Эпатажныя паэткі, "віртуальныя" пісьменнікі... З чым сутыкаецца сучасная літаратурная моладзь?

Источник материала:  
15.10.2011 10:59 — Новости Культуры

Эпатажныя паэткі, "віртуальныя" пісьменнікі... З чым сутыкаецца сучасная літаратурная моладзь?


Гэта, магчыма, не модная прафесія і не грашовы занятак. Гэта тое, чым сёння моладзь займаецца больш для душы і па поклічу сэрца. Калі сапраўды не могуць не пісаць — і таму пішуць. Яны ідуць сваім шляхам, і часта нават імкнуцца паказаць, што пачынаюць сваю літаратуру сёння. Яны не глядзяць на старэйшых, ім важныя думкі, якія вярэдзяць розумы іх пакалення. Ім важна сказаць. І ім важна, каб пачулі не толькі старэйшых, чые імёны больш на слыху. Ім важна, каб слухалі, чыталі іх. Ім важная сама магчымасць прыйсці да чытача. Як?

Гэтыя пытанні абмяркоўваліся на "круглым стале", прысвечаным існаванню маладой беларускай літаратуры. А яна сапраўды ёсць незалежна ад нашых ведаў пра яе.

Алесь Бадак, галоўны рэдактар часопіса "Нёман", кіраўнік секцыі па рабоце з моладдзю пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі:

— Маладая літаратура надзвычай разнастайная і цікавая, такой яна ў нас ніколі не была. Можна ўспомніць дваццатыя гады мінулага стагоддзя і адразу перанесціся на 100 гадоў, у наш час. У нас ёсць такі феномен, як маладая беларуская паэзія і проза. Я быў у Гродне, дзе праходзіла першая нарада маладых пісьменнікаў Беларусі і Расіі. Мы запрашалі беларускіх маладых аўтараў па адным чалавеку з кожнай вобласці і з Мінска, былі літаратары з Расіі. Мы абмяркоўвалі сітуацыю ў маладой літаратуры як Беларусі, так і Расіі, аказалася, што ў нас яна намнога лепшая і цікавейшая. У нас ёсць часопіс "Маладосць", ёсць дзе гуртавацца. А тыя ж маладыя расійскія пісьменнікі і празаікі ў асноўным рынуліся ў інтэрнэт, яны ў вялікай краіне выдаюць кніжкі прыкладна такім жа тыражом, як нашы маладыя — 500 экзэмпляраў на ўсю Расію. Яны былі вельмі здзіўленыя, калі паслухалі нашых маладых літаратараў пра сітуацыю ў маладой літаратуры Беларусі.

Сапраўды, літаратура вельмі разнастайная, вельмі цікавая. Нягледзячы на тое, што літаратура маладая, яна даўно не шукае шлях на бальшак, які шукала ў 20-м стагоддзі, калі для чалавека выдаць кніжку паэзіі ці прозы азначала знайсці шлях у вялікую літаратуру. Сёння гэты шлях іншы. Ды ці ёсць зараз гэты бальшак?.. Але ад гэтага колькасць маладых пісьменнікаў не паменшылася, яны вельмі цікава пішуць. Той, хто чытае часопіс "Маладосць", у гэтым пераканаецца.

Таццяна Сівец, галоўны рэдактар часопіса "Маладосць", пісьменніца:

— Наш холдынг "Літаратура і мастацтва" вельмі актыўна бярэцца за працу з моладдзю. Мы разумеем, што ад таго, як сёння выйдзе першая кніжка маладога чалавека, залежыць яго далейшы шлях у літаратуру. Як пяцьдзесят гадоў таму выходзілі першыя кніжкі нашых сённяшніх класікаў, так мы спадзяемся, што кніжкі Маргарыты Латышкевіч, Ганны Федарук, Арцёма Кавалеўскага і іншых, каго друкуе сённяшняя "Маладосць", калісьці будуць першымі нізкамі вядомых беларускіх аўтараў. Таму сёння мы не пабаяліся пераменаў. Маладосць — гэта час, калі не трэба баяцца нічога, нават пэўных памылак, пэўных рухаў у бок, але галоўнае — рухацца. Галоўнае — не ісці назад. Таму мы вырашылі паказаць твар нашай маладой літаратуры. З шостага нумара мы змяшчаем на вокладцы твар маладога аўтара — прыгожы, таленавіты. Каб зразумець, чым адрозніваецца сённяшняя наша вокладка ад вокладак гламурных часопісаў, якія стаяць паўсюль у шапіках, трэба паглядзець герою ў вочы. Яны не пустыя, а разумныя, дасціпныя. І самае галоўнае, што за гэтым тварам стаіць творчасць — нізка вершаў альбо раман. Мы прасоўваем гэтую ідэю. Каб ніхто з чытачоў на якой-небудзь творчай сустрэчы не мог сказаць, што наша літаратура закончылася на ўзроўні Купалы, Коласа, Багдановіча. Нашы творцы жывуць і працуюць сёння. Ведаю, што студэнты актыўна пачалі чытаць часопіс. Таму што можна даведацца не толькі пра тых, хто піша, але і адкрыць нешта цікавае і карыснае для сябе. Нашы аўтары — як правіла, вельмі сціплыя. "Маладосць" — для тых, хто друкуецца ўпершыню. Але "Маладосць" не толькі часопіс, маладосць — гэта стыль жыцця.

Ірына Шаўлякова, літаратуразнаўца, крытык, начальнік упраўлення навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі:

— Важна паспрабаваць зразумець, што ўяўляе сабой маладая беларуская літаратура. Моладзь самадастатковая, ці яна спрабуе шукаць пераемнасці з папярэднікамі, ці наадварот знаходзіццца з імі ў стане канфлікту? Рыса, уласцівая маладой літаратуры — спробы адарвацца ад традыцый. Наватарства немагчымае без традыцыі, але ёсць час, калі традыцыя павінна творча пераасэнсоўвацца ці пераадольвацца, толькі ў такім сэнсе яна будзе жыць.

Сустрэчы з чытачамі, са школьнікамі паказваюць, што яны нават не столькі ведаюць класікаў (па вучэбным курсе), яны лепш арыентуюцца ў масліце ці квазілітаратуры. Яшчэ адна асаблівасць заключаецца ў тым, што беларускую маладую паэзію, асабліва авангардысцкага кшталту лепш ведаюць замежнікі, якія цікавяцца ўсёй літаратурай. Даступная яна як з'ява актуальнай культуры якраз у замежных перакладах. Маю на ўвазе актывізацыю шэрагу перакладчыкаў, якія выдаюць калектыўны, радзей індывідуальныя зборнікі — на нямецкай, шведскай, фінскай мовах, на ўкраінскай, менш на рускай. Цікава і тое, што абноўленая рэдакцыя часопіса "Маладосць" вырашыла змагацца з эпохай шоу-цэнтрызму яе ж зброяй. Калі нельга цалкам перамагчы цягу юнага чытача да гламуру, то трэба гэты гламур падпарадкаваць высокім мэтам. Я буду рада, калі такая культурніцкая стратэгія будзе мець яшчэ і літаратурны плён. Мне як крытыку падаецца, што паэты і празаікі мусяць ад самага пачатку адразу хаўрусавацца з крытыкамі, ці вырошчваць у сваім асяродку "ўніверсальных салдат", якія могуць пісаць не толькі паэзію і прозу, але і прапагандаваць на мове сучаснай моладзі тое, чым яна жыве.

Яшчэ адзін аспект: ведаючы праблемы выжывання традыцыйных друкаваных СМІ, варта падумаць, якой можа быць разумная стратэгія ўварвання найноўшай маладой літаратуры ў сеціва. Ёсць неабходнасць стварэння парталу, дзе была б і проза, і паэзія, і крытыка, якія вельмі неабходныя маладым літаратарам...

Віка Трэнас, рэдактар аддзела паэзіі часопіса "Маладосць".

— Ёсць розныя праблемы культурнага характару: праблема ўзаемадзеяння соцыуму і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, праблема ўзаемадзеяння розных пакаленняў пісьменнікаў. Але зараз, у ХХІ стагоддзі, пісьменніцтва і для маладых, і для старэйшых — не прафесія. Не той занятак, які прыносіць грошы. Гэты момант таксама замаруджвае працэс развіцця літаратуры, таму што цяперашняя моладзь вельмі прагматычная. Яна зацікаўленая ў тым, каб інтэлектуальны прадукт, які з'яўляецца плёнам цяжкай інтэлектуальнай працы, быў адрэфлексаваны належным чынам з боку літаратурнай крытыкі. Маладым крытыкам у нас цяжка — у нас няма літаратурнай школы. Мы можам назваць асобных прадстаўнікоў літаратурнай крытыкі ці паэтаў, якія пішуць крытыку. У нас вельмі мала новых вялікіх празаічных твораў, якія з'яўляюцца падмуркам літаратуры. Вялікай падзеяй стала з'яўленне рамана Надзеі Статкевіч "Папялішча". Маладая дзяўчына зрабіла спробу напісаць гістарычны раман. З яе публікацыі мы пачалі перамену фармата ў "Маладосці". Каб такога было больш, трэба думаць пра прагматычны бок справы.

Літаратура на дадзеным этапе існуе пры панаванні масавай культуры, трэба неяк уводзіць яе ў гэты кантэкст. Для таго, каб гэта зрабіць, патрэбныя ўкладанні, як у любой індустрыі. Для таго, каб стварыць электронны рэсурс, патрэбныя тысячы долараў. Каб рэалізаваць нешта духоўнае, трэба падключыць нешта матэрыяльнае.

Маргарыта Латышкевіч, маладая паэтка, крытык:

— Магу сказаць пра сябе: калі я крытык, то самы жорсткі і жудасны перш за ўсё для сябе. Астатніх крытыкаваць праблематычна, таму што я не магу поўнасцю пагрузіцца ў сітуацыю, якая выклікала ў чалавека пачуцці, з якімі быў складзены гэты канкрэтны твор. Я не кажу, што паэт не можа пісаць крытыку. Багдановіч быў выбітным крытыкам. Але мне здаецца, што крытыку неабходны жыццёвы досвед. Як ёсць талент паэта, празаіка, так ёсць і талент крытыка. Мне вельмі хочацца чытаць крытыку. Каб пачытаўшы пэўны артыкул, я магла арыентавацца ў літаратурных навінках, якія трэба прачытаць. Калі ты пішаш, трэба мець водгук ад дасведчаных людзей, каб зразумець, што ты зрабіў няправільна. І добра, калі цябе тыцкаюць носам у твае ўласныя хібы. А як інакш навучыцца? Кажуць, што нельга навучыць пісаць, але пісаць можна навучыцца. Дапамагаць навучыцца можа крытык — лепей злы.

Арцём Кавалеўскі, паэт, выкладчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ.

— Школа крытыкі як пэўная творчая майстэрня прысутнічае ў Беларусі. Курс такі чытаецца на нашай каферды, але гэта вузкі курс, ён не вучыць чалавека пісаць крытыку. На мой погляд, трэба павялічыць маштаб майстар-класаў, калі б студэнты пісалі крытыку, а не толькі вывучалі гісторыю яе станаўлення. Хацелася б, каб гэта былі творчыя майстэрні, каб прыходзілі пісьменнікі і паэты. Цяпер у Інстытуце журналістыкі адкрыта новая спецыяльнасць: "Літаратурная работа. Творчасць". Мы мусім рыхтаваць паэтаў, празаікаў, пісьменнікаў, драматургаў. І тут выявілася праблема: цяперашняе маладое пакаленне не ведае мовы, праз гэта яны аддаляюцца ад уласнай літаратурнай творчасці.

Маргарыта Аляшкевіч, літаратурны крытык, выкладчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ.

— У нас ёсць такія праблемы: звужаюцца прасторы беларускай мовы. Каб падтрымаць цікавасць да беларускамоўнай творчасці, мы запусцілі на нашай кафедры на журфаку творчую лабараторыю крытыкі. Мы запусцілі літаратурны конкурс для студэнтаў. Ён прайшоў у пяці намінацыях: паэзія, проза, крытыка, пераклад, драматургія. З крытыкай быў самы правал. Але ў цэлым усё прайшло плённа, былі ўдзельнікі з розных ВНУ. Будзем працягваць, каб прадставіць беларускую літаратуру маладым.

На мой погляд як крытыка, за лета выйшлі чатыры цікавыя кніжкі маладых творцаў: Віталя Рыжкова "Дзверы, замкнёныя на ключ", Ігара Кулікова "Паварот на мора", Марыйкі Мартысевіч "Амбасада" і Антона Францішака Брыля "Не ўпаў жолуд". Рукі свярбяць напісаць пра гэтых перспектыўных аўтараў. Ёсць ідэі, як прасоўваць літаратуру сёння. У мяне разам з літаратаркай Аленай Беланожкай, якая дэбютавала ў "Маладосці", быў запланаваны цыкл выступаў па начных клубах, ледзьве не са стрыптызам, прычым мужчынскім. Не літаратарам прапаноўвалася распранацца, але думалі спалучыць літаратуру і эпатаж: трэба ісці насустрач маладосці. Аказалася, што зняць слуп — дорага, наняць стрыптызёраў — дорага. А да ўсяго выпусціць каляровую кніжку на добрай паперы — дорага. І Алена Беланожка са сваёй кніжкай пад назвай "Эротыка" чакае... Кніжка гатовая, але няма грошай яе выдаць. Крэдыты ў банку на выданне кніжак, на жаль, не выдаюць. Можа быць, пагаварыць з Міністэрствам культуры, каб нам вылучалі крэдыты на кніжкі?..

←Сегодня исполняется 35 лет народному артисту России Николаю Баскову

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика