавяцца за межамі Беларусі: адзінаццаць універсітэтаў ЗША ўжо накіравалі ў арганізацыю заяўкі на кнігі з серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”, якая ўключыла творы класікаў айчыннай літаратуры і маладых літаратараў. Усяго выдадзена 100 такіх кніг. Яны выклікалі цікавасць і ў кітайскіх калег. — Саюз пісьменнікаў вырас з кароткіх штонікаў і зараз будзе вырашаць глабальныя пытанні, якія тычацца літаратуры, — адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. — За пяць гадоў існавання арганізацыі колькасць яе сяброў павялічылася ў пяць разоў — да 600 чалавек. Самы важны паказчык літаратурнай працы — гэта кнігі. І калі не ўсе выдадзеныя сябрамі Саюза пісьменнікаў Беларусі кнігі прэтэндуюць на званне шэдэўра ў нацыянальным кнігавыдавецтве, то сказаць, што ў кожнай з іх ёсць свой чытач, можна з упэўненасцю. На думку Мікалая Чаргінца, усе творы, выдадзеныя членамі галоўнай пісьменніцкай арганізацыі краіны, будуць запатрабаваныя. “Самыя значныя творы апошніх гадоў выйшлі з-пад пяра Васіля Ткачова, Віктара Праўдзіна, Уладзіміра Гніламёдава, Алеся Марціновіча і многіх іншых”, — адзначыў Мікалай Чаргінец. Асаблівая ўвага сёння — літаратуры для юнага пакалення. Складана ўспомніць пісьменніка, які б абышоў дзіцячую тэматыку. І правільна. Дзеці — самыя ўдзячныя чытачы. Сёння шэраг гэтых імён працягваюць Мікола Чарняўскі, Валянцін Лукша, Алена Масла, Уладзімір Мазго, Міхась Пазнякоў, Галіна і Сяргей Трафімавы.“У нас быў страчаны на нейкі час смак да кнігі, магчыма, па віне саміх пісьменнікаў, па віне выдавецтваў, якія абавязаны займацца прапагандай кнігі, — прызнаўся Мікалай Чаргінец”. І дадаў, што той ганарар, які атрымлівае пісьменнік, не дае магчымасці прафесійна займацца пісьменніцтвам. Трэба ўзнімаць аўтарытэт пісьменніка.

Бліцапытанне

Карэспандэнт “НГ” пацікавілася ў удзельнікаў пісьменніцкага форуму: “Як вы ацэньваеце стан сучаснай літаратуры? Над чым зараз працуеце?”

Павел САКОВІЧ, пісьменнік:— Крызіс у эканоміцы не так хутка адбіваецца на літаратуры. Пісьменнікі зараз асэнсоўваюць яшчэ тое, што адбылося ў нашай гісторыі раней. Сёння становіцца больш складана выдаць кнігу. Кошт паперы, дарагія паліграфічныя паслугі робяць кнігу менш даступнай. Многія сучасныя пісьменнікі не маюць магчымасці выдаць свае творы, таму даводзіцца працаваць “у стол”. І чакаць лепшых часоў або спонсара. Зараз працую над кнігай гумару для дзяцей і дарослых “Выбрыкі Пягаса”.

Чынгіз АБДУЛАЕЎ, пасол Азербайджана ў Беларусі, навуковец і літаратар:— Лічыцца, што раней стваралася вялікая савецкая літаратура, а зараз нічога добрага не ствараецца. Нельга так гаварыць. Проста сталі менш чытаць. У савецкія часы літаратура замяняла рэлігію. А сёння пісьменнікі згубілі свой былы статус. Але нягледзячы ні на што, літаратура не можа памерці. Пакуль жывы чалавек, літаратура будзе існаваць!

←Вам задание

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика