Пісьменнік – апостал ісціны?

Источник материала:  
17 КАСТРЫЧНІКА ў Мінску адкрыецца з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі. Што чакаюць нашы літаратары ад гэтага форуму? З якімі праблемамі сутыкаюцца ў сваёй практыцы? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту “БН” адказаў дэлегат з’езду, беларускі пісьменнік і публіцыст з вёскі Пятрылава, што на Вілейшчыне, Леанід ЛЕВАНОВІЧ:

— Па-першае, хочацца сказаць пра яўную недаацэнку ролі мастацкай літаратуры ў жыцці грамадства. А між тым літаратура была, ёсць і будзе хлебам мастацтва. Гэта факт. Напрыклад, на верш Янкі Купалы “Спадчына” злажылі аднайменную песню, па рамане Івана Мележа “Людзі на балоце” на БТ з’явіўся шматсерыйны тэлефільм, а Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” зняла мастацкую стужку. А колькі мастакоў удзельнічала ў аздабленні ілюстрацыямі кніг нашых аўтараў!

Літаратар дае працу для рэжысёра, акцёра, графіка і іншых прадстаўнікоў творчых прафесій. Атрымліваецца, пісьменнік цягне на сабе ўвесь воз культуры. Дык яму ж трэба дапамагаць, а не ставіць палкі ў колы!

Ад недаацэнкі ролі пісьменніка вынікае слабая прапаганда твораў літаратуры. Глядзіце, маё першае апавяданне было надрукавана ў красавіку 1963 года, калі я быў яшчэ студэнтам БДУ, у газетах “Советская Белоруссия” і ў “Сельской газете” (у наш час — “Белорусская нива”). Ці бачым мы сёння на старонках газет творы маладых аўтараў? Месца хапае на ўсё, але для літаратуры яго няма. Гэта ж тычыцца рэцэнзій (крытыкі) на новыя кнігі…

Часам можна пачуць: жыццё звольніла пісьменніка з “пасады” апостала ісціны. Не магу пагадзіцца з такім меркаваннем. Людзі павінны цягнуцца да кнігі, да якаснай літаратуры. Пераконваюся ў гэтым, калі сустракаюся са сваімі чытачамі. Але чаму беларускіх пісьменнікаў чытаюць мала?

Аднойчы я ехаў у аўтобусе, а мая спадарожніца трымала ў руках кнігу раскручанай маскоўскай аўтаркі.

— Ці чытаеце вы беларускіх пісьменнікаў? — запытаўся я.

— На жаль, не. Баюся расчаравацца, — адказала жанчына.

Тут закладзена праблема выдання кніг. Яна складаная. Выдаўцы патрабуюць дакументальна пацвярджаць, што тыраж будзе раскуплены. А калі і друкуюць — наклад невялікі. Здаецца, у нас выдаюцца графаманы, у якіх проста ёсць грошы! У мяне, напрыклад (а я аўтар 15 кніг), апошняя кніга пабачыла свет у 2009 годзе тыражом у 1100 асобнікаў. Гэта раман “Палыновы вецер” — шосты ў цыкле “Прыдняпроўскія хронікі”. Падрыхтаваны да друку і іншыя кнігі. Яны чакаюць свайго часу. Адсюль жа вынікае і праблема перакладу беларускамоўных кніг на іншыя мовы свету, найперш — на рускую. Памятаю, як маскоўскае выдавецтва “Советский писатель” друкавала некалькі кніг беларусаў у год. Цяпер жа пісьменнікам даводзіцца перакладаць свае творы самім, а потым яшчэ і “прасоўваць” на літаратурны рынак…

Прапаную на з’ездзе абвясціць наступны, юбілейны для нашых Купалы і Коласа 2012 год — Годам беларускай мовы. Упэўнены, гэта паспрыяе пашырэнню ўжытку роднай мовы ў грамадстве. Са мной, дарэчы, пагаджаюцца мае чытачы.

Чытачам жа “Белорусской нивы” жадаю, каб на стале заўжды быў бохан хлеба і кніга.

Таццяна Ускова, "БН"

←“Пенсіянеры” ці “салдаты”?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика