Галоўны прыз «Тэатральнага куфара» атрымалі расіяне

Источник материала:  
02.10.2011 17:22 — Новости Культуры

Маладзёжны тэатр-студыя «Галёрка» з Екацярынбурга (Расія) стаў уладальнікам «Вялікага куфара» — прыза глядацкіх сімпатый, галоўнай узнагароды на VIII Міжнародным фестывалі студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар», паведамляе БелаПАН.

Галоўны прыз «Тэатральнага куфара» атрымалі расіяне

Прыз за лепшую сцэнаграфію журы конкурснай праграмы прысудзіла тэатру Вільнюскага ўніверсітэта Minimum (Літва) за спектакль «Марафон», лепшай рэжысёрскай работай прызнана пастаноўка «Сіняя барада — надзея жанчын» Карэн Фраўмаер з тэатра Рурскага ўніверсітэта Studiobühne (Германія).

У намінацыі «Лепшая актрыса» прыз атрымала артыстка тэатра-студыі «Галёрка» Ірына Сальнікава за ролю ў спектаклі «Гупёшка». Лепшым акцёрам прызнаны Каспарс Котанс са студэнцкага тэатра Універсітэта Латвіі, які сыграў у пастаноўцы «У полымі цемры». Лепшым акцёрам другога плана стаў артыст тэатра студыі «7-мы паверх» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Васіль Байдак за ролю ў спектаклі «Цудоўны касцюм».

Апрача галоўных узнагарод партнёры і арганізатары фестывалю таксама заснавалі шэраг спецыяльных прызоў. Так, прыз «За інавацыю і крэатыўнасць» атрымаў тэатр Panaceia Delirante Федэральнага ўніверсітэта Баі (Бразілія), «Лепшы ансамбль» — тэатр Branko Krsmanovic Бялградскага ўніверсітэта (Сербія), «Лепшая крэатыўная адаптацыя» — тэатр PS09 Вільнюскага ўніверсітэта прыкладных навук (Літва). Спецыяльны прыз ад Сучаснага мастацкага тэатра атрымалі тэатры «7-мы паверх», бразільскі тэатр Panaceia Delirante і тэатр «Сатрап» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Прызы за камічнасць атрымалі Дзмітрый Сарокін («Сатрап») і Барыс Богдан («Тэатр Міжволі» Маладзёжнага цэнтра Нарвы, Эстонія).

Дырэктар фестывалю Кацярына Саладуха ў інтэрв'ю БелаПАН выказала меркаванне, што на фоне замежных студэнцкіх тэатраў беларускія калектывы выглядалі ніколькі не горш. «Вельмі парадавалі беларускія ўдзельнікі, таму што наша праграма ні ў якай меры не саступала замежным тэатрам, гэта адзначалі і члены журы — прадстаўнікі розных краін, арганізатары, тэатральныя крытыкі», — зазначыла яна.

У цэлым, паводле слоў Саладухі, паказаўшы якасную тэатральную праграму, фестываль прайшоў паспяхова.

Усяго на працягу фестывальнага тыдня было паказана 28 пастановак ад тэатраў з 15 краін — Беларусі, Бразіліі, Германіі, Грузіі, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Марока, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славеніі, Украіны і Эстоніі. Спектаклі праходзілі на сцэнах Палаца культуры прафсаюзаў і актавай залы Ліцэя БДУ.

Сёлетні фестываль быў прысвечаны 90-годдзю БДУ. Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця міністр культуры Беларусі Павел Латушка, «гэтае свята можна абазначыць дэвізам «Маладыя. Актыўныя. Крэатыўныя». Ён асабліва падкрэсліў вялікую колькасць удзельнікаў студэнцкага тэатральнага форуму, якому, паводле слоў Латушкі, могуць толькі пазайздросціць прафесійныя міжнародныя тэатральныя фестывалі.



←На фестивале авагрардной моды в Минске показали платья «из журналов»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика