Беларусы — як карняплоды
З 14 па 31 кастрычніка галерэя Беларускага саюза дызайнераў запрашае на фотавыставу мастака, паэта і публіцыста Міхаіла Анемпадыстава Under Ground, якая прысвечана… карняплодам.
На здымках можна будзе ўбачыць і бульбу, і буракі, і тапінамбур, і рэпу. «Тут ёсць амаль усе традыцыйныя на працягу тысячагоддзяў складальнікі нашай гастранамічнай культуры, — кажа аўтар. — Прасцей пералічыць, чаго яшчэ не хапае. Гэта цыкорый, турнэпс, цукровы бурак, корань аера, кервель. Але іх планую яшчэ дадаць да праекта».
Мастак працаваў над выставай Under Ground каля двух гадоў. З некалькіх сотняў здымкаў было абрана 20, якія і можна ўбачыць на выставе. Праект стаў вынікам спачатку выключна мастацкай працы над фотаздымкамі карняплодаў, якая перарасла ў цэлы культуралагічны праект.
«Карняплоды мне заўсёды падабаліся: сваёй формай, колерам, фактурай, — распавёў Міхаіл Анемпадыстаў Naviny.by. — Гляджу — ну якая прыгажосць! І так танна каштуе, і цэлымі мяшкамі прадаецца на базары. Дарэчы, нават зваленыя ў кучу на базары карняплоды таксама выглядаюць прыгожа, фактурна. Спачатку я іх проста здымаў. Калі робіш у вялікім фармаце здымкі буйных планаў карняплодаў з-за мікраэстэтыкі паверхні атрымоўваецца сапраўдны мастацкі твор».
Да мастацкіх твораў пасля дадаўся гістарычны і культурны аспект. «Паглыбіўся так, — прызнаецца аўтар, — што культуралагічная частка даследвання зрабіла выставу цэльным вялікім праектам. Нават з прэтэнзіяй на нацыянальны маркер. Бо мы, беларусы, вельмі падобныя на гэтыя карняплоды. Невыпадкова цягам стагоддзяў нас называлі і баціняжамі, і бурачкамі, і бульбашамі. Ёсць у нас нешта такое — мы схаваныя, мы самі ў сабе. Нехта нядаўна заўважыў, што у расіян шмат эмацыйных слоў, якія абазначаюць адкрытую вялікую прастору — напрыклад, “раздолье”. А ў беларусаў такіх слоў няма — у нас проста «прастора». Затое у нас ёсць глыбіня. Вось беларусы, як карняплоды, скіраваныя у глыбіню. Суцэльная метафізіка: карняплоды растуць у адваротным накірунку, усё цягнецца ўверх, а яны — долу, не бачаць сонцу, а з іншага боку — акумулююць сонца сваёй верхняй часткай».
Па словах Анемпадыстава, дадзены праект паказвае, што наша гародніна мае не толькі гастранамічную, але і культурна-гістарычную і эстэтычную вартасць: «Карняплоды маюць геніяльна прыгожыя формы. Яны ўтульныя і надзейныя, а часам дзёрзкія і нават эратычныя».
Як тлумачыць Анемпадыстаў, тое, чым ён займаецца — так званы антрапалагічны дызайн. «Ён з аднаго боку звязаны з дызайнам, мастацтвам праектавання, а з іншага — шмат чаго выкарыстоўвае з антрапалагічнай культуралогіі. Гэта такія трансдысцыплінарныя веды, дзе гісторыя пераплятаецца з гастраноміяй, аграноміяй, культурай, філалогіяй. І нечакана на такіх стыках знаходзіцца вельмі шмат цікавага матэрыяла».
Пра кожны з прадстаўленых на выставе карняплодаў у Анемпадыстава ёсць свая гісторыя.
«Напрыклад, рэпа — старэйшы і адзіны карняплод, які паходзіць менавіта з нашых земляў, — кажа ён. — Усе астатнія — завезеныя, а яе радзіма — Усходняя Еўропа. І рэпку пачалі вырошчваць яшчэ ў эпоху неаліту, ёй каля чатырох (!) тысяч год. Калі задумацца, сапраўдны артэфакт, а ён — усё той жа жывы арганізм, і яго можна проста набыць на базары».
Нагадвае мастак і пра казку пра рэпку, дзе фактычна паказана мадэль родаў. Наогул рэпа можа смела звацца родавым татэмам, «гіганцкай рэпкай, ад якой мы і нарадзіліся».
Ёсць у Анемпадыстава і тлумачэнне таго, чаму беларусаў клічуць бульбашамі. Падрабязней ён абяцае распавесці непасрэдна на адкрыцці выставы. Пакуль кажа толькі, што гэта дакладна не з-за любові да бульбы: «Гэта мянушка не звязана з бульбай. Гэта проста феерычны каскад гістарычных памылак, якія цягнуцца аж з XVIII стагоддзя. Перад гэтым нас у сярэднявечча называлі бацвіняжамі — ад бацвіння, якое расце зверху над бурачком, пасля звалі бурачкамі. А бурачок — сімвал шляхты. Недарэмна Францішак Багушэвіч узяў сабе такі літаратурны псеўданім, як Мацей Бурачок».
І так можна распавядаць пра кожны карняплод, заўважае аўтар праекту: «І ўсё складаецца ў вялікую цікавую гісторыю».
Як прызнаецца Анемпадыстаў, калі будуць грошы, можна будзе падумаць і пра выданне альбому, прысвечанаму культуралагічнаму даследаванню карняплодаў.
Прэзентацыя выставы Under Ground адбудзецца 14 кастрычніка ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў (Мінск, вул. Брылеўская, 14) у 18.00.
Вольга ПРУДНІКАВА